У краіне расце колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій

Назавіце паролі і яўкі

Хакеры нажываюцца за кошт нашай празмернай бестурботнасці. Яны ўзломваюць чужыя акаўнты ў сацсетках, па розных прычынах просяць у сяброў і знаёмых рэквізіты банкаўскіх карт, а затым выкрадаюць грошы з карт-рахункаў. Схема няхітрая, але распаўсюджаная. Як не трапіць на гэтую вуду?

Стаўшы ахвярай аферыстаў, адразу заблакіруйце картку
фота efremov-pk.ru

У краіне павялічваецца колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. У МУС прыводзяць такія даныя: летась у параўнанні з 2016 годам лічба вырасла на 25,4% — з 2471 да 3099. Больш за дзве траціны злачынстваў адносяцца да крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. Акрамя таго, на 20% павялічылася колькасць выяўленых злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі.

Так склалася, што інтэрнэт стаў неад’емная часткай жыцця любога сучаснага чалавека. Многія практычна жывуць у сацсетках, свае «старонкі» там актыўна заводзяць нават пенсіянеры. Ад такіх тэндэнцый не адстаюць і зламыснікі — узломваюць акаўнты і нядрэнна нажываюцца на гэтым.

Яўген Богдан, оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі Ленінскага РУУС, апісвае сітуацыю:

— У пераважнай большасці такое здараецца на ВКонтакте. Да асабістай старонкі ў сацсетцы ажыццяўляецца несанкцыянаваны доступ. Затым «сябрам» рассылаецца паведамленне, змест залежыць ад фантазіі махляра. Мэта адна: займець рэквізіты банкаўскіх плацежных карт, лагін і пароль інтэрнэт-банкінгу, нумар мабільнага тэлефона. Адрасаты падаюць такія даныя, і з картак выводзяцца грашовыя сродкі.

Каб не патрапіць у такую сітуацыю, у міліцыі раяць не адказваць на падазроныя паведамленні. Альбо звязвацца з уладальнікам акаўнту і ўдакладняць, ці сапраўды ён аўтар ліста. Рэкамендуюць задаваць праверачныя пытанні, адказы на якія зламыснік ведаць не будзе. І галоўнае правіла: ні пры якіх абставінах не перадаваць, не фатаграфаваць рэквізіты банкаўскіх плацежных карт! Калі карыстальнік ужо пазбавіўся доступу да свайго акаўнту, то неадкладна папярэдзіць аб гэтым людзей, з якімі ён меў зносіны праз сацсетку.

Меры засцярогі вельмі простыя. Праўда, карыстаюцца імі нямногія. Мы вырашылі праверыць, ці лёгка людзі дзеляцца асабістымі данымі з «сябрамі» ў сацсетках. Пісалі са свайго акаўнту. «Прывітанне, у мяне бяда. Трапілі ў аварыю. Тэрмінова патрэбныя грошы на дарагое лячэнне, інакш будзе кепска. Можаш дапамагчы? Я ўсё аддам. Думаць трэба хутка, лік ідзе на секунды», — адпраўлялі такія лісты.

Вынік здзівіў: з 30 карыстальнікаў, якія атрымалі правакацыйныя паведамленні, адгукнуліся 10! Бестурботныя інтэрнэт-сябры фактычна адразу пранікліся маёй сітуацыяй і вырашылі паўдзельнічаць у яе вырашэнні. Ні пытанняў, ні долі сумневу — адразу гатовыя былі развітацца са сваімі грашыма. 5 чалавек пазней усё ж западозрылі нядобрае і адступіліся. Але астатнія парушылі правілы карыстання картай і выслалі рэквізіты старонняму чалавеку. Тым самым дазволілі мне атрымаць поўны кантроль над іх фінансавымі сродкамі...

Дарэчы, у арсенале махляроў ёсць яшчэ адзін папулярны спосаб атрымання чужых грошай — дзейнічаць праз абаненцкі нумар. Яўген Богдан тлумачыць:

— Ашуканцы просяць аказаць дапамогу і пераслаць коды СМС-пацверджання. Такім чынам яны атрымліваюць доступ да паслугі «Вэлкома» «v-кашалёк» — могуць вывесці з рахунку 100 рублёў. Альбо карыстаюцца «МТС Грошы» — паслуга таксама дазваляе выводзіць грошы з рахунку абаненцкага нумара. І такія выпадкі нярэдкасць.

Віталь Нескаромны, намеснік начальніка ўпраўлення бягучых аперацый РЦПК ААТ «АСБ Беларусбанк», расказаў «Р» і пра іншыя схемы зламыснікаў:

— Абароты набірае яшчэ адзін махлярскі метад. Ён звязаны з жаданнем грамадзян зарабіць грошы шляхам правядзення брокерскіх здзелак на шматлікіх сайтах. На гэтых інтэрнэт-парталах прапануюць паслугі па навучанні ў правядзенні таргоў і абяцаюць завоблачны прыбытак ад інвестыцыйных здзелак. Як правіла, чалавеку ў дапамогу прызначаецца брокер, які кансультуе ці нават ад вашага імя ажыццяўляе здзелкі. На жаль, укладзеныя сродкі паступова «зліваюцца» гэтымі самымі прызначанымі брокерамі ў выніку правядзення заведама стратных здзелак або імітацыі правядзення таргоў. Пры гэтым менеджар, які вядзе перамовы з боку сайта, пераконвае грамадзяніна, што грошы можна вярнуць — дастаткова толькі перавесці на рахунак дадатковую суму.

Пасля страты грошай людзі ў інтэрнэце знаходзяць інфармацыю, што дадзены гандлёвы трэйдар — махляр альбо гандлёвая пляцоўка была падстаўной. Віталь Нескаромны акцэнтуе  — пасля людзі звяртаюцца ў банк, але гэта не прыносіць жаданых вынікаў:

— Аспрэчванне аперацыі магчыма па факце неаказання паслугі, але ж паслуга па доступе да пляцоўкі і правядзенні таргоў была прадастаўлена. А тое, што ў выніку страчаныя ўсе грашовыя сродкі, аспрэчванню не падлягае. Такім чынам, вяртанне грошай праз банк у большасці выпадкаў безвыніковае. На гэтым этапе многія ўсведамляюць, што памыліліся, але не ўсе — некаторыя знаходзяць фірмы, што нібыта гатовыя за ўзнагароджанне вярнуць згубленую суму грошай. Аплата такіх «паслуг» толькі павялічвае агульныя страты.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter