З канцэртнай праграмай артысты розных этнакалектываў Беларусі аб’ехалі шмат краін

Песня да Неапаля давяла

З канцэртнай праграмай артысты розных этнакалектываў Беларусі аб’ехалі шмат краін. Апошнім разам пабывалі ў Аўстрыі ды Італіі.


Удзельнікі праекта “Беларусь шматнацыянальная” пад час экскурсіі ў аўстрыйскім Філаху

Гэта — цікавы міжнародны праект Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў “Беларусь шматнацыянальная”, ён набывае ўсё большую папулярнасць. Адметна, што пад час творчых вандровак мацнеюць не толькі сяброўскія ды культурныя сувязі, але й вынікаюць узаемакарысныя міжнародныя ініцыятывы, у тым ліку і эканамічныя.

На фотаздымках, што размясціліся ў калідоры апарата Упаўнанаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, — яскравыя моманты з падарожжаў удзельнікаў праекта па розных краінах. “Вось мы ў Літве, тут — у Фінляндыі, гэта — здымкі з Украіны ды Малдовы”, — праводзіў экскурсію па выставе начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў Аляксандр Сасновіч. Заўважаю здымкі з летняй вандроўкі па Польшчы — і я там была, пісала пра тое. Рыхтуюцца для экспанавання і фатаграфіі з гастрольнага туру па Аўстрыі ды Італіі.

Аўстрыйскі Філах прымаў шматнацыянальную творчую каманду з Беларусі ў другі раз. Для кіраўнікоў этнасуполак з Беларусі, якія былі ў складзе дэлегацыі, прайшла сустрэча ў магістраце. Вітала гасцей віцэ-бургамістр Герда Сандрысер. Яна расказала, что Філах — горад шматнацыянальны, шмат увагі надаецца развіццю адукацыі, будаўніцтву, спорту (ёсць хакейная каманда, спарткомплекс “Альпійская арэна”). Як бачым, Філах і Мінск маюць нешта агульнае. Невялічкі правінцыйны горад лічыцца высокатэхналагічным, і ў гэтым кірунку магчымае супрацоўніцтва. Вельмі зацікаўлена аднеслася віцэ-бургамістр да прапановы былой мінчанкі, старшыні суполкі “Карынція” Элы Храшан аб заключэнні пагаднення аб пабрацімстве двух гарадоў.

Прысутнічала Герда Сандрысер і на канцэрце ў канцэртнай зале “Фолькхаус”. Творчым падарункам гасцям ад горада стала выступленне ветэранаў з паліцэйскага хора. У зале было шмат як аўстрыйцаў, так і нашых супляменнікаў. Пачуўшы пра артыстаў з Беларусі, з суседняй Славеніі выправілася ў дарогу Ірына Пашагіч: “Летась “Беларусь шматнацыянальную” мы прымалі ў сябе. Мне так спадабаліся выступленні артыстаў, што зноў захацелася сустрэцца з імі. Гэта ж — як спатканне з роднай краінай”.


Гасцей з Беларусі віталі сябры асацыяцыі “Bellarus”

Па-беларуску шчыра і цёпла, па-італьянску горача і эмацыйна прымалі гасцей у Неапалі. Бачна было, як хваляваліся старшыня асацыяцыі “Bellarus” Таццяна Пумпулева, яе сяброўкі-памочніцы. “Гэта першы вялікі праект з Радзімай, — казала Таццяна. — Звычайна мы самі прыязджаем у родныя мясціны: удзельнічалі ў другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету, навучаліся на курсах для кіраўнікоў творчых беларускіх калектываў замежжа. А тут завіталі госці да нас! І гэта — вельмі адказна”.

Беларускія гастралёры ўдзельнічалі ў Днях нацыянальных культур, якія ўпершыню праходзілі ў Неапалі. Выступалі ў Навуковым гарадку Баньёлі (прыгарад Неапаля) каля стэнда беларускай дыяспары. Добра прымала той канцэрт публіка: шмат апладзіравалі, выкліквалі “Бравіссіма!” А супляменніцы Таццяна Ляусік і Таццяна Канавалава частавалі выступоўцаў дранікамі, вінегрэтам ды фаршыраванымі яйкамі. Дарэчы, стравы нацыянальнай кухні прапаноўвалі таксама наведнікам стэнда: італьянцам яны былі даспадобы, хоць і ў дзіковінку. Заключнае ж выступленне прайшло ў будынку былога храма: царквы Santa Maria del Purgatorio. Дзверы яе, казалі нам, адкрываліся дагэтуль больш за 35 гадоў таму... Што за акустыка! Спевакі нават мікрафоны адклалі ў бок. І як прыгожа падкрэслівалі колеры нацыянальных касцюмаў артыстаў промні сонца, што заглядвалі ў храм праз вітражы... На канцэрце прысутнічалі Прэзідэнт Муніціпальнага савета Неапаля Алясандра Фучыта, Ганаровы консул Расіі ў Неапалі Вінчэнца Скьява, супрацоўніца Ганаровага консульства Беларусі Вольга Глеб, з Рыма прыехала Консул Беларусі Вікторыя Пархоцік. Дарэчы, вялікую арганізацыйную, фінансавую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказаў Ганаровы консул Беларусі ў Неапалі Вінчэнца Трані. Апладысментам, здавалася, не будзе канца. І шчыра, душэўна гучалі яны ў сценах храма. Асаблівы каларыт выступленню надаў паказ старадаўніх беларускіх строяў з розных рэгіёнаў краіны. Калекцыю прывезлі супрацоўніцы прадпрыемства “Скарбніца”, мадэлямі былі дзяўчаты-казашкі, армянкі, карэянкі...

Кіраўнікі этнасуполак сустрэліся з Прэзідэнтам Муніціпальнага савета Алясандра Фучыта. Куратар паездкі, аўтар праекта “Беларусь шматнацыянальная” Аляксандр Сасновіч падзякаваў італьянскім сябрам за шматгадовую дапамогу ў аздараўленні дзяцей з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў. Абмяркоўвалі, як далей супрацоўнічаць. Цікавыя для неапальскіх уладаў эканамічныя стасункі, турыстычныя, у сферы адукацыі, спорту. А перспектывай супрацоўніцтва з кампаніяй “Лідскае піва”, ідэю якога агучыла Алія Гуцава, салістка Міжнароднага грамадскага аб’яднання казахаў “Ата-мекен”(па месцы працы — менеджэр Лідскага піўзавода), зацікавіўся віцэ-прэзідэнт савета Фрэцца Фульвіа.

Увогуле паездка наша была вельмі насычанай: шмат было сустрэч, мерапрыемстваў. Ладзіліся і экскурсіі па Філаху, Неапалі. Пабывалі мы ў Венецыі, дзе нас сустрэлі Эла Храшан і яе калега, прафесійны гід Лілія Жардан. Спыняліся ўдзельнікі праекта “Беларусь шматнацыянальная” і ў чэшскім Брно.

Сярод удзельнікаў падарожжа былі і навукоўцы — супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дактары навук Аляксандр і Аляксандра Гурко. Свой інтарэс мелі ў замежжы мастакі прадпрыемства народных промыслаў “Скарбніца”. Цікавыя гутаркі былі ў мяне. Дый кожны з артыстаў этнакалектываў, сярод якіх армянскі “Эрэбуні”, карэйскі “Арыранг”, яўрэйскі “Шалом”, польскі “Івянчанка”, украінскі “Краяны”, казахскі “Салтанат”, заслугоўвае асобнай увагі. Як, дарэчы, і гаспадары сустрэч, філахскія ды неапальскія беларусы. Так што працяг вандроўнай тэмы будзе ў наступных нумарах.

Кацярына Мядзведская

Фота: Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 41 (3497), чацвер, 3 лістапада, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter