НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Казачная вандроўка
Масла, А. С.
Вандроўка з божымі кароўкамі: казачная аповесць: для малод. шк. узросту/ Алена Масла; маст. М.І. Сташулёнак. — Мінск: Маст. літ., 2007. — 62 с.: іл.

Хто не памятае з маленства: “Божая кароўка, / Паляці на небка. / Прынясі нам хлебка/ Чорнага і белага, / Толькі негарэлага.” Альбо: “Божая кароўка, / Што заўтра будзе/ Дождж ці пагода, / Пень ці калода? / Калі пагода — ляці, / Калі дождж — сядзі.” Гэтыя народныя заклічкі складалі частку жыцця на вуліцы, уплывалі на фарміраванне пэўных уяўленняў пра прыроду, вучылі мове і падаваліся выключна важнай дзіцячай мудрасцю. Пісьменніца Алена Масла падаравала юнаму чытачу казачную аповесць “Вандроўка з божымі кароўкамі”. Пазнаёміўшыся на самым пачатку з божымі кароўкамі Ірыскай і Хлебным Мякішам , немаўляты адкрываюць для сябе займальны свет прыгод, дзе і героі дагэтуль невядомыя,  і характар іх паводзін непрадказальны, і займальнасць сюжэта спалучана з дабрынёю, лагодай і згодай, што пануюць у казачным свеце. Адмысловыя прыдумкі пісьменніцы ў кожным з падраздзелаў казачнай аповесці  нязмушана нагадваюць пра многія правілы зямнога быцця, што таксама падаецца ў казачным кантэксце далёка не лішнім. А якраз гэтая акалічнасць павінна пераканаць бацькоў, што часам на ўзбраенне ў справе выхавання не лішняй можа падасца і добрая кніга.

Bялікі індыйскі шукальнік
Тагор Р.
Гитанджали: Жертвенные песнопения = Gitanjali: Song Offerings/ Рабиндранат Тагор; худож. Г. Поплавский. — Минск: Маст.літ., 2006. — 135 с. : ил.

1914 год, Яраслаўль. Максім Багдановіч піша рэцэнзію на зборнік “Гітанджалі” Рабіндраната Тагора (зразумела, выдадзены па-руску, пад рэдакцыяй Ю.Балтрушайціса) : “В наши дни, столь богатые поэтами и столь бедные поэзией, становятся особенно дорогими книги вроде той, которая отмечена в заголовке предлагаемого разбора...” Сёння Рабіндранат Тагор прыйшоў да чытача ў новым выданні “Мастацкай літаратуры”.  На англійскай і рускай мовах. Аўтар малюнкаў да неўміручай кнігі “Гітанджалі” — беларускі мастак Георгій Паплаўскі. Што адметнага ў гэтых 103 ахвярных песнях, за якія ў 1913 годзе індыйскі паэт быў уганараваны нобелеўскай прэміяй? Пісьменнік, які знаходзіўся ў паўсядзённым пошуку, даводзіў тэорыю “джыбан дэбата” — “боства жыцця”. Ці лёгка пранікнуцца гэтым і чытачу? Ці лёгка паразумецца з паэтам і яго светапоглядам? Кожнаму давядзецца самому рабіць выбар. Заўважу толькі адно: кніга, падараваная шырокаму колу чытачоў “Мастацкай літаратурай”, з’яўляецца сапраўдным творам кніжнага мастацтва, знаёмства з ёю прыносіць эстэтычную асалоду. Дзякуючы цікавым ілюстрацыям Г.Паплаўскага, для якога Індыя — зусім не чужая краіна, настройваешся на адпаведны лад, уваходзіш ў знаёмства з тэкстам, быццам адольваеш нешта даўно вядомае і прыцягальнае.


Свой Пушкін
Сульянов А.К.
Пушкин, Элиз Кутузова и Долли Фикельмон: Мемуары/ А.К. Сульянов. — Мн. : Харвест, 2006. — 400 с.

Анатоль Канстан-цінавіч Сульянаў добра вядомы як празаік армейскай тэмы, у апошнія гады большую частку сваёй літаратурнай работы скіраваў на клопаты дакументаліста. У першую чаргу даследаваў лёсы маршала Жукава, Лаўрэнція Берыі. Напісаў дакументальную аповесць пра сакратара ЦК КПБ Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна. Ведаю, што ў партфелі часопіса “Неман” — рукапіс новай працы Анатоля Сульянава пра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, з якім генерал-маёр авіяцыі доўгі час сябраваў. У выдавецтве “Харвест” пабачыла свет кніга празаіка і публіцыста “Пушкин, Элиз Кутузова и Долли Фикельмон”, у якой аўтар разглядае біяграфію вялікага паэта праз прызму яго стасункаў з жанчынамі. Хаця варта адразу папярэдзіць аматараў “клубнічкі” , што кніга напісана з пачуццём такту, павагі да жанчын, якія так ці іначай спрычыніліся да лёсу Аляксандра Сяргеевіча. У расповедзе пра “сонца” рускай паэзіі Анатоль Сульянаў знайшоў тую інтанацыю захаплення і разам з тым разважлівасці, без якой і прыхільнікам Пушкіна  сябе не варта лічыць. Кніга пісалася ці, дакладней, стваралася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, пачынаючы з дзяцінства, юнацтва аўтара, якому шчасціла на сустрэчы з мясцінамі Пушкіна і з пушкіністамі. Праз прызму асабістага  вядзе пісьменнік дыялог з чытачом на вельмі трапяткую і эмацыянальную тэму. Прачытаўшы грунтоўную і зусім не аднабаковую біяграфію паэта ў выкладанні
А. Сульянава, не можаш не пагадзіцца з аўтарам: “Пушкин всегда современен. Его строки о судьбах народов, его беспокойство об их будущем и сегодня поразительно злободневны. Он мечтал о том времени, “когда народы, распри позабыв, в великую семью соединятся”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter