Мастакі з Пружан адраджаюць страчаны ўнікальны народны промысел

Пакінуць след на шкле і на зямлі

Марыя Кулецкая — адзіны ў Пружанскім раёне народны майстар Беларусі. Яна аднавіла амаль што забыты і страчаны ўнікальны народны промысел — малюнкі па шкле. Сваім вопытам Марыя Мікалаеўна дзеліцца з пружанскімі школьнікамі, якія наведваюць гурток «Шклінка-маляванка» пры раённым Доме культуры. Справу майстрыхі працягваюць дачка Ірына, унукі Сашка і Юрась. А сама Марыя Кулецкая таксама стала працягам творчай дынастыі.

Народны майстар Беларусі Марыя КУЛЕЦКАЯ вучылася па работах старых майстроў. Засвоіла іх манеру, аднавіла тэхніку малявання па шкле.
Фота аўтара

Таленавітыя дзеці таленавітых бацькоў

Мы сустракаемся ў Пружанскім палацы. Марыя Мікалаеўна, як заўсёды, у добрым натроі, жартуе і прыязна ўсміхаецца. Выглядае яна выдатна. Разлівае нам па кубачках гарбату, прапаноўвае печыва і пачынае ўспамінаць:

— Мабыць, іншага лёсу ў мяне і быць не магло. Мой бацька Мікалай Рыгоравіч Клімашэвіч быў неверагодна таленавітай асобай: пчаляр, сталяр, садавод. Ведаў некалькі замежных моў, добра іграў на мандаліне, прыгожа танцаваў і спяваў. Уласнымі рукамі зрабіў усю дамашнюю мэблю. А яшчэ любіў вышываць, вязаць, плесці з лазы і саломы. У нас дагэтуль захоўваюцца яго куфары, бочкі, крэслы. Ён вёў заняткі ў школе, працаваў у лясгасе…

Мікалай КЛІМАШЭВІЧ нарадзіўся ў 1910 годзе і быў неверагодна таленавітай асобай.
Мікалай Рыгоравіч — удзельнік вайны. У 1938 годзе ён працаваў лесатэхнікам у Ружанскім лясніцтве. Калі Германія напала на Польшчу, быў мабілізаваны і ў адным з баёў трапіў у нямецкі палон. Больш за год знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных ва Усходняй Прусіі, адкуль пазней яго вывезлi на працу ў Германію. За ўдзел у забастоўцы супраць нямецкага гаспадара яго заключылi на некалькі месяцаў у турму.

Пасля вызвалення, ужо ў складзе Чырвонай Арміі, Мікалай Рыгоравіч прымаў удзел у баях пад Кёнігсбергам, дзе быў цяжка паранены.

Бацька шмат чаму навучыў сваю Марыю. Яны разам малявалі насценныя газеты, сушылі і падганялі дошчачкі, плялі, рабілі куфры. Мікалай Рыгоравіч ахвотна перадаваў веды і вопыт дачцэ. З маці і бабуляй — тая ж гісторыя. Яны — майстрыхі, якіх пашукаць. Ткалі, вышывалі, вязалі. Еўдакія Мікітаўна і зараз, у свае 96 гадоў, пляце карзіны і тчэ невялікія дываны. Усё, што зробіць, дорыць суседзям і знаёмым. А яшчэ Еўдакія Клімашэвіч — біёграф уласнай сям’і. Яна захоўвае ўсе сямейныя дакументы, а ў 72 гады нават напісала мемуары.

Расказаць і ёй самой ёсць пра што. У сярэдзіне мінулага стагоддзя Еўдакія Мікітаўна маладой настаўніцай прыехала са Смаленшчыны ў Заходнюю Беларусь. Палюбіла гэты край, цікавілася яго гісторыяй і нават напісала летапіс трох вёсак. А яшчэ сабірала інфармацыю пра вяскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Пазней гэты матэрыял увайшоў у кнігу «Памяць. Пружанскі раён».

— У нас заўсёды была незвычайная сям’я. Для ўсіх на першым плане — гарод і закаткі, а ў нас — творчасць і рукадзелле, — усміхаецца Марыя Кулецкая. — Радуюся, што мая дачка і ўнукі перанялі таленты сваіх продкаў. Ірына скончыла ўніверсітэт культуры, зараз займаецца распрацоўкай узораў для шпалер. У яе выдатна атрымоўваецца! Малодшы ўнук Юрка ўжо сказаў, што будзе мастаком або скульптарам, старэйшы Сашка таксама выдатна малюе. Яны наведваюць мастацкую школу. Нядаўна мы арганізавалі для хлопцаў паездку ў Дрэздэн, наведалі знакамітую галерэю. Я вельмі цешылася, назіраючы за іх рэакцыяй на работы як знакамітых класікаў, так і вулічных мастакоў. Калі прыязджаю ў Мінск, унукі водзяць мяне па музеях. Хлопцы неабыякавыя — вось што мяне асабліва радуе.  

«Трэба проста аднойчы паспрабаваць маляваць на шкле, і ўсё — ты прапаў!»

Поўны склад шэдэўраў

Маляванкі на шкле Марыя Мікалаеўна памятае з дзяцінства. Яны былі практычна ў кожнай хаце:

— Потым гэтыя карціны выйшлі з моды. Хтосьці іх выкінуў, хтосьці вынес на гарышча. Я вырашыла, што такiя работы не павінны знікнуць, іх неабходна захаваць для нашчадкаў. Усё ж карціны на шкле — частка нашай культуры, аднак пра гэты пласт беларускага мастацтва многія нават не чулі, — расказвае майстрыха.

У пошуках карцін яна абышла ўсе Пружаны, праехала нямала вёсак. Шукала работы старых майстроў, каб засвоіць іх манеру, аднавіць тэхніку малявання:

— Хадзіць па хатах, распытваць і прасіць людзей было няёмка. Але я ведала, дзеля чаго гэта раблю. І землякі ішлі насустрач: прыносілі старыя, запыленыя, часам разбітыя карціны. Сярод іх былі сапраўдныя шэдэўры!

Кожную з карцін майстроў дэталёва вывучыла, а потым сама ўзялася за працу. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Гэта ў Марыі Кулецкай атрымалася настолькі добра, што цяпер яе работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Украіне, Расіі, Літве, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Чатыры карціны народнага майстра можна ўбачыць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры.

— Вядома, сёння працаваць нашмат прасцей. Хоць бы таму, што ёсць вялікі выбар фарбаў. А раней у асноўным абыходзіліся пакостам і вохрай. Неяк выкручваліся, змешвалі разнастайныя кампаненты, атрымліваючы розныя колеры. Зрэшты, багаццем фарбаў карціны ніколі не вызначаліся — іх было ўсяго дзве-тры. Але атрымлівалася неверагодна прыгожа!

У сваiх работах Марыя Мікалаеўна імкнецца захаваць фішкі старых майстроў: у якасці падкладкі выкарыстоўвае фольгу, а кожную работу апраўляе чорнай рамкай, якую наносіць выключна пяром-зорачкай і чорнай тушшу.

— Гэта адметная рыса пружанскіх майстроў. Цяпер некаторыя мае вучні робяць рамку маркерам, але я ім гэта рабіць забараняю — эфект зусім не той, ды і выгарае маркер вельмі хутка, — тлумачыць Марыя Мікалаеўна.

Еўдакія Мікітаўна і зараз, у свае 96 гадоў, пляце карзіны і тчэ невялікія дываны. Усё, што зробіць, дорыць суседзям і знаёмым.

Зберагчы і перадаць

Тэмы яе работ таксама традыцыйныя: народныя абрады, кветкі, звяры і птушкі. Сёння некалі страчаныя традыцыі яна ахвотна перадае вучням. Марыя Кулецкая праводзіць заняткі ў раённым Доме культуры. Займацца сюды прыходзяць каля 60 шкаляроў! За дзесяць гадоў існавання праз «Шклінку-маляванку» прайшлі сотні пружанскіх хлопчыкаў і дзяўчынак:

— Працаваць з дзеткамі вельмі цікава. Вучыць іх, цешыцца поспехам, усведамляць, што ў нашых маляванак ёсць будучыня. Выдатна, што сярод маіх вучняў нямала хлопчыкаў. Ім наша агульная справа вельмі падабаецца. Трэба проста аднойчы паспрабаць маляваць на шкле, і ўсё — ты прапаў! Гэта вельмі займальна! На паперы — зусім не тое. На шкле трэба маляваць на адваротным баку, як бы задам наперад, а гэта вельмі няпроста, — усміхаецца Марыя Кулецкая.

Майстрыха вучыць не толькі дзяцей, але і сваіх калег. Напрыклад, кіраўнікоў гурткоў народнай творчасці. Перыядычна праводзіць для іх майстар-класы:

— Калі мяне просяць нешта паказаць, нечаму навучыць, я ніколі не адмаўляю. Наадварот, раблю гэта ахвотна. Радуюся, калі чалавек цікавіцца народнай творчасцю і хоча навучыцца нешта рабіць сваімі рукамі.

Кожны год Марыя Кулецкая ўдзельнічае ў дзясятках мерапрыемстваў: выставах, семінарах, прэзентацыях, конкурсах. У яе каля 70 грамат і дыпломаў! Двойчы ўдзельнічала ў конкурсе майстроў, які праводзіцца ў ходзе «Славянскага базару», і двойчы займала прызавыя месцы. Дзве яе работы прайшлі ў фінал конкурсу «Беларускі сувенір».

Акрамя маляванак, у Марыі Мікалаеўны шмат іншых захапленняў. Яна тчэ, піша алеем, пляце з лазы і саломы, вышывае, робіць гліняныя свістулькі. Але галоўная мэта, мара ўмеліцы з Пружан — захаваць і перадаць нашчадкам майстэрства нашых продкаў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter