13 мая откроется 68-й Международный Канский кинофестиваль

Пальмавыя галінкі на Блакітным беразе

13 мая адкрываецца 68-ы Міжнародны Канскі кінафестываль
13 мая адкрываецца 68-ы Міжнародны Канскі кінафестываль, адзін з самых прэстыжных сусветных аглядаў. Сёлета ён пройдзе па 24 мая і будзе прысвечаны памяці Інгрыд Бергман, смелай і разнапланавай актрысы, якая была адначасова і цэнтральнай фігурай неарэалізму, і зоркай Галівуда, і ўлюбёнкай незалежных рэжысёраў. Гэтым летам Інгрыд споўнілася б 100 гадоў. Менавіта таму яе партрэт красуецца на афіцыйнай афішы Канаў-2015. Дарэчы, у праграме «Асаблівы погляд» журы ўзначаліць яе дачка Ізабэла Расяліні.

А вось фільмы ў асноўным конкурсе будзе судзіць каманда на чале са знакамітымі амерыканскімі рэжысёрамі, прадзюсарамі і сцэнарыстамі братамі Ітанам і Джоэлам Коэн.  Упершыню ў гісторыі Канскага кінафестывалю журы ўзначальваюць адразу два чалавекі. Сёлетнія Каны заручыліся падтрымкай, мабыць, самых вядомых братоў, якія працуюць зараз у сусветным кіно, невыпадкова. 2015 год — юбілейны для кінематографа, спаўняецца 120 гадоў з дня вынаходства братоў Люмьер. 

Перад братамі Коэн устане цяжкая задача, бо сярод канкурсантаў – скрозь масцітыя прафесіяналы, лаўрэаты розных фестываляў і прэмій. Тод Хэйнс прадставіць стужку «Кэрал» з Руні Марай, Кейт Бланшэт і Сарай Полсан у галоўных ролях. За «Залатую пальмавую галіну» з ім пазмагаецца Джасцін Курцель з класічнай шэкспіраўскай гісторыяй «Макбет», у якой іграюць Майкл Фасбендер і Марыён Каційяр. Двухразовы лаўрэат Канаў Жак Адзіяр прывязе на Блакітны бераг карціну пад назвай «Дзіпан». І гэта далёка не ўсе гучныя імёны маючага адбыцца форуму.

Адкрые Канскі фестываль у гэтым годзе прэм’ерны фільм «З высока паднятай галавой» Эмануэль Берко з Катрын Дэнёў у галоўнай ролі. Упершыню з 1987 года кінафорум пачнецца карцінай жанчыны-рэжысёра.

У тэму

У гэтым годзе ў пяты раз на кінарынку Канскага фестывалю адкрыецца Нацыянальны беларускі павільён. Яго прысутнасць на кінааглядзе — свайго роду заява аб тым, што наша краіна гатовая да супрацоўніцтва. У ходзе работы павільёна будуць прадстаўлены вытворча-технічныя магчымасці кінастудыі «Беларусьфільм» для сумеснай працы з замежнымі партнёрамі, пройдуць папярэднія перамовы па рэалізацыі нашай кінапрадукцыі за мяжой.

Дарэчы

Мінск пакажуць у Канах


У конкурсную праграму «Два тыдні рэжысёраў» уключана карціна «Тры ўспаміны з маёй маладосці», створаная пры ўдзеле «Беларусь-фільма». Рэжысёр і аўтар сцэнарыя — француз Арно Дзеплешэн, удзельнік пяці канскіх фестываляў і шматразовы намінант прэміі «Сезар».

З беларускіх акцёраў у фільме занятыя Генадзь Фамін, Павел Адамчыкаў, Сяргей Тарасюк, Зінаіда Зубкова. Частка карціны здымалася летась у Мінску. Фільм раскажа пра дзяцінства, юнацтва і дарослае жыццё яго галоўнага героя — Поля. Адзін з фрагментаў — пра прыезд 16-гадовага юнака ў Мінск.

Мінск можна будзе ўбачыць і ў фільме «Мы, браты...», прэм’ера якога, паводле слоў Сяргея Ждановіча, генеральнага пра-дзюсара карціны і кінакампаніі Nonstop MEDIA, адбудзецца ў Кане.

У 2013 годзе фільм «Мы, браты...» выйграў конкурс нацыянальных кінапраектаў Міністэрства культуры.  Да стварэння вострасюжэтнай драмы былі прыцягнутыя спецыялісты з ЗША, Германіі, Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Аўстраліі, Катара, Латвіі і Ізраіля. Здымкі праходзілі не толькі ў нашай краіне, але і ў ЗША, дзе была заключана партнёрская дамова са знакамітай кінакампаніяй Universal Studios Hollywood.

У міжнародным праекце здымаліся беларускія акцёры Уладзімір Гасцюхін, Руслан Чарнецкі, Алеся Грыбок. Прэзентацыя карціны «Мы, браты...» 4 мая прайшла ў ЗША. Прэм’ера на радзіме запланавана на верасень. Дарэчы, у замежны пракат яна выйдзе пад назвай The Code of Cain («Код Каіна»). Сяргей Ждановіч гаворыць, што такое рашэнне прынята амерыканскімі партнёрамі, якія займаюцца дыстрыбуцыяй стужкі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter