Па тоне на гектар

Першую тысячу тон азімай пшаніцы намалацілі хлебаробы ААТ «Вядрэнскае-Агра» Чашніцкага раёна

Першую тысячу тон азімай пшаніцы намалацілі хлебаробы ААТ «Вядрэнскае-Агра» Чашніцкага раёна.


— Перайсці без затрымкі на збожжавыя дапамагло своечасовае завяршэнне ўборкі азімага рапсу, — паведаміў дырэктар Аляксандр Хацкевіч. — Кожны з 210 гектараў даў па 23,5 цэнтнера на круг. Выканалі дзяржзаказ, атрымалі мільярд 200 мільёнаў рублёў выручкі. А гэта добрая падтрымка на ўсю ўборачную.

Камбайны ў гаспадарцы адрамантавалі яшчэ восенню. Усе праблемы з давядзеннем зерня да кандыцыі зняла новая сушылка. Так што 1905 гектараў збожжавых будуць убраны ў тэрмін.

Летась у сельгасфіліяле «За Радзіму» Глыбоцкага раёна сабралі па 30 цэнтнераў зерня на круг. Сёлета разлічваюць прыбавіць яшчэ па тоне на гектар.

А лідзіруюць на ўборцы хлебаробы Аршанскага раёна, дзе збожжавыя абмалочаны на 3272 гектарах, што складае 8,8 працэнта ад усёй плошчы пры ўраджайнасці 33 цэнтнеры. У СВФ «Брадзячына» кожны гектар дае па 45 цэнтнераў.

Начальнік Аршанскага райсельгасхарчу Канстанцін Савін называе выключна высокі настрой удзельнікаў жніва:

— Людзі недасыпалі на пасяўной, старанна даглядалі расліны і цяпер ніхто не жадае, каб гэта праца прапала дарма.

Для таго, каб не дапусціць страт, аршанцы запрасілі на ўборачную для кансультацый прафесара Горацкай акадэміі Якава Яроцкага.

Згодна інфармацыі намесніка старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы Івана Фёдарава, у цэлым па вобласці ўбрана 14767 гектараў пры ўраджайнасці 30 цэнтнераў на круг. У Дубровенскім і Віцебскім раёнах адпаведна — па 36 і 35,5 цэнтнера. Але на палавіне плошчаў збажына палягла ад шквалістага ветру і моцных ліўняў.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота Міхаіла ДЗЕРАВЯГІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter