Палессе натхняе творцаў

Беларускія пісьменнікі пабывалі з візітам на гомельскай зямлі

Гомельшчына, край, дзе стваралі свае цудоўныя творы Мележ, Шамякін, Макаёнак, родная калыска Івана Навуменкі, Анатоля Грачанікава, Барыса Сачанкі, іншых таленавітых творцаў, ужо чацвёрты рэгіён, у якім сустракалі каля 30 майстроў пяра. Арганізатары паездкі — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства інфармацыі, мясцовыя органы ўлады — пастараліся спаўна ўлічыць пажаданне: не трэба “прыгладжаных” экскурсій. Больш запатрабаваныя для творчых натур жывыя стасункі, яскравыя ўражанні, канструктыўны абмен інфармацыяй, што абуджаюць свежыя думкі.

Менавіта такі задзел і далі сустрэчы на гомельскай зямлі. Першая — у Гомельскім аблвыканкаме са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Марынай Бондар. Раскрываючы сацыяльна-эканамічны “партрэт” рэгіёна (а сёння, напрыклад, доля Гомельшчыны ў аб’ёме агульнарэспубліканскай прамысловай вытворчасці складае звыш 20 працэнтаў), суразмоўца пісьменнікаў заўважыла: дбаючы пра забеспячэнне эканамічных паказчыкаў, сацыяльныя пытанні, улады не пакідаюць па-за ўвагай клопат аб духоўным жыцці жыхароў рэгіёна. Умацоўваецца супрацоўніцтва ўладных структур з літаратарамі: за апошнія гады ў вобласці выдадзена каля 100 кніг мясцовых аўтараў, праведзена 36 літаратурных конкурсаў. У ліку спраў органаў мясцовай улады — стварэнне музеяў вёсак, у тым ліку тых, якiя знiкаюць. Самі ж выбраннікі, дэпутаты абласнога Савета ініцыявалі правядзенне за свае сродкі падпіскі на збор твораў Уладзіміра Караткевіча і наступную перадачу гэтых кніг мясцовым бібліятэкам. Зараз разглядаецца пытанне аб заснаванні аблвыканкамам сумесна з абласной суполкай Саюза пісьменнікаў літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага для таленавітых літаратараў.

Пісьменнікі наведалі і жамчужыну гомельскай зямлі, адзін з лепшых ландшафтна-архітэктурных помнікаў эпохі класіцызму ХVIII—XIX стагоддзяў у Беларусі, цэнтр турыстычнага “Залатога кальца Гомельшчыны” — палацава-паркавы ансамбль Румянцавых—Паскевічаў. А далейшы шлях пісьменнікаў — ад крыніцы хлеба духоўнага да “хлеба надзённага”: майстры слова наведалі прадпрыемствы абласнога цэнтра — ААТ “Малочныя прадукты” і кандытарскую фабрыку “Спартак”. Абмеркаванне вытворчых пытанняў, дэгустацыі прадукцыі дапоўніліся тут цікавымі сустрэчамі творцаў з кіраўнікамі і працаўнікамі.

Беларусы сёння пацвярджаюць ганаровы тытул адной з самых чытаючых нацый у свеце. Але ці дастаткова ведаюць землякі творы пісьменнікаў-суайчыннікаў? Адказаўшы сцвярджальна, паграшым супраць ісціны. Аўтары кніг прызнаюць: у некаторай ступені гэта вынік слабай прапаганды ўласных твораў, рэдкіх стасункаў з чытачамі. Праўда, члены Гомельскага аддзялення пісьменніцкага саюза, як падкрэслівалася на творчай вечарыне ў галоўным “кніжным храме” вобласці — універсальнай бібліятэцы імя Леніна (бібліятэкары, студэнты і выкладчыкі ГДУ імя Скарыны чакалі тут літаратараў), уяўляюць сабой у гэтым плане прыемнае выключэнне.

— Нашы аўтары не толькі выдаюць, але і не менш актыўна прэзентуюць кнігі, — зазначыў старшыня рэгіянальнага аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч. — Толькі апошнім часам мы правялі шэраг масавых мерапрыемстваў: сумесна са СМІ рэгіёна і галоўным ідэалагічным упраўленнем аблвыканкама арганізавалі літаратурны фестываль на Рагачоўшчыне, у Гомелі прайшоў абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам”. Галоўным і ў многім знакавым для нас стала нядаўняе міжнароднае свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”. Кантакты з расійскімі і ўкраінскімі пісьменнікамі на ім нарадзілі новыя сумесныя праекты, адзін з якіх наважаны рэалізаваць з бранскімі калегамі ў наступным годзе — фестываль маладых паэтаў і празаікаў.

...“Споведзь пра родную Беларусь” з уручэннем членскага білета прынятай нядаўна у Саюз пісьменнікаў маладой гамяльчанцы Марыі Маліноўскай і цікавай творчай справаздачай празаікаў і паэтаў завяршыла першы насычаны дзень творчай вандроўкі па Гомельшчыне.

...З райцэнтра Ветка, ад яго ўнікальнага музея “дэсант” майстроў слова накіраваўся на Мазыршчыну. І тут гасцей, як і напачатку паездкі, нязменна сустракалі не толькі традыцыйныя хлеб-соль, а і шырокая паляшуцкая гасціннасць і адкрытасць. Нашы наваяўленыя гіды — старшыня Мазырскага райсавета дэпутатаў Сяргей Гвоздзь, вядомы на Гомельшчыне краязнавец, галоўны спецыяліст аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Аляксандр Бобр і мясцовы паэт Аляксандр Каляда, па агульным меркаванні, справіліся з абавязкамі на выдатна. Такія ж адзнакі, без сумнення, пісьменнікі паставілі б і ў іншых месцах, дзе ім давялося пабываць. Прызнаваліся: па-добраму ашаламіла наведванне аднаго з аб’ектаў — свінакомплекса вядучага ў краіне сельгаспрадпрыемства — саўгаса-камбіната “Зара”, “за штурвалам” якога трынаццаць год перад апошнімі прызначэннямі — старшынёй райвыканкама і Гомельскага аблвыканкама — стаяў сённяшні кіраўнік Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік. Добрую зайздрасць выклікаў тутэйшы аграгарадок і цэнтр мясцовага Савета — Міхалкаўская Рудня. Сучасны стадыён з тэнісным кортам, капітальна абноўленыя дзіцячы садок, школа, амбулаторыя, Дом культуры, аддзяленне паштовай сувязі, добраўпарадкаванае возера... Парадаваліся пісьменнікі не толькі талентам дарослых і юных вяскоўцаў, прадэманстраваным ім на сцэне ўстановы культуры і ў школе, але і сяброўству моладзі з кнігай, у тым ліку беларускамоўнай. Нязменны атрыбут сустрэч — уручэнне камплектаў кніг ад пісьменнікаў, раздача аўтографаў прыхільнікам іх творчасці. Фінал творчай вандроўкі аказаўся сумным: праграму завяршала наведванне мемарыяла “Дзецям — ахвярам вайны” ў пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. У тутэйшым канцлагеры фашысты стварылі пункт для забору крыві ў дзяцей для параненых салдат вермахта. Пачварны план гітлераўцаў забраў жыцці каля 2 тысяч “поўных донараў” — падлеткаў ад 8 да 14 год, большую палову з якіх складалі дзяўчынкі...

Пісьменнікі маюць намер абагуліць вынікі сваіх творчых падарожжаў у кнігах. Галоўнае, што ўсё напісанае ў іх будзе не выдуманым, а ўзятым з жыцця...

На здымку: першы сакратар СПБ Генадзь ПАШКОЎ (у цэнтры) і кіраўнік Гомельскага аддзялення творчага саюза Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ перадаюць кнігі ўдзельнікаў паездкі старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Марыне БОНДАР.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...