Не я б`ю, вярба б`е

Заўтра каталiкi i праваслаўныя адзначаюць Вербную нядзелю

Учора вернікі адсвяткавалі праваслаўнае Дабравешчанне, а ўжо заўтра наступіць іншае свята — Уваход Гасподні ў Іерусалім. Ці папросту Вербная або Пальмавая нядзеля. Як вернікі рыхтуюцца да свята, які сэнс  укладаюць у яго і, дарэчы, колькі будзе каштаваць вярба, даведалася карэспандэнт «Р».

Цікава, адкуль пайшла традыцыя асвячаць вербы? Святар Андрэй Ламакін, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора, раскладае ўсё па паліцах:

— У Евангеллі напісана, як Гасподзь увайшоў на асле ў Іерусалім. Калі хтосьці з чытачоў газеты ўдумліва чытаў Евангелле, то памятае, што Ісус Хрыстос неаднойчы быў у Іерусаліме. Пытанне: чым жа гэты ўваход адрозніваецца ад астатніх? Калі мы паглядзім на абраз гэтага свята, то ўбачым на ім, як Ісус сядзіць на осліку, а ўсе людзі сцелюць перад ім сваё адзенне, зразаюць пальмавыя галіны і быццам высцілаюць імі царскую дарожку.

Кожны вернік тады ведаў пра­роцтва пра выратаванне. А менаві­та тое, што Збавіцель прыйдзе, седзячы на сціплым осліку, а не на царскіх конях. Менавіта таму, высцілаючы галінамі пальмы дарогу Ісусу, яны быццам імправізавана выказвалі яму сваю пашану. З таго эпізоду і пайшла традыцыя асвячаць пальмавыя галіны. Але паколькі ў нашых шыротах няма пальмаў, а першымі вясной распускаліся заўсёды вербы, асвячалі іх.

— Які глыбокі сэнс у асвячэнні вярбы? Не ў тым, каб гэтая галінка давала нам дапамогу, плюсы і бонусы. Мы такім чынам, як і тыя людзі, выказваем пашану Хрысту, быццам таксама сцелем перад ім вярбу, — робіць акцэнт клірык.

Кожны, хто нясе ў дом асвячоную вярбу, такім чынам духоўна вітае Госпада.
dachnia-idei.ru

Людзі чакалі ад Збавіцеля тое, чаго чакаюць ва ўсе стагоддзі: здароўя, камфорту, дабрабыту і дастатку. Так, Хрыстос вылечваў, карміў галодных, уваскрашаў памерлых. Такі выратавальнік усім быў зручны і патрэбны. Клірык працягвае:

— Але калі Хрыстос сказаў пра пакаянне ў грахах і пра тое, што прыйшоў не для таго, каб даць матэрыяльны дабрабыт, а каб даць жыццё вечнае, людзі сказалі, што ім такі Збавіцель непатрэбны. Менавіта таму духоўны сэнс свята хоць і ўрачысты, але паралельна з гэтым ён нагадвае пра пераменлівасць чалавечай прыроды.
Вербы можна набыць у Мінску на «Вербным кірмашы» за 1,5—3 рублі альбо за ахвяраванне ля храмаў. Пальмавыя галінкі абыдуцца ў 2 рублі.
Галоўнае, па словах святара Андрэя Ламакіна, у тым, каб вернікі імкнуліся быць пастаяннымі ў любові да Госпада і блізкага свайго, што б ні здарылася:

— Гэта галоўная каштоўнасць свята. Калі так навучымся рабіць, то тады духоўна мы заўсёды будзем сустракаць Збавіцеля з галінамі, вітаць і ніколі яго не зможам распяць. Таму кожны, хто нясе ў дом, кватэру асвячоную вярбу, такім чынам духоўна вітае Госпада.

А што ж народны звычай біць вярбой? Лічыцца, што, маўляў, калі пасцябаць ёю чалавека, ён стане лепшы.

— Гэта паганскае ўяўленне пра свята. У такой звычцы нават ёсць неразуменне сэнсу асвечанай вярбы, — дзівіцца гэтай з'яве клірык. — Вы ж яе асвяцілі, як гэтым біць?

Каталіцкая царква таксама стараецца нагадаць вернікам, што сутнасць свята зусім іншая: вярба не проста сімвал, у гэтым ёсць вялікі духоўны сэнс. Ксёндз Юрый Санько, прадстаўнік Кан­ферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, кажа:

— Галінкі пальмаў, вярбы пасля свята будуць захоўвацца ў нашых дамах і кватэрах, у цэлым у сем'ях. Калі людзі ідуць з вербамі ў храмы, яны паказваюць дэкларацыю сваёй веры. Вельмі радасна, што ў гэтым годзе праваслаўныя і каталікі разам будуць адзначаць Вербную нядзелю. Гэта велізарная ўрачыстасць змяшаных беларускіх сем'яў.

alinakasel@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?