Паэзii чароўная краса

У сямiдзесятыя — васьмiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя iснавала такое паняцце, як “кнiжны бум”, калi на добрую кнiгу iшло сапраўднае паляванне. Кнiгi расшуквалiся, за iх пераплачвалiся вялiкiя грошы, а ў кнiгарнях стаялi чэргi. Былi аўтары, кнiгi якiх разыходзiлiся на абсягах былога Савецкага Саюза мiльённымi тыражамi.

Але нiчога няма нязменна-трывалага: “усё цячэ i змяняецца”. З распадам той былой краiны знiкла i абазначэнне “савецкая лiтаратура”, а з iм, скажа той-сёй з чытачоў, ацiхла i цiкавасць да кнiгi. У наша жыццё ўсё настойлiвей i настойлiвей уплятаюцца рынкавыя адносiны: вытворца — тавар — спажывец — грошы, i, вядома ж, утварыўся i кнiжны рынак, дзе кнiга называецца элементарна проста: кнiжная прадукцыя, якую моладзь называе яшчэ прасцей: тэксты! Зразумела, у грамадстве могуць быць спажывецкiя адносiны, але ж выключна над усiм уладарыць такое глыбiннае паняцце, як Чалавек — такi, якiм стварыла яго прырода. Чалавек-грамадзянiн, чалавек-працаўнiк i, нарэшце, чалавек-творца.
Камп’ютэр мы называем машынай, напэўна, машынай можна назваць i бiялагiчнага робата. А вось Чалавек  заўжды застанецца Чалавекам, таму што ў яго ёсць душа, тое, што мы можам высока назваць “сасудам самых розных пачуццяў”: любовi, спагадлiвасцi, спачування, захаплення, болю... Менавiта нашы пачуццi патрабуюць Слова. Таму мы i кажам, што ўсё пачалося з яго. Словам кiруе дух... А калi мы маем справу з мастацкiм словам, дык абавязкова згадваем пра талент, што ў народзе называецца “пацалункам Божым”. Дык хiба не памылка, хiба справядлiва называць Кнiгу рынкавай прадукцыяй?! Кнiга — твор, плён душы, яна i фiласофскi трактат, i споведзь, i летапiс жыцця... А што да паэзii, вялiкi Пушкiн у свой час сказаў: “И долго буду тем любезен я народу, что чувства добрые я Лирой пробуждал”.
I дзякуй Богу, што ў рэдакцыю “Народнай газеты”, як, напэўна ж, i ў iншыя рэдакцыi, прыходзяць вершы. Гэта ўсё — плён душы тых, хто хоча абудзiць у людзях добрыя пачуццi. Таму i аднаўляецца на старонках “НГ” паэтычная рубрыка, якая будзе называцца “Паэзii чароўная краса”. Чым больш у нашым жыццi будзе прыгожых пачуццяў, тым больш у нас будзе дабрынi, цяпла, любовi... А што да вершаў, дык усiх паэтаў, i сталых, i маладых, мы запрашаем да супрацоўнiцтва. Лепшыя радкi будуць пастаянна з’яўляцца ў гэтай нашай рубрыцы ў “Народнай газеце” па чацвяргах два разы ў месяц. Хай чытач бачыць, як прыгожа праз Паэзiю раскрываецца такая багатая на пачуццi душа нашага народа.

P.S. Паважаныя чытачы, дасылайце свае вершы ў рэдакцыю “Народнай газеты” з паметкай “Паэзii чароўная краса”. Наступны выпуск нашай паэтычнай рубрыкi, дзе ўжо будуць апублiкаваны вершы чытачоў, чакайце 9 лiстапада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter