Песня застаецца з чалавекам

У Гродне адзначылi 100-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Шыдлоўскага

100-годдзе з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара заслужанага дзеяча культуры БССР Аляксандра Шыдлоўскага адзначылі ў Гродне

Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі па праву лічыцца заснавальнікам гродзенскай школы беларускай песні. Паэт, кампазітар, ён шанаваў яе як галоўны сродак захавання самабытнасці нацыі, мовы, сучаснасці і пакінуў нашчадкам цудоўную спадчыну — каля 200 музычных твораў. 

 Асілак па постаці, сціплы і пяшчотны ў душы — такім памятаюць Настаўніка прадаўжальнікі яго справы. Чалавек, які складае падмурак беларускай культуры, — зыходзяцца ў меркаваннях крытыкі. Доўгі час музычныя творы Аляксандра Шыдлоўскага лічыліся арыгінальнай з’явай, што аніяк не ўпісвалася ў сістэму савецкай папулярнай кампазітарскай песні. Бо натхненне творца чэрпаў з глыбінь нацыянальнай культуры, яго музыка і вершы, зарыентаваныя на фальклорныя традыцыі роднай зямлі, наскрозь прасякнуты светлым пачуццём. Дый сэнс свайго жыцця кампазітар Шыдлоўскі бачыў толькі ў служэнні беларускай народнай песні.

Сёння на Гродзеншчыне няма ніводнага калектыву, які б не выконваў твораў свайго славутага земляка. «Для самадзейных аўтараў самая вялікая ўзнагарода, калі іх песні становяцца народнымі», — не раз казаў сам кампазітар. Атрымалася, прадказаў лёс сваёй песеннай спадчыны: у «Анталогіі» Генадзя Цітовіча песня «Колькі ў небе зор», напрыклад, менавіта так і пазначана — «беларуская народная».

Каб яшчэ раз узгадаць пра вядомага музыканта, сябры, калегі, вучні, члены яго сям’і сабраліся каля будынка па вуліцы Савецкай, 8, былога абласнога Дома народнай творчасці, дзе Аляксандру Шыдлоўскаму наканавана было прапрацаваць на розных пасадах 25 гадоў. Тут жа ў гонар кампазітара адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі. Яе аўтарам стаў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.

Спецыяльна да гэтага знакавага мерапрыемства работнікі культуры паклапаціліся пра выданне новага зборніка песень А.К. Шыдлоўскага, у які ўвайшло каля пяцідзесяці твораў.

У 1987 годзе Аляксандр Шыдлоўскі быў занесены ў спіс ганаровых грамадзян горада, а ў 2009-м гарвыканкам прыняў рашэнне назваць у гонар кампазітара вуліцу ў адным з мікрараёнаў Гродна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter