Национальная библиотека приглашает на "Купалаўскі дыктант"

Сумесны праект НББ і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы аб’яднае ўсіх, хто шануе беларускае слова, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы.

Архивное фото

18 лютага а 16-й гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў зачытае адзін з артыкулаў Янкі Купалы.

– Кожны жадаючы зможа далучыцца да дыктанта, адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, – адзначаюць арганізатары. – Гісторыя мовы непарыўна звязана з гісторыяй народа, які гаворыць на ёй. І калі ў вачах адлюстроўваецца душа, то ў мове адлюстроўваецца грамадства.

Колькасць месцаў на дыктанце абмежаваная. Для ўдзелу на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі будуць запрошаны першыя 140 чалавек, якія пройдуць рэгістрацыю праз Google-форму. Аднак далучыцца да праекту можна будзе і анлайн – плануецца прамая трансляцыя на YouTube.

Што важна, мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Усе ўдзельнікі цягам 10 дзён атрымаюць па электроннай пошце свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты ўдзельніка "Купалаўскага дыктанта". Выдатнікаў чакаюць памятныя падарункі ад арганізатараў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter