Актывісты Беларускага культурнага руху Малдовы ў чарговы раз зладзілі “Каляднае свята”: цікава было і дзецям, і дарослым

Падарункі ад Зюзі

Актывісты Беларускага культурнага руху Малдовы ў чарговы раз зладзілі “Каляднае свята”: цікава было і дзецям, і дарослым


На Калядным свяце ў Кішынёве кожнаму хацелася паказаць свае таленты

Новы Сонечны год пачаўся для нас у згодзе з традыцыямі продкаў. Зноў сагрэлі-паядналі, паднялі настрой беларускія абрадавыя дзеі: “Каляднае свята” мы ладзілі 26 снежня ў Бюро міжэтнічных адносін Малдовы. Гэта, нагадаю, штогадовы сацпраект для беларускіх этнічных дзяцей і моладзі ў Малдове, а таксама іх бацькоў. Ладзім Каляды, каб вывучаць, асвойваць, развіваць родныя традыцый, беларускую мову, далучацца да культуры беларусаў. Праз такія дзеі мацнее і дружалюбны міжкультурны дыялог паміж беларускім і малдаўскім народамі. Дабрачынную імпрэзу ладзіць наша суполка. Цікавая і прыемная асаблівасць “Каляднага свята” — нязмушаны, гэткі “хатні фармат” ды інтэрактыўнасць: у нас знікае мяжа між выступоўцамі і гасцямі, а дзейства грунтуецца на ўзаемадзеянні ўсіх, хто ў зале.

І сёлета свята сабрала шмат сяброў, гасцей з Пасольства Беларусі ў Малдове, супляменнікаў з беларускіх грамадскіх суполак краіны, сяброў з рускай, украінскай і польскай дыяспар, прадстаўнікоў бізнесу. У ролі гаспадара “Каляднага свята” ўпершыню выступіў наш Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр “Куфар”. І калі меркаваць па шчырых усмешках дзяцей, шчодрых апладысментах дарослых, гаспадар быў — што трэба! Нават самыя малыя, шасцігадовыя артысты годна стваралі вобразы Дзевы Марыі ды Іосіфа з Назарэта, і госці сентыментальна вандравалі ў даўні Батлеем, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пасля Калядных спеваў анёлаў, што абвясцілі нараджэнне Сына Божага, усе радасна прымалі беларускіх калядоўшчыкаў. Сярод іх была і хітраватая ды ўпартая Каза — найдаўні сімвал урадлівасці, дабрабыту. Рагатая ўсё ніяк не хацела ажываць, але дзякуючы шчодрасці, уласцівай беларусам і малдаванам — і яе-такі праявілі запрошаныя на свята сябры — задаволеная Каза ўстала на ногі. Добрай энергіяй падзарадзілі ўсіх беларускія і малдаўскія Калядныя спевы, жвавыя танцы. Дарослыя беларусы крэатыўна выканалі ўсе няпростыя заданні Зюзі, бога беларускай зімы, ды яго памагатай Завірухі. Натхнёныя тым прыкладам, творчыя таленты ў Калядных віншаваннях праявілі й малыя. І ніхто з гасцей не застаўся без гасцінца! Амаль 60 беларускіх дзетак атрымалі смачныя навагоднія падарункі ад Зюзі, а сталых гасцей чакаў прыгожы Калядны стол з пачастункамі.

Сёлета “Каляднае свята” нам дапамаглі зладзіць сумеснае Беларуска-малдаўскае прадпрыемства “Керамін”ды вядомая марка моднага жаночага адзення “Energie Maximă”. А найгалоўнай узнагародай для артыстаў “Куфра” былі словы падзякі, добрыя каментары сяброў. У прыватнасці, Вольга Паўлаўна Шаставец, 77-гадовая ўраджэнка палескага Мазыра, казала: “Адчула тут сапраўднае хатняе цяпло, і што сабраліся родныя душы. Мае даражэнькія, як жа цудоўна ў гэтыя светлыя дні зноў апынуцца на свяце нібыта і майго дзяцінства, дзе так салодка гучыць родная беларуская мова!”

Варта згадаць у допісе і пра яшчэ адно свята, у якім мы ў снежні паўдзельнічалі: Адзначала 25-я ўгодкі з часу стварэння Бюро міжэтнічных адносін Малдовы — у Нацыянальным тэатры імя Міхая Емінеску. З гэтай установай мы цесна супрацоўнічаем: Бюро — пастаянна дзеючы орган пры Урадзе, які распрацоўвае і праводзіць дзяржпалітыку, скіраваную на рэалізацыю правоў грамадзян з нацменшасцяў, дбае пра захаванне, развіццё і выяўленне намі этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасці. Праз Бюро ідзе пастаянны дыялог улады з грамадскай супольнасцю, ладзіцца супраца з этнакультурнымі суполкамі, выбудоўваюцца стасункі прадстаўнікоў нацменшасцяў і тытульнай нацыі. Пры Бюро створаны Каардынацыйны савет этнакультурных арганізацый: увосень адзначаліся яго 20-я ўгодкі. У складзе Савета — кіраўнікі шэрагу грамадскіх суполак: іх ужо больш за 90. Інтарэсы беларусаў Малдовы ў КС прадстаўляе і Беларускі культурны рух Малдовы. .

Святкаванне юбілею пачалося ў канцы кастрычніка фестывалем мастацтваў “Plai natal” (Родны край). Адметную фарбу ў поліэтнічную палітру свята прыўнеслі і беларусы Малдовы. Наша суполка на выставе “Культурная спадчына” прадставіла інфастэнд пра багацці беларускай зямлі. Экспанавалася літаратура пра традыцыі, звычаі, гісторыю і мастацтва Беларусі, былі матэрыялы для тых, хто любіць вандраваць. Прадставілі мы і карціны, мастацкія фатаграфіі, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На юбілейнай урачыстасці ў тэатры Беларускі культурны рух меў слова ад імя нашых супляменнікаў у Малдове. Гучала беларуская мова: 10-хвілінная паэтычна-музычная замалёўка “Мая Беларусь” ад этнатэатра “Куфар” некалькі разоў перапынялася апладысментамі. Прычым паэзія Янкі Кулалы, Петруся Броўкі ды іншых беларускіх паэтаў, якая склала аснову выступу, гожа люстравала асноўныя духоўныя каштоўнасці беларусаў і прымусіла публіку задумацца: што ж у нашым жыцці найгалоўнае?

У Доме нацыянальнасцяў Малдовы мноства розных этнасаў знайшлі свой куток — і мы, беларусы, занялі там пачэснае месца.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Голас Радзімы № 2 (3458), чацвер, 21 студзеня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter