У Беларускай грамадзе Малдовы з’явіўся свой творчы калектыў

Песні ў спадчыну

У Беларускай грамадзе Малдовы з’явіўся свой творчы калектыў

Хачу падзяліцца з чытачамі “Голасу Радзімы”добраю навіною: цяпер у нас ёсць свой хор. І ўжо былі яго першыя выступленні “на людзях”. Між тым арганізаваны і пачаў дзейнічаць беларускі хор — у якога пакуль і назвы няма… — увосень 2015 года пры Беларускай грамадзе Малдовы. Хор з’явіўся не раптам, не проста так. Больш за 10 гадоў на сходах, сустрэчах, у сяброўскіх застоллях ці калі віншавалі каго, ці як удзельнічалі ў розных мерапрыемствах мы, сябры грамады, спявалі беларускія песні: “Рушнікі”, “Касіў Ясь канюшіну”, “Бярозы”, “Бывайце здаровы”, “Мой родны кут” ды іншыя. Падабалася ўсім слухачам. Ды і самім выканаўцам. Вось і “спелася” пакрысе група з добрымі галасамі. І, можна сказаць, ужо “па факце” на Радзе Беларускай грамады прынялі рашэнне: стварыць беларускі хор.


Доўга шукалі мастацкага кіраўніка. Спрабавалі некалькіх ды нарэшце знайшлі свайго, беларуса. Гэта прафесійны музыка — ён дырыжор джазавых эстрадных і духавых аркестраў — Дзмітры Нікіцін. Дзякуй яму: пагадзіўся ўзяцца за няпростую справу. У хоры ўжо 14 чалавек, на Радзе зацвердзілі Дзмітрыя Нікіціна мастацкім кіраўніком, а Л. Бугаёву — адказнаю за арганізацыйныя пытанні.

Па суботах у хоры цяпер ідуць рэпетыцыі, і ўжо былі выступленні: спачатку ў вузкім коле сяброў-беларусаў, потым — у Клубе рускай песні, на рэспубліканскім Дні роднай мовы ды свяце Масленіца. Робім першыя крокі. Спяваем ад шчырага сэрца нашы беларускія песні, прапагандуем беларускую талерантнасць і дабрыню. Стараемся, каб як мага больш людзей у Малдове нашу Беларусь ведалі, паважалі.

Адно вось пакуль засмучае: няма нацыянальных беларускіх строяў. Спадзяемся, аднак, што хор пачуюць і на Бацькаўшчыне ды знойдуцца добрыя людзі, падтрымаюць (касцюмамі!) нашу ініцыятыву. І не сумнявайцеся, паважаныя дабрадзеі: мы такі “аванс” абавязкова адпрацуем. Прычым прыгожа, а, дасць Бог, і на Бацькаўшчыне яшчэ не раз паспяваем.

Юры Статкевiч, старшыня Рады Беларускай грамады ў Малдове

Голас Радзімы № 11 (3467), чацвер, 31 сакавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter