Кто и что помогает бывшим наркоманам вернуться к нормальной жизни

Пераломны момант

«Былых наркаманаў не бывае», «Тваё месца на могілках», «Такіх, як ты, трэба сціраць з твару зямлі» — фразы, якія давялося чуць нашай гераіні не раз. Яе мінулае жыццё — больш за дзесяць гадоў на ігле, спробы суіцыду, сем гадоў зняволення. Цяперашняе — цвярозае, напоўненае новым сэнсам. Пра тое, як былая наркаманка змагла выкарабкацца, апынуўшыся на самым дне, яна расказала карэспандэнту «Рэспублікі».

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Ночы без сну


— Я нарадзілася ў 1981 годзе, яшчэ ў часы СССР, — пачынае аповед Вікторыя Салагорнік. — Тата — былы спартсмен. Сцяна ў адным пакоі была завешана яго медалямі. Але калі ён пайшоў са спорту, пачаў прыкладвацца да бутэлькі. Будучы нападпітку, біў мяне і маму. Па начах бацька буяніў, крышыў усё навокал. Маё дзяцінства — гэта пастаянныя скандалы, выклікі міліцыі і ночы без сну.

Мама шмат працавала. Дзяўчынцы прыйшлося хутка сталець і прыглядаць яшчэ і за малодшай сястрой: дзяцей часта пакідалі дома адных.

— Мама па-свойму кахала бацьку і верыла, што зможа выцягнуць яго з гэтага стану, — разважае Вікторыя. — Калі ён не піў, быў вельмі добрым чалавекам.

Тым не менш бацькі развяліся. А калі Віцы споўнілася 12 гадоў, тату пасадзілі за нявыплату аліментаў.

— І наша сям’я ўздыхнула свабодна. Я хадзіла ў звычайную і музычную школы, наведвала розныя гурткі ў Доме піянераў, — працягвае гераіня. — Потым гэтых дамоў не стала, падлеткі пачалі збірацца на вуліцы. Гадоў у 13—14 упершыню паспрабавала алкаголь. Мама ў той час суткамі працавала ў двух-трох месцах. Старалася, каб мы з сястрой былі сытыя і апранутыя. Але мне гэтага аказалася недастаткова. Мне патрэбна была маці. Я яе ні ў чым не вінавачу. Так склаліся абставіны.

Школа, вуліца, гераін


— Аднойчы звярнула ўвагу на мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія паводзілі сябе незвычайна. Стала цікава, чаму ўсміхаюцца. На пытанне «Што з вамі такое?» адказалі: «Шчасце!», — узнаўляе падзеі Вікторыя. — Мне вельмі захацелася зведаць гэта пачуццё, бо я заўсёды была даволі замкнутая, прывыкла ахоўваць сябе і ваяваць за сваё жыццё. Уколу ў вену не пабаялася і ўпершыню ў жыцці адчула сябе шчаслівай.

Наша гераіня добра вучылася ў школе. У яе было ўсяго пара чацвёрак у табелі. Пасля школы яна паступіла ў тэхнікум на эканаміста. Там наркотыкі пачалі грунтоўна ўваходзіць у жыццё.

— Калі здарыліся першыя ломкі, думала, што проста прастудзілася, — кажа гераіня. — Знаёмыя патлумачылі: трэба калоцца. Дастаць дозу нескладана, калі ў асяроддзі ёсць наркаманы. Шмат разоў спрабавала перастаць ужываць, замяняла моцныя наркотыкі на больш слабыя, зачынялася дома. Дзень, два, тры трымалася, але потым разумела, што калі не ўкалюся, то скончу жыццё самагубствам ад дэпрэсіі. Наркотык быў для мяне як паветра.

Пасля заканчэння тэхнікума Вікторыя пачала працаваць прадаўцом. Завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Міжнародным гуманітарным эканамічным інстытуце.

— І ўвесь час нешта ўжывала, — нявесела ўздыхае суразмоўца. — Калі мне было 23 гады, маме нехта сказаў, што я наркаманка. Мяне паставілі на наркалагічны ўлік. Памятаю, як хадзіла да псіхатэрапеўтаў. Яны выцягвалі ўсю маю ўнутраную непрыгожасць і пакідалі з ёй. Адно з такіх наведванняў скончылася спробай суіцыду.

Унутры не тое, што звонку


З моцнага і дарагога гераіну дзяўчына перайшла на іншы наркотык — больш танны і брудны мак.

— З часам наркотыкі перастаюць прыносіць асалоду, і ты колеш, каб неяк існаваць. У мозгу каша. Каб паспаць хоць 20 хвілін, трэба выпіць шмат снатворнага. Наступае знясіленне арганізма, псіхікі. Чаму наркаманы доўга не жывуць? Увесь гэты бруд, які яны сабе ўводзяць, паражае органы і сістэмы арганізма. Такі чалавек, нібы груша-гнілушка.

Медыкі, да якіх звярталася маці Вікторыі, параілі ёй схадзіць у арганізацыю «Маці супраць наркотыкаў».

— Там ніхто не абвінавачваў, што яна дрэнная маці, — кажа суразмоўца. — Яе выслухалі і падтрымалі, параілі звярнуцца да Бога, у якога яна паверыла ўсім сэрцам. Мама пачала маліцца за мяне. Да таго часу я вельмі стамілася ад свайго жыцця, наўмысна рабіла перадазіроўкі. Калі мяне ў чарговы раз адкачалі, пыталася: «Навошта?»

У арганізацыі мама пазнаёмілася з былымі наркаманамі, якія прайшлі праграмы рэабілітацыі ў спецыяльных цэнтрах. Даведалася, што ёсць такі ва Украіне, і прапанавала дачцэ з’ездзіць.

— Аказалася, што гэта хрысціянскі рэабілітацыйны цэнтр. Урачоў не было, таблетак таксама. Аснова лячэння — працатэрапія і чытанне Бібліі. Я была вымушана ўдзельнічаць у яе вывучэнні. Паступова стаўленне да цябе як да чалавека пачало браць верх. Праз паўгода падчас службы я ўстала і пайшла на пакаянне. Мне — такой ганарлівай і незалежнай — было нялёгка, але ногі самі вялі. Калі святар чытаў нада мной малітву, я зразумела, што Бог ёсць.

Месца пакорлівасці


Праз год дзяўчына вярнулася дадому. І ўсё б нічога: па вяртанні ўладкавалася на добрую працу — ва Украіне навучылася па-майстэрску тынкаваць і фарбаваць, але... праз тры месяцы сарвалася.

— Я пачала калоцца так, як не калолася ўсе папярэднія гады. Гэта было вар’яцтва. Памятаю, адным ранкам глядзела на ўзыход сонца і маё сэрца закрычала: «Госпадзі, дапамажы! Я хачу жыць, але не магу спыніцца». Увечары на мяне надзявалі наручнікі: 9 гадоў пазбаўлення волі за распаўсюджанне наркотыкаў. Вельмі шмат, але я разумела, што гэта мой шанец застацца ў жывых.

У турме Вікторыя кожны дзень чытала Біблію, вучылася пакорлівасці і жыццю без наркотыкаў, прасіла пра цуд.

— Праз пяць з паловай гадоў камісія па замене рэжыму аднагалосна прагаласавала «за», хоць я ні на што не магла разлічваць: напярэдадні выйшаў дэкрэт «Аб узмацненні адказнасці за распаўсюджанне наркотыкаў», — распавядае Віка.

Яе перавялі на «хімію», накіравалі ў Асіповічы. Вызвалілася ў красавіку 2017 года.

— Зараз я працаўладкавана, у мяне добрыя адносіны з маімі працадаўцамі, прадстаўнікамі закону, сям’ёй. Я адчуваю сябе часткай грамадства, а не чалавекам на абочыне. Вольная ад залежнасцей. Самае галоўнае — жыву так, нібы ў мяне нехта ўдыхнуў новае жыццё. Рэгулярна наведваю царкву, удзельнік служэння для залежных і сузалежных. Такія, як я, — жывы прыклад, што не трэба ўпадаць у крайнасці, апускаць рукі, а варта проста паклікаць.  Дзякуючы свайму вопыту цяпер я магу дапамагаць. Прычым не толькі паказаць выхад, але і прывесці чалавека да яго.


КАМЕНТАРЫЙ

Жанна ШЧАМЯЛЁВА, кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацабароны:

— За 10 месяцаў бягучага года ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне зарэгістраваныя 3793 грамадзяніны, вызваленыя з папраўчых устаноў. Працаўладкаваны 1912, з іх у лік броні — 1112.  На прафесійнае навучанне накіраваны 91 грамадзянін.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter