Минск
+3 oC
USD: 2.12
EUR: 2.35

Так много летних соблазнов: как мы вместе с милицией искали «заблудившихся» детей

Падлеткi, што гуляюць самi па сабе

Вынікі навучальнага года падведзены, экзамены здадзены, выпускныя вечары адгрымелі... Самы час адпачыць ад школьных буд­няў. Адны вучні вырашылі зрабіць гэта з карысцю: напрыклад,  падцягваюць веды па профільных прадметах, падзарабляюць у працоўных лагерах. Іншыя ж адпачываюць інакш — у клубах, барах і летніх кафэ, якія рэалі­зуюць алкаголь на разліў. Пазіцыя асобных уладальнікаў забаў­ляльных устаноў па гэтым пытанні даволі простая: «У мяне бізнес. А сачыць за дзецьмі — клопат бацькоў». Карэспандэнт «Р» разам з мі­ліцыяй праверыла, як мінскія школьнікі бавяць час.

Калі высвятляецца, што падлетак п’яны, то складаецца пратакол, які накіроўваецца ў камісію па справах непаўналетніх, у навучальную ўстанову і ў дзіцячы наркалагічны дыспансер.
Фота Юрыя Мазалеўскага.
З пачатку лета толькі ў Фрун­зенскім раёне было выяўлена 66 адміністрацыйных парушэнняў з боку падлеткаў.

— Пік затрыманняў непаўна­летніх прыпадае на пятніцу і выхадныя, — уводзіць мяне ў курс справы ўчастковы інспектар ІСН Фрунзенскага РУУС Дзмітрый Нагібовіч, разам з якім мы патрулюем начныя вуліцы Мінска. — Таму ў выхадныя ў горадзе працуюць мабільныя групы. Патрулюем у цывільным адзенні, каб падлеткі не паспелі ўцячы.

У кожным раёне ёсць асаб­ліва праблемны ўчастак. У Фрунзенскім гэта невялікая зялёная зона на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Нёманскай. Паблізу многа шматпавярховых дамоў, дзе часам можна сустрэць юных жыхароў з бутэлечкай піва і чыпсамі. Сёння тут бачым на паваленым дрэве двух хлопцаў. На вуліцы сцямнела, і здалёк іх відаць дрэнна. Падыходзім і правяраем дакументы. Абодвум па 18 гадоў — не наш кантынгент. На супрацьлеглым баку зялёнай зоны — яшчэ адна кампанія, але і там усе аказаліся паўналетнімі.

А што з забаўляльнымі ўстано­вамі? Вырашаем зазірнуць у кафэ на вуліцы Прытыцкага, 156. Унутры непаўналетнія наведвальнікі п’юць выключна безалкагольныя напоі. Яно і зразумела: кафэ абсталявана сістэмай відэаназірання. У такіх месцах рэдка грашаць продажам алкаголю дзецям. Затое кафэ на Прытыцкага, 193 нядаўна трапляла ў зводкі. Афіцыянтка стамілася пад канец змены і забылася праверыць пашпарт у кампаніі падлеткаў, якія заказалі піва. Сёння ўнутры выключна паўналетнія. Мабыць, заплаціўшы буйны штраф за парушэнне, установа павысіла пільнасць. Дарэчы, калі афіцыянт адмаўляе ў продажы алкаголю, падлеткі часам просяць іншых наведвальнікаў набыць ім спіртное. Хтосьці згаджаецца.

— За такую паслужлівасць можна паплаціцца рублём, — папярэджвае Дзмітрый Нагібовіч. — За набыццё алкаголю падлетку прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Прычым пратакол складаецца за кожнага непаўналетняга. Па кожным прадугледжана і адказнасць — ад 5 базавых. А школьніка з дзесяцігадовага ўзросту ставяць на ўлік да дзіцячага нарколага.

Разам з інспектарам правяраем фастфуд каля метро «Каменная Горка». Гэта папулярнае месца ў мясцовых жыхароў, і сярод наведвальнікаў можна знайсці парачку падлеткаў. За столікамі сядзяць некалькі кампаній. Візуальна ўсе паўналетнія, але дакументы ўсё ж правяраем. Знешнасць, як вядома, падманлівая. Размаўляю з афіцыянтам. 

— Пашпарты заўсёды гляджу. Мяне ж потым аштрафуюць, калі што. Яно мне трэба? Тым больш падлеткі цяпер часта выглядаюць старэйшымі за свае гады. Барада ці яркі макіяж яшчэ не гарантыя, што перад табой дарослы чалавек, — разважае ён.

Падлеткаў у рэстаранчыку не аказалася. Вырашаем вярнуцца сюды пазней і праверыць зноў. Падчас патрулявання інспектар расказвае, што летам, асабліва ў выхадныя, міліцыі даводзіцца выязджаць на флеты. Так моладзь называе тусоўкі на кватэры. Пакуль бацькі на дачы, дзеці не губляюць магчымасці запрасіць у госці сяброў на піва.

Ужо сцямнела, стрэлкі гадзінніка наблізіліся да адзнакі 23.00. Пасля гэтага часу ўсіх, каму яшчэ няма 16 гадоў, на вуліцы без суправаджэння дарослых быць не павінна.

Сустракаючы на вуліцы падлеткаў ці заўважаючы іх у падазроных кампаніях, інспектар кожнага браў на карандаш. 

— Калі зараз кагосьці знойдзем, то хто будзе адказваць: дзіця ці бацькі? — цікаўлюся.

— Адказваць будуць бацькі. Хто-небудзь з іх павінен прыехаць і забраць дзіця дадому. Мы складаем пратакол, дзе дэталёва прапісваем абставіны, пры якіх затрымалі школьніка. У далейшым дакумент накіруем у камісію па справах непаўналетніх.

Бачым на вуліцы Калеснікава хлопчыка. Ігару 11 гадоў. Кажа, загуляўся з аднакласнікамі. Да 23.00 засталося 7 хвілін. Праводзім дзіця да пад’езда і перадаём маці.

На гадзінніку амаль 23.30. Каля дома № 15 на вуліцы Берута 15-гадовы хлопец гуляе адзін, без бацькоў. Пазней высветлілася, што яго тата пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Адказваць давядзецца маці. На першы раз справа абыдзецца папярэджаннем.

Вяртаемся да станцыі метро «Каменная Горка» ў рэстаран. Каля стойкі заўважаем хлопчыка гадоў сямі. Кажа, бацька пакінуў яго забраць заказ, а сам пайшоў па справах. А на гадзінніку ўжо амаль апоўначы. Інспектар тэлефануе мужчыне і разам з сынам адпраўляе яго ў апорны пункт міліцыі для высвятлення ўсіх абставін.

Разам з інспектарам правяраем, ці няма ў вядомай сетцы фастфуду каля метро «Каменная Горка» падлеткаў.

Мы ж тым часам правяраем дакументы пасажыраў, якія выходзяць з метро і якім на першы погляд яшчэ няма шаснаццаці. Наогул, тут нярэдка затрымліваюць нецвярозых падлеткаў. Дзмітрый Нагібовіч напрыканцы нагадвае:

— Калі ўзнікае падазрэнне, што падлетак нецвярозы, то вязём яго на вуліцу Перадавая, 11 для медагляду. Калі прыборы паказваюць праміле, то складаем пратакол, які накіроўваем у камісію па справах непаўналетніх, у навучальную ўстанову і ў дзіцячы наркалагічны дыспансер.

gorbatenko@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ
5
Загрузка...