Па той бок заслоны

Сваімі вачыма: што адбываецца за кулісамі тэатра падчас спектакля

Для гледачоў тэатр пачынаецца з вешалкі, а для акцёраў —  з закулісся. Напрыканцы тэатральнага сезона мы якраз туды і зазірнулі. Апынуўшыся за кулісамі, разумееш, што гэта асобная сістэма, якая складаецца з непад’ёмнай працы людзей самых розных прафесій. Карэспандэнт «Р» даведалася, хто ўдзельнічае ў пастаноўцы спектакля, чым займаюцца артысты за пяць хвілін да выступлення і што ім дапамагае ўжыцца ў вобраз.

Акцёры, якія знаходзяцца за кулісамі, прагна сочаць за ігрой калег на сцэне

Прамудрасці закуліснага жыцця


Прыходзім у Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр за гадзіну да спектакля. На сцэне ўжо «варожаць» асвятляльнікі і гукааператары. Акцёры, пакуль яшчэ ў «цывільным», праганяюць найбольш слізкія моманты сцэнарыя. 

Яшчэ не бачым касцюмаў і паўнавартасных дэкарацый, але ўжо адчуваецца лёгкая джазавая атмасфера. А як інакш? Нам жа давядзецца глядзець музычнае рэвю «Аднойчы ў Чыкага». Спектакль гэты пастаўлены па матывах брадвейскіх мюзіклаў і цалкам адлюстроўвае вобраз свабодалюбівай Амерыкі пачатку мiнулага стагоддзя.

— Падрыхтоўка да спектакля пачалася ўжо а другой гадзіне. Адбылася апошняя рэпетыцыя, работнікі сцэны пачалі ставіць дэкарацыі. Зараз ідзе настройка святла і гуку, — знаёміць нас з прамудрасцямі закуліснага жыцця рэдактар PR-групы службы маркетынгу музычнага тэатра Яўгенія Ігнаценка. — Акцёры пачынаюць прыходзіць дзесьці з пяці гадзін. Хтосьці распяваецца, хтосьці адразу пераапранаецца. Яны могуць падыходзіць і на працягу спектакля, калі выхад пазней.

Пад покрывам тайны


За кулісамі кідаецца ў вочы мноства вялізных дэкарацый. Найбольш здзіўляе шматфункцыянальнасць гэтых канструкцый. Напрыклад, у сённяшнім спектаклі будзе задзейнічана грувасткая металічная дэкарацыя. На працягу ўсяго дзеяння яна будзе трансфармавацца то ў вагон, то ў балкон, то нават у душ. 

Таксама ўвагу прыцягвае невялікі экран на сцяне за кулісай. 

— Сюды падчас спектакля выводзіцца асноўнае дзеянне, якое адбываецца на сцэне. З другога боку таксама ёсць экран, толькі ён належыць памочніку рэжысёра. Ён асноўны чалавек на спектаклі, — цалкам упэўнена Яўгенія, — бо ўсё трымае ў сваіх руках, ведае ўсе пераходы, можа падказаць словы, закамандаваць даць дыму... 

За кожнай кулісай — столік з неабходным дробным рэквізітам. Чаго тут толькі няма! Ад фотаапаратаў, аўтаматаў і штучных бутэрбродаў да бакалаў, бутэлек з-пад шампанскага і часопісаў эратычнага зместу. 

— Усё гэта — дробныя прадметы, якія выкарыстоўваюцца ў спектаклях, — паказвае нам сваю гаспадарку загадчык рэквізітнага цэха тэатра Ірына Стаін. — Як запомніць, дзе што месціцца? Гэта гады практыкі. Я ў тэатры больш за 20 гадоў. Калі дома ёсць што-небудзь цікавае і непатрэбнае, можна прыносіць сюды. На сцэне ўсё спатрэбіцца.

Паўгадзіны да спектакля


Грымёры цалкам ствараюць вобраз героя. Яны не толькі наносяць грым, але і шыюць вусы, падплятаюць парыкі.
На фота — загадчык грымёрнага цэха Людміла БАСАЛАЙ з салісткай Кацярынай ДЗЕГЦЯРОВАЙ

На сцэну выходзіць бабуля з вядром і швабрай і пачынае мыць падлогу. Апошні раз перад дзеяннем. Мы вырашаем прайсціся па тэатральных закутках і наведацца ў грымёркі. Каб іх знайсці, даводзіцца нават паблукаць. Тэатр сапраўды здзіўляе памерамі: тут дзесяць паверхаў, чатыры ліфтавыя зоны. 

Каля грымёрак асабліва ажыўлена. На асобных вешалках на калідор выносяць сцэнічныя касцюмы. Артыст з выразна намаляванымі вачыма і ў адных толькі штанах ідзе па калідоры і распяваецца: «Прыыы-вііі-тааа-неее!»

У адной грымёрцы месціцца каля чатырох чалавек. Артысты хору і балета, як правіла, рыхтуюцца да спектакля самастойна. За салістаў бяруцца грымёры. Гэтыя людзі цалкам ствараюць вобраз героя. Яны не толькі наносяць грым, але і шыюць вусы, падплятаюць парыкі. 

— Бывае, што і дыхнуць няма калі, — смяецца загадчык грымёрнага цэха Людміла Басалай, пакуль рыхтуе салістку да выхаду. — Насамрэч усё залежыць ад спектакля і вобраза. Калі-нікалі паспяваем нават спытаць адзін у аднаго, як справы. 

Актрыса Кацярына Дзегцярова падхоплівае размову:

— У нас, артыстаў, неўроз бывае. То балюча, то тое не так, то гэта не гэтак. Я хвалююся кожны раз перад выхадам на сцэну. Не толькі сябе хочацца паднесці ў лепшым свеце, але і апраўдаць працу сваіх калег, партнёраў. 

Магiя жанру


З дазволу памочніка рэжысёра застаёмся за кулісамі на спектакль.

— Галоўнае, каб вас не пакалечылі. Ці мала што зваліцца. Сцэна — зона павышанай небяспекі, — папярэджвае яна. 

Праз хвіліну — пачатак. За кулісамі гэта добра адчуваецца. Танцоры ў джазавых касцюмах «залатых» гадоў, дастаткова адкрытых, крыху вульгарных, апантана размінаюцца. Салісты паходжваюць узад-уперад, паўтараючы словы. Хваляванне схавана ад чужых вачэй. 

Дзеянне распачынаюць артысты балета, якія спачатку іграюць журналістаў. Са сцэны яны проста «збягаюць» у грымёрку: за 2—3 хвіліны трэба пераўвасобіцца ў аўтаслесараў. З задачай спраўляюцца на выдатна. Дзяўчаты з балета расказалі па сакрэце, што скідваюць за спектакль па два-тры кілаграмы. 

У асноўным падчас спектакля артысты пераапранаюцца самі. Касцюмеры і грымёры дапамагаюць толькі галоўным героям, якія часта мяняюць вобраз. У гэтым спектаклі закулісныя памочнікі папацелі на славу: шмат разоў даводзілася пераўвасабляць мужчынскія персанажы ў жаночыя і наадварот. 

— Глядзіце, каб шынай па галаве не далі, — папярэджваюць тэхнікі, якія падхопліваюць і збіраюць буйныя дэкарацыі за сцэнай.

Пакуль хлопцы з балета іграюць аўтаслесараў, салісты рыхтуюцца да выхаду. Яны цалкам расслабленыя, сочаць за дзеяннем на сцэне, нават падтанцоўваюць услед. 

Са сцэны артысты вылятаюць з рознымі эмоцыямі: хтосьці шчыра і задаволена ўсміхаецца. А адзін з танцораў, відавочна, не ў гуморы: «Невыносна, у гэтай шапцы так горача». І сапраўды, калі на вуліцы 30 °С, на сцэне — усе 50 °С. Плюс касцюмы, заўсёдны рух. Не пазайздросціш… 

Усё ж такі хваляванне ёсць, яго трэба заўважыць. Перад чарговай сцэнай галоўная гераіня, апынуўшыся адна, спачатку старанна паўтарае словы, а потым тройчы хрысціцца. У гэты час са сцэны даносіцца: «Што ты робіш? Ты адарваў мне грудзі!» Касцюмер за некалькі секунд да выхаду папраўляе ўжо пераапранутаму ў Дафну акцёру пояс на халаце. 

З працягам дзеяння робіцца ўсё гарачэй… Адзін з салістаў за кулісамі ўжо выцірае твар ручніком, другі глядзіцца ў люстэрка (люстэрка ў поўны рост стаіць адразу перад выхадам на сцэну) і працірае твар сурвэткай. 

Падчас антракту


На сцэне застаюцца толькі тэхнічныя рэдактары. Змяняюцца дэкарацыі, рэгулюецца свет. Намеснік рэжысёра ўласнаручна расстаўляе сталы. Праз тры хвіліны ўсё падрыхтавана да наступнага дзеяння. 

За кулісамі антракт праходзіць значна хутчэй, чым калі сядзіш у зале. Крыху пасвяжэлыя артысты, ужо ў іншых уборах, рыхтуюцца да чарговага выхаду. Харэограф Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч дае настаўленні падапечным: «Абавязкова падвучыце румбу». 

Другая дзея праходзіць нашмат спакайней. У ёй задзейнічана менш герояў, у асноўным салісты. За кулісамі асабліва адчуваецца, што акцёры стаміліся. Аднак тут ідзе свой гумарыстычны спектакль. 

— Харэ спаць! — жартуюць калегі з танцора, якога прынеслі са сцэны і акуратна паклалі на падлогу. 

Фінал


Усе акцёры на сцэне. За кулісамі застаўся толькі тэхнічны персанал. Да вуха даносяцца думкі ўслых тэхніка: «Усім дзякуй, усе свабодныя, разыходзьцеся хутчэй». Такія думкі можна зразумець: тэхнічны персанал застаецца пасля спектакля, каб разабраць дэкарацыі. 

А артысты пасля ўсеабдымных авацый і гучных апладысментаў на сцэне хутка разбягаюцца па грымёрках. «Усім дзякуй за працу», — чую словы салісткі. Пасля — пераапрананне, зняцце грыму і іншай тэатральнай мішуры. Выходзяць артысты з тэатра звычайнымі людзьмі, якіх наўрад ці пазнаюць у магазіне ці на вуліцы. 

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Антаніны ХАТЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости