“Няўжо мае песнi i днi адшумелi?”

Апошнiя вершы Якуба Коласа чакалi свайго чытача палову стагоддзя У музейным свеце, знешне цiхiм i ўраўнаважаным, бываюць свае сенсацыi. Звычайна яны не ўскалыхваюць грамадства так, як нейкiя эканамiчныя цi палiтычныя ўзрушэннi. Але бывае, што знаходка музейных работнiкаў настолькi значная для краiны, што на нейкi час становiцца адной з галоўных тэм размоў людзей самых розных прафесiй. Апошнi набытак Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа можна з поўным правам назваць сенсацыяй, бо надзвычай рэдка бывае такое, каб паўсотнi нiкому не вядомых, нiдзе яшчэ не друкаваных вершаў класiка трапiлi ў музей праз 50 гадоў пасля яго смерцi. I ўсё ж гэта адбылося: не так даўно сын Якуба Коласа, Мiхась Канстанцiнавiч Мiцкевiч, перадаў у фонды музея 50 вершаў бацькi, якiя дагэтуль знаходзiлiся ў сямейным архiве.

Вершам апошнiх гадоў жыцця Коласа — яны датуюцца пераважна 1954, 1955 i 1956-м — супрацоўнiкi музея далi назву “бальнiчны” цыкл. Створаны яны былi на бальнiчным ложку.
— Упершыню сур’ёзныя праблемы са здароўем напаткалi Коласа напрыканцы 1940-х, — расказвае галоўны захавальнiк фондаў Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Антанiна Гарон. — Зрабiла сваю чорную справу курэнне, доўгiя гады ён выкурваў больш за пачак у дзень! Дыхальныя шляхi ў паэта заўсёды былi не вельмi здаровымi: на працягу жыцця Колас перанёс 26 запаленняў лёгкiх. Тады, у 1940-х, медыкi вынеслi Канстанцiну Мiхайлавiчу жорсткi “прыгавор”: “Хочаце жыць — кiдайце курыць!”. I ён кiнуў, хоць для чалавека з такiм стажам курэння гэта было няпроста. Першыя вершы з “бальнiчнага” цыкла адносяцца менавiта да гэтага часу: “Я хворы, нядужы, прыкован к пасцелi, Зачынен мой свет. Няўжо мае песнi i днi адшумелi, I сам я адпет?”...  Дарэчы, гэтыя вершы — “У часе хваробы”, “Ляжу я хворы, аслабелы” — вядомы лiтаратуразнаўцам: яны ўваходзiлi ў некаторыя зборы твораў Коласа. Але ж большасць з вершаў “бальнiчнага” цыкла сталi для навукоўцаў адкрыццём. У iх Колас прадстае зусiм нязвыклы, непадобны да сфармiраванага раней вобраза песняра.
— Слабы, нядужы, раздражняльны, якiмi звычайна бываюць пажылыя, хворыя, адзiнокiя людзi?
— Напрыканцы жыцця Колас сапраўды адчуваў адзiноту: яго сiлы падарвала страта любiмай жонкi Марыi Дзмiтрыеўны i сярэдняга сына Юрыя, якi загiнуў на фронце ў час Вялiкай Айчыннай вайны. Канешне, побач з iм былi яго сябры — лiтаратары, дзеячы культуры, два сыны — Данiла i Мiхась, iх жонкi Зарына i Наталля (дарэчы, дачка Янкi Маўра, з якiм Колас сябраваў), унукi. Ды i без працы да самага апошняга часу жыцця класiк не сядзеў: чытаў i рэцэнзаваў творы маладых i сталых лiтаратараў (ён уваходзiў у Камiтэт па сталiнскiх прэмiях), пiсаў тэксты выступленняў, даваў iнтэрв’ю, працаваў над апошняй часткай трылогii “На ростанях” i цыклам апавяданняў “Казкi жыцця”. Але ўсё ж узрост даваў аб сабе знаць: у 74 гады хворы чалавек глядзiць на свет не вельмi радасна. Да таго ж, па словах Мiхася Канстанцiнавiча Мiцкевiча, малодшага сына Якуба Коласа, той заўсёды, нават у маладосцi, быў чалавекам даволi замкнутым, негаваркiм. Але не тое што скаргаў, а нават i суму ў вершах “бальнiчнага” цыкла няма. Колас застаўся верны сабе, i вершы яго — светлыя, выклiкаюць у чытача адчуванне душэўнага ўздыму. I нават, як нiколi дагэтуль, прасякнуты цёплым народным гумарам.
“Не патрэбны песнi, слава, я ад iх у старане...”
Многiя вершы “бальнiчнага” цыкла Якуб Колас прысвяцiў свайму лечачаму ўрачу Сяргею Iосiфавiчу Лiаранцэвiчу. У гэтых паэтычных радках паэт называе доктара то “чарадзеем”, то “доктарам дзiвосным”, то нават “Сергiем прападобным”.
— З цеплынёй i ласкай па сённяшнi дзень адзываецца пра Сяргея Iосiфавiча сын Коласа, — расказвае Антанiна Гарон. — Памяць аб гэтым выдатным урачы, сцiплым, добразычлiвым чалавеку жыве ў сям’i нашчадкаў паэта, хоць доктара Лiаранцэвiча даўно ўжо няма на гэтым свеце: ён быў толькi гадоў на пяць-шэсць маладзейшы за Коласа.
У паэта i яго ўрача было шмат агульнага. Доктар быў заўзятым паляўнiчым, разумеў i любiў беларускую прыроду. Колас страцiў жонку, i Сяргей Iосiфавiч жыў бабылём. I як Колас быў выдатным лiтаратарам, так i Лiаранцэвiч быў выдатным урачом: яго меркаванне калегi-медыкi цанiлi не менш чым рашэнне кансiлiума прафесараў, сведчыць Мiхась Канстанцiнавiч Мiцкевiч. А хворыя, тыя проста ўлюблялiся ў доктара, якi ўмеў самым цяжкiм падараваць надзею на выздараўленне. I лепшым помнiкам прафесiяналiзму i адданасцi сваёй справе доктара Лiаранцэвiча сталi прысвечаныя яму вершы знакамiтага пацыента — Якуба Коласа:

О Сергiй прападобны,
Прымi даклад падробны.
Мала сплю без парашкоў,
З парашкамi горай.
Я прашу, каб быў здароў,
Дапамогi скорай.
Без музыкi, без дуды
Ходзяць ногi не туды.
Эх вы, палкi-елкi,
Стопачку б гарэлкi...

Гэта верш жартоўны, але прысвячаў свайму ўрачу Колас i сур’ёзныя радкi.
Без малiтвы, без заявы
Доктар добры i ласкавы
Сам пайшоў насустрач мне.
Не патрэбны песнi, слава
I прамоў узнёслых лава —
Я ад iх у старане.
А вось чуласць,
чалавечнасць —
Iм дарога проста
ў вечнасць —
Больш за ўсё нам даражэй.
Хай агорне iх бяспечнасць,
Хай дарогу ў бесканечнасць
Iм асвецiць санцавей.

— Як нiколi, адчуваў у той час паэт патрэбу ў дабрынi, чалавечнасцi, чуласцi. Але ў плен хваробе не здаваўся, змагаўся з ёй усмешкай, жартам i быў душой таго своеасаблiвага “калектыву”, якi склаўся ў аддзяленнi з хворых, урачоў, медыцынскага персаналу.
“Калегi”
па бальнiчным ложку
Напрыканцы жыцця Якуб Колас быў знакамiтым на ўвесь Савецкi Саюз лiтаратарам, народным паэтам, жывым класiкам. Зразумела, што лячыўся ён у самай прэстыжнай у БССР медыцынскай установе — так званай лечкамiсii. I сярод яго “калег” па бальнiчным ложку сустракалiся вядомыя дзеячы культуры. Напрыклад, менавiта ў бальнiцы лёс звёў Коласа са знакамiтым рэжысёрам Купалаўскага тэатра Канстанцiнам Саннiкавым.
— Тут трэба сказаць, што Колас нiколi не быў аскетам, любiў, як кажуць, i чарку, i шкварку, шчыра працаваў i не цураўся добрай кампанii, — растлумачвае Антанiна Мiхайлаўна. — Зразумела, бальнiчны распарадак патрабаваў ад хворых берагчы сябе, але сумна пеставаць свае “балячкi” было не ў правiлах Коласа. Наадварот, да апошнiх дзён захаваў ён у душы нейкую юнацкую гарэзлiвасць, iмкненне парушаць правiлы — каб гэтага ў iм не было, не стаў бы ён адным з найвялiкшых песняроў, чые творы адкрывае для сябе кожнае новае пакаленне... Дык вось, нярэдка тайком ад медперсаналу Колас дзялiў з Саннiкавым чарку-другую. А прыносiлi “амброзiю” (як жартаўлiва называў гарэлку Колас у сваiм “бальнiчным” цыкле) сябры Канстанцiна Саннiкава, артысты. Вiзiцёры хавалi бутэльку пад века раяля, што стаяў на калiдоры, а Саннiкаў потым цiха яе даставаў i прыносiў “пачастунак” у палату. Але аднойчы артыст (гэта быў Дзядзюшка) з’явiўся з пустымi рукамi. У адказ Колас пiша экспромт “Неспагаднасць”:

Добра чуў Дзядзюшка,
Што шаптаў на вушка
Яму нехта хворы.
Дзень за днём праходзiў,
А ён, той дабродзей,
Кiнуў друга ў горы.
Дзядзюшка—Дзядзюшка,
Хоць бы чацвяртушку
Простае сiвухi!
Ачарсцвелi душы,
Самi п’юць Дзядзюшы,
А да хворых глухi!

У 2007 годзе беларуская i сусветная грамадскаць будзе адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння славутых беларускiх песняроў Купалы i Коласа. Класiку беларускай лiтаратуры Якубу Коласу i яго творчай спадчыне будзе прысвечана мноства мерапрыемстваў, што адбудуцца ва ўсiх кутках нашай краiны i за яе межамi. Дарэчы, першым з iх стане выстава “Пад небам Коласа” ў Нясвiжскiм гiсторыка-культурным музеi-запаведнiку, якая пачне работу заўтра, 24 студзеня, i будзе прысвечана гадам навучання будучага паэта ў Нясвiжскай настаўнiцкай семiнарыi. Са школьнай лаўкi мы прывыкаем да таго, што класiк  — гэта партрэт у хрэстаматыi цi помнiк на плошчы. Плануецца, што апошнiя вершы i нататкi Коласа будуць уключаны ў новы шматтомны збор яго твораў. I, напэўна, гэта дапаможа чытачам убачыць Якуба Коласа iншым — сапраўдным чалавекам зямлi, простым, сцiплым, мужным, улюбёным ў жыццё.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter