У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці можна пераканацца, як далёка па свеце ведаюць і паважаюць Беларусь

Падарункі высокай пробы

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці можна пераканацца, як далёка па свеце ведаюць і паважаюць Беларусь


Падарункі з Індыі цікава разглядаць з усіх бакоў

Прызнавацца ў добрых пачуццях да людзей, нават цэлых краін можна, як вядома, і падарункамі. Дарэчы, каштоўныя ўзаемавыяўленні сімпатый — даўняя традыцыя на беларускіх землях. Сведчанні знаходзім у старажытных тэкстах. Напрыклад, у “Пахвале вялікаму князю Вітаўту”, помніку беларускай панегірычнай прозы XV стагоддзя. Спецыялісты мяркуюць: створаны тэкст, пэўна, у 1430 годзе ў Смаленску ў асяроддзі мясцовага епіскапа Герасіма. Там, кажуць, складаўся і першы беларуска-літоўскі летапісны звод, завяршэннем і выкладам гістарычнай канцэпцыі якога стала “Пахвала…” А пісалася яна, калі князь быў у зеніце славы і нават збіраўся прымераць каралеўскую карону. Вось урывак з тэкста: “У год 1430 князь вялікі Вітаўт Кейстутавіч склікаў да сябе караля польскага Уладзіслава [Ягайлу], вялікага князя маскоўскага Васіля Васільевіча, вялікага князя цверскага Барыса Аляксандравіча, магістра нямецкага і прускага, магістра лівонскага. Вялікія паслы прыходзілі ад Івана, цара царградскага, і ад рымскага цэсара, і ад дацкага караля, і ад вялікага князя разанскага, і ад валашскага ваяводы паслы прыходзілі. Адоеўскія ж князі самі былі. I ад Вялікага Ноўгарада, і ад Пскова, і ад ардынскага цара, і ад іншых князёў і земляў паслы былі. Гэтыя каралі, вялікія князі і паслы былі ў вялікага князя Вітаўта сем тыдняў на яго страве, а на [кожны] дзень ішло аброку па трыста бочак мёду, па трыста ялавіц, бараноў і вепраў па трыста. Князь вялікі Вітаўт хацеў ускласці на сябе карону, але яго непрыяцелі ляхі не прапусцілі яе, і таму ён не ўсклаў на сябе карону. I расхварэўся князь вялікі Вітаўт і адпусціў [дамоў] вялікіх князёў і царскіх паслоў са шматлікімі падарункамі і з пашанаю”.

Вось бы даведацца: што за падарункі ад князя былі? Зрэшты, калі нават і сёння кантакты паміж народамі, дзяржавамі адбываюцца на ўзроўні іх лідараў, то простым грамадзянам тыя скарбы не пабачыць... Праўда, у жніўні 2009-га быў прэс-тур беларускіх журналістаў у Казахстан, і ў Астане ў Музеі Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан нам паказвалі, што дораць Нурсултану Назарбаеву. Па-добраму зайздросцілі казахстанцам. А калі 20 ліпеня 2012 года адкрыўся Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, там выставілі й некаторыя скарбы-падарункі нашаму Прэзідэнту, народу Беларусі. І вось, нарэшце, у музеі, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея, адкрылася і асобная экспазіцыя пад назвай “Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Прадстаўлена больш за 100 каштоўных прадметаў, падораных Прэзідэнту і Беларусі за апошнія гады. Намесніца дырэктара Гістарычнага музея Ніна Калымага адзначыла на прэзентацыі, што дарылі іх прэзідэнты, кіраўнікі розных дзяржаў, а таксама арганізацый, устаноў, асобныя дэлегацыі, працоўныя калектывы, фірмы, вядомыя асобы з усяго свету. А перададзены гэтыя скарбы з Палаца Незалежнасці, дзе таксама створаны музей, праводзяцца экскурсіі.


Падарунак ад Прэзідэнта Туркменістана

Вазы, нават цэлы шыкоўны чайны сервіз з парцаляны (ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна), карціны, пано, бюсты, статуэткі, медалі, кінжал у інкруставаных ножнах… І як жа шмат гэтыя рэчы могуць расказаць, калі ўважліва да іх прыгледзецца-прыслухацца! Пра той народ, людзей, праз таленты і рукі якіх ішлі да нас гэтыя сведчанні павагі, сяброўства з розных куткоў свету: Індыя, Венесуэла, Катар, Сербія, Кітай… Паколькі адна з апошніх маіх камандзіровак была ў Ашгабат, я з цікавасцю разглядваў падарункі ад Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава: статуэтка знакамітага ахалцекінскага скакуна, шматузорны дыван ручной работы. Гэта тое, чым ганарыцца туркменскі народ. І, як бачым, дарагія і знакавыя для турменаў рэчы, творы мастацтва падораны беларусам.

Беларусь цяпер падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 174 дзяржавамі, прадстаўлена замежнымі ўстановамі ў 56-і дзяржавах. Выстава і сведчыць пра шматвектарнасць знешняй палітыкі Беларусі, якая праводзіцца ўжо больш за 20 гадоў. Пра тое гаварыў на прэзентацыі прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык. Часам, звярнуў ён увагу, даводзіцца чуць пра параўнанне такой пазіцыі з балансаваннем. Аднак на самой справе шматвектарнасць — гэта базавы прынцып беларускай знешняй палітыкі. Наша дзяржава гатова да дыялогу з усімі іншымі, якія паважаюць суверэнітэт Беларусі, спавядаюць прынцыпы роўнасці, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краін.

Мяркую, беларусам замежжа, бываючы ў Беларусі, таксама будзе вельмі цікава знаёміцца з экспазіцыямі ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Каб вам было там камфортна, каб вас сустрэлі ды правялі экскурсію з улікам вашых пажаданняў, варта зрабіць папярэднюю заяўку — інфармацыю пра тое можна знайсці ў інтэрнэце.

А новая экспазіцыя ўжо “абкатана” ў Мінску ды рыхтуецца да падарожжаў як па Беларусі (Гомель, Віцебск), так і ў замежжа: будзе дэмастравацца ў Маскве, у Дзелавым і культурным комплексе, які летась адкрыўся пры беларускім Пасольстве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter