Пазітыў і негатыў

У  эканамічна-фінансавай галіне замацаваліся станоўчыя тэндэнцыі — аб гэтым гаварылася на нядаўнім пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі падчас падсумоўвання вынікаў працы народнай гаспадаркі ў першым паўгоддзі 2018-га. Адзначалася: валавы ўнутраны прадукт (ВУП) расце больш значна, чым прагназавалася, у краіне выконваюцца асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаныя Прэзідэнтам. Гэта ў сваю чаргу дазваляе дзяржаве цалкам і своечасова выконваць перад насельніцтвам свае сацыяльныя абавязкі.   


Пазітыўны трэнд вызначыўся ва ўсіх сферах эканамічнай дзейнасці: напрыклад, плюс 7,9 працэнта аб’ёмаў у апрацоўчай прамысловасці, 7,5 у будаўніцтве, 7,8 у аптовым і рознічным гандлі, 3,9 у сельскай гаспадарцы, 3,7 працэнта на транспарце. Прычым, што важна, захоўваецца неабходны баланс у знешнім гандлі — за пяць месяцаў сальда па таварах і паслугах станоўчае — плюс 310 мільёнаў долараў, ці 1,4 працэнта ад ВУП. За пяць месяцаў 2018 года на экспарт накіравалі на 3 мільярды больш тавараў і паслуг, чым летась.

Тэмп росту ВУП — пры прагнозе 102,8 — склаў 104,5 працэнта. Ва ўсіх абласцях назіраецца павышэнне аб’ёмаў валавога рэгіянальнага прадукту і рост вытворчасці працы. На думку міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага, узровень росту ВУП краіны па выніках года дасягне 3,9—4,1 працэнта. Аднак эксперты Еўразійскага банка развіцця ў штомесячным выпуску “Макраагляду” краін — членаў ЕАБР прагназуюць крыху меншыя лічбы па развіцці беларускай эканомікі — у другой палове 2018 года адбудзецца запавольванне тэмпаў росту ВУП да 3,7 працэнта. Аналітыкі канстатуюць, што паскорацца і інфляцыйныя працэсы, але павышэнне спажывецкіх цэн у Беларусі сёлета не перавысіць 6 працэнтаў.

Існуе ўстойлівасць у фінансавай галіне — у першым паўгоддзі на 412 мільёнаў (12,3 працэнта) узраслі тэрміновыя рублёвыя ўклады, атрымалася станоўчае сальда куплі-продажу на валютным рынку — 320 мільёнаў долараў (насельніцтва на чыстай аснове прадало банкам амаль 800 мільёнаў долараў, юрыдычныя асобы набылі 480 мільёнаў). 

Але вызначыліся і істотныя праблемы. Паводле інфармацыі  Нацбанка, агульны разліковы памер штогадовых страт Беларусі ад даларызацыі складае ў суме 2—3 працэнты ад ВУП. Найперш працэсы даларызацыі ўплываюць на тэмпы інфляцыі, ствараюць курсавыя рызыкі, паколькі замежная валюта ўдзельнічае ў працэсе абарачэння. Паводле меркавання банкіраў, пры зніжэнні курса беларускага рубля да амерыканскага долара толькі на 1 працэнт — выдаткі айчынных прадпрыемстваў ад пераацэнкі валютна-крэдытнай запазычанасці перад беларускімі банкамі складуць 230 мільёнаў рублёў, ад пераацэнкі знешняга доўгу бюджэт згубіць ужо 330 мільёнаў. 

Статыстыка сведчыць: нашы грамадзяне працягваюць у значных памерах браць крэдыты: за чэрвень запазычанасць фізічных асоб узнялася на 171,6 мільёна рублёў — да агульных 10 162,5 мільёна. Год таму грамадзянамі было ўзята крэдытаў на 7694,5 мільёна рублёў. Такім чынам, доўг па спажывецкім крэдытаванні ўзрос да 3614,7 мільёна. Толькі Беларусбанк павялічыў аб’ём адпаведнага крэдытавання на 40 працэнтаў, займаючы лідзіруючыя пазіцыі на нацыянальным фінансавым рынку. Камерцыйнае крэдытаванне нерухомасці ў першым паўгоддзі павялічылася гэтай фінустановай амаль удвая (на 87 працэнтаў).

Банкіры папярэджваюць: калі справы і далей пойдуць такім чынам, высокая крэдытная актыўнасць людзей, нягледзячы на існуючы каэфіцыент даўгавой нагрузкі для фізічнай асобы, можа негатыўна паўплываць на плацёжны баланс краіны і сітуацыю на валютным рынку.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter