У Беларусі адзначаюцца юбілеі вядомых паэтаў з Магілёўшчыны: Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча

Паэзія, што бярэ ў палон

У Беларусі адзначаюцца юбілеі вядомых паэтаў з Магілёўшчыны: Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ўспаміналі творцаў

Паэтычнае слова — гэта не проста занатаванае ў вобразах светаўспрыманне, перажыванні асобнага творцы. Паэзія — той чароўны код, ведаючы які можна бясконца спазнаваць душу народа, з якога выйшаў талент. Давайце ўслухаемся ў тое, што хоча сказаць нам з мінулага Анатоль Сербантовіч: “А лес трывожнай бронзай празвінеў:/ “Таму так многа ў нас было паэтаў,/ Каб і за ўсіх, хто гаварыць не ўмеў,/ Яны пра край наш расказалі свету.”/ Таму ж у нас паэтаў — як бяроз, Таму ў нас і бяроз — нібы паэтаў,/ І цёпла сэрцу ў студзеньскі мароз,/ І нават самай цёмнай ноччу светла”.

Сёлетні Год культуры багаты на юбілеі людзей знакамітых, якія ўзбагацілі нацыянальную культуру, сталі гонарам Беларусі. Многія з іх вядомыя й за межамі краіны, імёны ж іншых — менш вядомыя, але ж і яны плённа папрацавалі на карысць Бацькаўшчыны. Супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры шмат робяць, каб імёны таленавітых творцаў былі на слыху. Сёлета мы адзначаем, напрыклад, юбілеі двух цудоўных паэтаў з Магілёўшчыны: Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча.

Паэтычнае свята пад назвай “Там пачынаецца паэзія…” у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча доўжылася дзве гадзіны. Гучалі вершы, успаміны, песні. Для школьнікаў, студэнтаў творы гэтых паэтаў былі адкрыццём, а ўспаміны, якімі дзяліліся Віктар Карамазаў, Мікола Чарняўскі дадалі свежыя штрыхі да іх партрэтаў. Лёсы паэтаў, хоць імелі яны розніцу ва ўзросце, мелі шмат агульнага. Лірызму вечарыне дадалі й песні на словы беларускіх паэтаў у цудоўным выкананні Таццяны Грыневіч.


Анатоль Сербантовіч

Сцяпан Гаўрусёў

Розніцы паміж імі — амаль роўна 10 гадоў: Сцяпан Гаўрусёў (10.05.1931) з вёскі Нова-Аляксандраўка (цяпер Дрыбінскі раён), Анатоль Сербантовіч (13.05.1941) з вёскі Ордаць Шклоўскага раёна. Абодвух падтрымліваў і натхняў выдатны зямляк-паэт Аляксей Пысін. Гаўрусёў пражыў 57, Сербантовічу толькі 29 гадоў, а папрацавалі яны ў паэзіі плённа: у першага выйшла 13 зборнікаў, у другога — тры. Абодва нарадзіліся ў маі, а пайшлі з жыцця ў сакавіку: Сербантовіч у ноч з 20 на 21 сакавіка 1970-га , Гаўрусёў — 12 сакавіка 1988-га. Пісьменнік Віктар Карамазаў, згадваючы Сцяпана Гаўрусёва, параўнаў яго з волатам, у якога быў па-славянску адкрыты і прыгожы твар, які не псавала й сівізна. Паэт меў востры і ўчэпісты розум, ясную памяць, валодаў энцыклапедычнымі ведамі. Унутраная сіла яго заварожвала, прымушала звярнуць на сябе ўвагу. На сустрэчы ў Літінстытуце Аляксандр Твардоўскі выдзеліў яго сярод іншых.

Звонкім шклоўскім жаваранкам, які маладзенькім узляцеў у зеніт беларускай паэзіі з высокага берага рэчкі Басі ля вёскі Ордаць і зачараваў чытачоў шматгалосай і шматфарбнай мелодыяй вершаў, паэм, санетаў, называў Анатоля Сербантовіча Аляксей Пысін. Арыгінальны талент заўважылі Рыгор Барадулін, Мікола Аўрамчык, Сцяпан Гаўрусёў, Варлен Бечык, Васіль Макарэвіч, Мікола Мішчанчук, Барыс Сачанка ды іншыя пісьменнікі.

Якім Анатоль быў у жыцці, як працаваў над вершамі — пра тое на імпрэзе расказаў Мікола Чарняўскі: з ім Сербантовіч разам здымаў кватэру на вуліцы Красівай. У Гаўрусёва і Сербантовіча шмат вершаў прысвечана каханню, роздуму над жыццём, захапленню роднай зямлёй. І паколькі яны дзецьмі бачылі жахі вайны, то стварылі сапраўдныя шэдэўры ваеннай тэматыкі. Вось як пісаў Сцяпан Гаўрусёў: “Я вырас пад гарматнымі стваламі,/ Я мераў час секундай, а не днём,/ Я вызначаў свой рост не пад сталамі,/ Пад рашчахлёнай пашчай, пад агнём”. І не з меншаю паэтычнай сілай ва ўнісон яму пісаў Анатоль Сербантовіч: “Трывог і сноў пазбавіцца? Ніколі!/ Я спаць кладуся, як іду ў бой./ Каторы год паўзу па мінным полі,/ Па мінным полі памяці маёй”. Абодва яны рана задумаліся аб прызначэнні паэзіі, ролі ды месцы творцы ў грамадстве, пра адказнасць за кожнае сказанае слова. Скажам, Анатоль Сербантовіч запэўніваў чытача: “Не думай, што дзеля славы/ Я песні свае пяю,/ Паэзіі я па праву, Поўнасцю аддаю/ Сябе…”

Юнак жыў паэзіяй, пра тое сведчаць і вершы, і ўспаміны тых, хто яго ведаў, артыкулы даследчыкаў, якіх кранула паэзія творцы. Леанід Галубовіч успрымае асобу Анатоля Сербантовіча, як свайго сучасніка: “Не ведаў яго, а ўспамінаю, як жывога. Бы ЖАВАРАНАК У ЗЕНІЦЕ, звініць ён мне лепшымі сваімі песнямі. У кожнага, нават вялікага паэта, не так шмат помных радкоў, якія ў пэўны час шэпчуцца намі, як заветныя малітвы... Не так многа іх і ў яго. Але ёсць, і якія: “Неба зорнаю кнігаю,/ Дрэва шэрага клін./ Плачуць ціхія кнігаўкі:/ Я не знаю — па кім./ Плач лунае, як мільгаўка,/ І пакуль прамільгне, Мне здаецца,/ Што кнігаўкі/ Плачуць толькі па мне”…І ўсё ж думаецца мне: ён “не самотны”. Не, не таму што “кнігу мае”, а найперш, таму, што мае свайго ЧЫТАЧА насуперак усяму, і — праз дзесяць гадоў і праз трыцаць... Чалавек, які прайшоў з АЗБУКАЙ жыцця на вуснах праз МІННАЕ ПОЛЕ, варты заручальнага ПЯРСЦЁНКА нашай памяці...”

А вось яшчэ адно меркаванне. “Ён не пражыў і трыццаці гадоў, пісаў і ўвогуле толькі дзесяць. Глыток жыцця, празрысты і свежы, і — смерць. Якая нікога не шкадуе, нікога не выбірае і не глядзіць нават на тое, што ты зусім малады, што ты — паэт і не ўсё яшчэ сказаў з таго, што хацеў і мог. Але тое, што нарадзілася, — што гарэла і білася ў душы Паэта, — ніколі не згасне, не сыдзе ў нябыт”. Так напісаў крытык, паэт і драматург Сяргей Кавалёў у пранікнёнай прадмове да зборніка вершаў Анатоля Сербантовіча “Жаваранак у зеніце”. Ён жа прысвяціў артыкул “Сон пра рамонкавага хлопчыка” Сцяпану Гаўрусёву, высока ацаніў ягоную творчасць.

Паэты-землякі пакінулі нам у спадчыну геніяльныя радкі, якія супакойваюць, радуюць, суцяшаюць, настройваюць на філасофскі лад: “Сыплецца ў душу каменняў град,/ Ды сказаць хачу я не пра тое:/ Колькі б ні было ні здрад, ні страт,/ А жыццё ўсё роўна залатое! (С. Гаўрусёў.). Хай будуць з намі па жыцці і гэтыя мудрыя радкі Анатоля Сербантовіча: “Не думайце з трывогаю пра вечнасць,/ Забудзьце пра хвіліны забыцця,/ Складаецца з трагедый чалавечых/ Вялікая трагедыя жыцця”.

Сапраўдныя паэты не вучацца паэзіі — яны ў ёй жывуць: сталеюць, здзяйсняюць, паміраюць. Так было ў Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча. Іх творчасць яркая і адметная: дакранешся да яе аднойчы — і назаўсёды трапляеш у палон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter