Предметы фронтового быта, графика и трогательная инсталляция - что еще можно увидеть на новой выставке музея истории ВОВ

Паклонімся героям тых гадоў

Учора ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставілі часовую экспазіцыю «Мы ідзём да цябе, Беларусь!». Новая выстава будзе працаваць да канца студзеня. Мы даведаліся пра яе адметнасці.

Найбольш прыемным падарункам музею  да 75-годдзя вызвалення Беларусі стаў цягач для так званага фургона на колах ад кітайскіх прадстаўнікоў.

Звычайна ў асвятленні падзей Вялікай Айчыннай вайны найбольшая ўвага надаецца пачатку наступальнай аперацыі «Багратыён» ці вызваленню Мінска. Насамрэч вызваленне Беларусі пачалося нашмат раней — 23 верасня 1943 года з раённага цэнтра Камарын Палескай вобласці. Новы праект музея гісторыі ВАВ цалкам прысвечаны пачатковаму перыяду вызвалення краіны (верасень 1943-га — люты 1944-га) ад акупацыйнага прыгнёту.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін і дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый ШлЯхцІн: падарунак з удзячнасцю прыняты.

Пры дапамозе фондавых матэрыялаў музея мы імкнёмся стварыць вобраз воіна-вызваліцеля, адлюстраваць яго цяжкі ратны шлях, данесці да новых пакаленняў памяць пра пэўных людзей на вайне, паказаць героіку падзей, — уводзіць у курс справы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Шляхцін. — Мы хочам зрабіць акцэнт на рэчах, якія суправаджалі салдат у штодзённым жыцці. Як ні дзіўна, іх захавалася не надта шмат у параўнанні з прадметамі партызанскага побыту.

Акцэнт у экспазіцыі робiцца на рэчах, якія акружалі франтавікоў у штодзённым жыцці.

Першая частка экспазіцыі складаецца з жывапісных палотнаў і графічных твораў. Гэта работы знакамітых мастакоў — Канстанціна Максімцава, Аляксандра Дзямарына, Міхаіла Карпука, Віктара Палтаўца і іншых. Усе творы жывапісу прадставіць у пастаяннай экспазіцыі магчымасці няма, а вось часовая выстава для гэтай мэты — найлепшы варыянт. Ганаровае месца сярод карцін заняло ўнікальнае палатно Яўгена Красоўскага «Салют паўшаму салдату». Гэтая карціна захавалася з 1942 года — часу яе стварэння.  

Ганаровае месца сярод карцін заняло палатно Яўгена КрасоЎскага «Салют паўшаму салдату», якое захавалася з 1942 года — часу яе стварэння.

Таксама ўнікальнымі для выставы стануць графічныя творы. Гэта аўтэнтычныя замалёўкі франтавікоў 1944—1945 гадоў. Зробленая алоўкам ці пяром графіка выстаўляецца вельмі рэдка: малюнкі трэба захоўваць у спецыяльных умовах. Асаблівае адценне ваеннага часу надаюць хрэстаматыйныя фотаздымкі і тэматычныя вершы Пімена Панчанкі. Аб пакутах беларусаў у акупацыі і чаканні хутчэйшага вызвалення расказваюць пісьмы родных капітану Яфрэмаву на фронт.

Рыхтавацца да выставы супрацоўнiкi музея пачалi задоўга да яе адкрыцця.

Другая частка экспазіцыі — інсталяцыя мастака Віктара Чуглазава — так званы дом беларуса. Па аўтарскай задумцы, менавіта гэты дом, які ўвасабляе ўсю краіну, прыйшлі вызваляць ад акупантаў савецкія воіны. Інсталяцыя складаецца з сюжэтных здымкаў сустрэч воінаў з жыхарамі мястэчак, выяў некаторых элементаў дома і двара (даху, печы, плота). Кульмінацыйная кропка — трагічная карціна Аляксея Панцюка-Жукоўскага: старая жанчына перачытвае лісты з фронту ад мужа, які не вярнуўся дадому.

Прадметы побыту дапамагаюць уявіць вобраз салдата больш яскрава.

Канешне, вобраз вызваліцеля на часовай экспазіцыі падтрымліваецца і прадметамі адзення і побыту. Сярод іх — салдацкі шынель, гімнасцёрка, галіфэ, каска, пілотка, рэчавы мяшок, кацялкі, лыжкі, зброя і іншыя дэталі.

Рэчы палкоўнiка Севасцьянава, начальнiка штаба 173-й стралковай Аршанскай дывізіі.

Найбольш прыемным падарункам нашай установе да 75-годдзя вызвалення Беларусі стаў цягач для так званага фургона на колах ад кітайскіх прадстаўнікоў, — прызнаецца Дзмітрый Генадзьевіч. — Дарэчы, мабільная экспазіцыя таксама прысвечана вызваленню Беларусі. Мяркую, ужо з наступнага года мы часцей будзем наведвацца з ёй у рэгіёны краіны.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter