Як зрабіць так, каб, яшчэ не пераступіўшы парог кватэры пацыента, урач ужо ведаў усю інфармацыю пра яго? У Пінску прыдумалі, як ажыццявіць ідэю з дапамогай папулярных гаджэтаў

Планшэт-памочнік

Хуткая дапамога павінна быць сапраўды хуткай. І размова не толькі пра філіграннае манеўраванне ў патоку гарадскіх пробак і хуткім пошуку патрэбнага дома. Як зрабіць так, каб, яшчэ не пераступіўшы парог кватэры пацыента, урач ужо ведаў усю інфармацыю пра яго? У Пінску прыдумалі, як ажыццявіць ідэю з дапамогай папулярных гаджэтаў. 


Днём рух у цэнтры горада звычайна павольны. Нават шырокая, здавалася б, Першамайская не можа змясціць усе аўтамабілі. Мы пад’язджаем да традыцыйнага затору ля чыгуначнага пераезду, і падаецца, што далей “хуткая дапамога” не зрушыцца ні на метр. Але па меры набліжэння да пуцей іншыя аўтамабілі прымаюць правей, і ўрачэбны “бус” усё ж павольна прасочваецца ў цэнтральную частку горада. З выязной брыгадай мы спяшаемся на плошчу Кірава — адтуль на станцыю паступіў выклік. Пажылая пінчанка скардзіцца на арытмію, а таму прыехаць на месца трэба як мага хутчэй. 
На пярэднім сядзенні “хуткай” — малады ўрач Валянцін Троцкі. На выездах другі год. І калі раней, едучы да пацыента, ён меў зносіны больш з калегамі — фельчарам і вадзіцелем, то цяпер па дарозе на выклік яго ўвага засяроджана на электронным планшэце. Малады медык дастае яго ў пробцы і адрывае погляд ад экрана, толькі калі мы пад’язджаем да патрэбнага дома. Валянцін заўважае цікавасць да ўстройства і тлумачыць: пакуль ехалі на адрас, яму ўжо ўдалося вывучыць усю інфармацыю пра будучую пацыентку. 

З канца мінулага года ў Пінску працуе электронная інфармацыйная база ўсіх гарадскіх і раённых устаноў аховы здароўя. Валянцін тлумачыць: гэта значыць, што цяпер картку пацыента вядуць не толькі на паперы, але і на спецыяльным серверы. На ім захоўваецца інфармацыя аб зваротах у цэнтральную, 1-ю гарадскую і дзіця-чую паліклінікі. Ёсць у базе таксама звесткі аб візітах у гарадскую і дзіця-чую бальніцы. І ўсе яны даступныя ўрачам хуткай дапамогі: дастаткова зайсці на сервер базы і ўвесці свае лагін і пароль. 

Урач паказвае планшэт. Сапраўды, на дысплеі высвечваюцца прозвішча, імя і імя па бацьку жанчыны, да якой мы едзем. Там таксама ўказаны яе адрас, узрост і сацыяльны статус — пенсіянер. На асобнай укладцы значацца нядаўнія наведванні паліклінікі і дыягназы, якія па выніках візітаў ставілі дактары. Але ўся гэтая інфармацыя выключна тэрапеўтычнага характару. Дадзеныя накшталт візітаў да нарколага, венеролага ды іншых “далікатных” урачоў тут не адлюстроўваюцца. Дастаткова таго, што дапаможа эфектыўней і якасней аказаць дапамогу пацыенту. І гэта якраз дыягназы такіх спецыялістаў, як тэрапеўт, хірург, алерголаг ды іншыя. Валянцін заўважае, што на арытмію пацыентка скардзіцца не ўпершыню. Таму наўрад ці будзе ісці размова аб змяшчэнні ў стацыянар. Дапамогу жанчыне акажуць дома. 

Мы прыбываем на месца, брыгада ідзе да пацыенткі і вяртаецца праз дваццаць хвілін. Валянцін Троцкі ўсміхаецца: у чарговы раз электронная база даказала сваю эфектыўнасць. Бабуля не змагла ўспомніць, калі ў апошні час звярталася па дапамогу да дактароў. І асвяжыць памяць дапамагла толькі інфармацыя з планшэта. Такіх выпадкаў было нямала, хоць устройствамі на пінскай “хуткай” карыстаюцца крыху больш за тры месяцы. Узяць хоць бы пацыента, які на выкліку кашляў крывёю, але не прызнаваўся, што хварэе на сухоты. Праліць святло на захворванне дапамагла толькі інфармацыя адзінай базы дадзеных. Нешта падобнае адбываецца з людзьмі, якія знаходзяцца ў каматозным стане. Часцей за ўсё гэта здараецца з дыябетыкамі, у якіх узровень цукру ў крыві рэзка павышаецца. Натуральна, уводзіць дадатковую глюкозу ім нельга, а чалавек без прытомнасці пра сваё захворванне не раскажа. І тут хранічных хворых у нейкай ступені таксама ратуе менавіта дасведчаны планшэт. 

Пакуль нельга сказаць, што ўстройства мае інфармацыю пра ўсіх пацыентаў Пінска і раёна. Усё ж такі з часу запуску сістэмы далёка не кожны пінчанін пабываў на прыёме ва ўрача. А значыць, і інфармацыю пра яго ў базу яшчэ не ўнеслі. Але Валянцін Троцкі ўпэўнены: не пройдзе і года, як сістэма дадзеных будзе мець вычарпальныя звесткі пра ўсіх, хто звяртаецца па дапамогу да дактароў. Зрэшты, яна і цяпер добра выконвае ўскладзеныя на яе функцыі.

Загадчык Пінскай станцыі хуткай дапамогі Сяргей Пасевіч згаджаецца: восем электронных устройстваў, якімі абсталяваныя машыны неадкладнай дапамогі, ужо паказалі сябе з лепшага боку. Вядома, маладым урачам пераход на планшэты даўся без праблем, а вось калегам старэйшым давялося папацець. Але з часам усе сышліся ў меркаванні: плюсы планшэта відавочныя. Бо яшчэ па дарозе да пацыента ўрач даведваецца пра яго практычна ўсё: магчымыя алергічныя рэакцыі, апошнія дадзеныя электракардыяграмы, зробленыя прышчэпкі, перанесеныя раней захворванні. А гэта, упэўнены Сяргей Пятровіч, дапамагае ўстановам аховы здароўя Пінска палепшыць абслугоўванне. Усё ж такі за кошт дадатковай інфармацыі атрымліваецца скараціць час выезду. Акрамя таго, выключаецца верагоднасць неабгрунтаванай дастаўкі ў стацыянар. Загадчык прыводзіць прыклад пажылой пінчанкі: калі арытмія ў чалавека пастаянная, навошта лішні раз везці яе ў бальніцу і абследаваць?

Зрэшты, на інфармацыі пра пацыентаў пінская “хуткая” спыняцца не збіраецца. На кожны планшэт вось-вось установяць спецыяльную праграму-навігатар. Так можна будзе хутчэй даехаць нават у самы аддалены раён горада па найкарацейшым маршруце. А потым, магчыма, усе планшэты дапоўняць спецыяльным устройствам для зняцця электракардыяграмы. Вынік яе будзе запісвацца адразу ў планшэтны камп’ютар. У выпадку шпіталізацыі пацыента яго ЭКГ проста перададуць у бальніцу. Цяпер гэта хутка і вельмі зручна.

Сяргей КОНЮХ, галоўны ўрач Пінскай цэнтральнай паліклінікі:

— Ідэя аснасціць брыгады хуткай дапамогі ў Пінску планшэтамі з’явілася ў нас не так даўно. Не магу сказаць, што мы перанялі чыйсьці канкрэтны досвед. Проста даведаліся пра тое, што такая практыка ёсць у некаторых краінах. Адразу закупілі ўстройствы і ўкаранілі іх у работу. Мы добра разумелі карысць гэтага кроку, таму не марудзілі з рэалізацыяй. 

Пінскі гарвыканкам падтрымаў ініцыятыву, фінансава дапамаглі прадпрыемствы горада — і вось чарговы этап інфарматызацыі пройдзены. Гавару чарговы таму, што самі планшэты на станцыі хуткай дапамогі — гэта толькі бачная частка інфарматызацыі, якая працягваецца па гэты час. Бо першым было ўсё ж стварэнне адзінай інфармацыйнай базы для ўсіх устаноў аховы здароўя Пінска і раёна. Таму цяпер мы робім стаўку на яе далейшае развіццё. Толькі ў звязцы з базай любыя ўстройствы здольныя прыносіць карысць. А без яе гэта не больш, чым цацкі.

Арцём Кір’янаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter