Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новую лаўку-пякарню, што з’явілася на вядомым мінскім рынку, адкрылі хлебапёкі з Таджыкістана

Пахне хлебам Камароўка

Ляпёшкі, тандыр і хлебапёк з Камароўкі.
Фота: Іна Ганчаровіч
На знакамітай мінскай Камароўцы можна пакаштаваць стравы з розных нацыянальных кухняў. Там жа, калі хто жадае, і рэцэпты можна запісаць, больш даведацца пра звычаі, традыцыі розных народаў. Як вядома, Беларусь — краіна шматнацыянальная, і смакавая разнастайнасць для нас — не навіна. Скажам, у беларускай хлебнай гастраноміі цяпер, я б сказала, поўны касмапалітызм. На рынку напрыклад, прадаецца армянскі лаваш, грузінскі шоці, азербайджанскі чурэк, французкі багет, індыйскі пуры... А нядаўна з’явілася і Таджыцкая лаўка-пякарня.

Адразу відаць: маладыя хлопцы, што адкрылі яе, маюць жаданне развіваць традыцыі роднай нацыянальнай кухні ў Беларусі. “Мы прыехалі з Таджыкістана ў гэтым годзе, і нам тут спадабалася, — з бляскам у вачах распавядае Рустам. — Беларусь — краіна гасцінная і спакойная. Тут вельмі добразычлівыя людзі, якія не баяцца людзей іншай нацыянальнасці, веры. Мы вырашылі паспрабаваць сябе ў хлебапякарным бізнэсе, бо самі — прафесійныя пекары са стажам. А хлеб — гэта наша галоўная ежа. У мяне на радзіме з хлебам ядуць усё: ад плову да мантаў. Вось нам і хочацца самім не забываць пра смак хлеба нашай краіны, даць магчымасць і беларусам яго есці”.

Хлебапякарны цэх — прама ў самой Камароўцы. Паназіраць, як там што робіцца, можна не адыходзячы ад прылаўка. Працуюць тры чалавекі, усё ў іх рухах акуратна і даклада. Адзін пекар уручную замешвае цеста, другі надае форму выпечцы і наносіць малюнак на сярэдзіну ляпёшкі, трэці з дапамогай адмысловай “падушкі” яе накідвае на сценкі гарачай печы-тандыра. Іх у пякарні дзве. “Гэта ўнікальныя печы: мы іх адмыслова замаўлялі ў Таджыкістане, — у перапынках між закладкамі ў печ аладак працягвае Рустам. — Каштуюць досыць дорага, бо робяць іх уручную з высакаякаснага натуральнага матэрыялу. Затое сапраўдныя, пышныя аладкі, якія рабілі й нашы прабабулі, атрымліваюцца толькі ў такіх печах. Хлеб наш выпякаецца вельмі хутка, бо тэмпература ўсярэдзіне печы амаль 300 градусаў”.

Праз некалькі хвілін з такой жа лёгкасцю галоўны пекар вымае хлеб — з дапамогай спецыяльнага каўша. І як жа пахнуць гэтыя ляпёшкі! Пышныя, румяныя, з залацістай хрумсткай скарыначкай. Мне ж дасталася якраз тая, на якую ўпала вока. Цяпер галоўнае — не апячыся. Кажаце, есці гарачы хлеб шкодна? Але ж гэта не кожны дзень... Смак у самаробнай аладкі чароўны, хоць, здаецца, сакрэтаў у рэцэптуры асаблівых няма: мука, вада, соль. “Сакрэт адзін: дасведчаны кухар, пабудаваны па ўсіх традыцыях тандыр і добрая мука, — усміхаецца Рустам, гледзячы, як я налягаю на гарачую ляпёшку. — Як бачыце, усе інгрэдыенты натуральныя, таму ад такога хлеба вашай фігуры шкоды не будзе”.

А як у іх з прыбыткам? Хлопцам пакуль складана штосьці сказаць: толькі пачынаюць. Але бачна, што прадукцыя прыйшлася даспадобы беларусам. Штодзень сотні тандырных аладак разыходзяцца, бо й каштуюць нядорага. Гарачы хлеб у Таджыцкай лаўцы-пякарні прадаецца па паўтара рублі, у канцы працоўнага дня цана памяншаецца на траціну. Гэта мне паведаміў “галоўны” па замешванні цеста. Хоць, казаў, такі хлеб можна захоўваць і трое сутак, і тыдзень — застаецца такім жа смачным.

Мы доўга яшчэ размаўлялі. Ад працавітых, усмешлівых хлопцаў я даведалася: дзе жывуць у Мінску, хто іх бацькі, якія ў іх сем’і, пагаварылі таксама пра звычаі, традыцыі, надвор’е, прыроду. І нават беларускіх дзяўчат... Яны былі настолькі адкрытыя і чыстыя, настолькі прасякнуты глыбіннай, прыроднай дабрынёй, хоць я была з імі практычна не знаёмая, што я раптам падумала: хлеб — гэта ж не толькі неабходны прадукт у нашым рацыёне. Гэта і сродак зносінаў паміж людзьмі, гэткая “смакавая дыпламатыя”, гэта ўнікальнае вынаходства, якое не прызнае межаў і моўных бар’ераў. Гэта заўсёды святло, гэта само жыццё... У шырокім яго разуменні. І дзякуючы такім “хлебным” хлопцам, якія прыязджаюць да нас з іншых краін, і далёкі, экзатычны свет становіцца для нас трохі бліжэйшым.

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter