Жители деревни Пешки Березовского района в сентябре 1939 года встречали Красную армию флагами и цветами

Над Пешкамі займаўся новы дзень

Адна сям'я распараджалася бязмежным зямельным багаццем, у той час як дзясяткі сем'яў сялян марнелі на сваіх вузенькіх палосках

У маіх журналісцкіх блакнотах захаваліся запісы аб тым, як жыхары маёй роднай вёскі Пешкі, што ў Бярозаўскім раёне, сустрэлі вераснёвыя падзеі 1939 года. Гэта расказы маёй маці Галіны Антонаўны, старэйшай сястры Марыі, у якой была фенаменальная памяць, мае ўражанні, успаміны пешкаўцаў. Дзялюся тым, што ў маіх блакнотах, што памятаю, што асабліва хвалюе ў гэтыя дні. Прашу не папракаць мяне ў нясціпласці: але хачу, каб маё асабістае хоць крыху запоўніла наша агульнае. Што ж тады адбывалася ў Пешках? Яны, па выразе маці, «хадзілі хадуном».

Так жыхары Заходняй Беларусі сустракалі чырвонаармейцаў

Паны беглі, ажно пыл курыўся

— Ну што, уцяклі польскія паны з Капітанавага?

— Ага. Паімчаліся на брычках так, што ажно пыл курыўся. І маёнтак свой пакінулі.

— А зямлі колькі дала ім польская ўлада. Поле, лугі, лес… У паноў — абшары, што вокам не акінуць, у нас, мужыкоў, — такія маленькія надзелы, што каню з плугам цяжка развярнуцца, залезеш на палоску суседа.

— Вось і скончылася іх панаванне. Паглядзім, што будзе далей.

— Ну, ясна, Саветы падзеляць Капітанава паміж пешкаўцамі. Інакш і быць не можа, прыйшла ж наша ўлада.

Слова «Капітанава» паўтаралася тады ў нашай вёсцы на ўсе лады. Так пешкаўцы называлі панскую сядзібу, якая знаходзілася прыкладна за кіламетр ад вёскі. Тут жыў адстаўны капітан. Для пешкаўскай беднаты Капітанава было горкім болем з-за вялікай несправядлівасці: адна сям'я распараджалася бязмежным зямельным багаццем, у той час як дзясяткі сем'яў сялян марнелі на сваіх вузенькіх палосках. Вось чаму з такой надзеяй на лепшае жыццё ўспрынялі мае землякі тыя вераснёвыя перамены.

Чакалі чырвонаармейцаў як вызваліцеляў

З успамінаў маёй сястры Марыі, якая добрасумленна і самааддана працавала ў мясцовым калгасе даяркай — бесперапынна 35 гадоў. Яна памятала многае з жыцця Пешак. Запісаў яе такі хвалюючы пераказ:
— Мы не маглі дачакацца, калі ў Пешкі прыйдуць чырвонаармейцы. Самыя жвавыя хлопцы бегалі за вёску на дарогу, якая вяла ў Бярозу, нецярпліва выглядалі: мо ідзе ў бок Пешак савецкае войска.

Вяскоўцы рыхтаваліся сустрэць дарагіх вызваліцеляў. Па вёсцы прайшла невялікая святочная калона пешкаўцаў. Яны неслі чырвоныя сцягі, усе былі вясёлыя і радасныя. На вуліцы ўстанавілі невялікую браму, аздобленую зялёнымі галінамі і кветкамі. Вынеслі з хат сталы. Падрыхтавалі пачастункі: яблыкі, агуркі, жанчыны зварылі бульбу. Хто што мог, але ад шчырай душы.
Аднак у той дзень іх не дачакаліся. На другі дзень зноў не. Паволі эмоцыі ўлягліся. Людзі гутарылі стрымана і ўсе пра самае галоўнае: што нам дадуць Саветы?

— У вёсцы Лясковічы, што кіламетры тры ад Пешак, ужо былі чырвонаармейцы. Там адбыўся мітынг, на якім чырвоны камандзір назваў вяскоўцаў «таварышамі» і запэўніў, што савецкая ўлада нікога не пакрыўдзіць, у першую чаргу выдзеліць зямлю тым сялянам, у каго вялікія сем'і, — сказаў адзін мужык.

Людзі зноў загаманілі: чаго ж у Лясковічах чырвонаармейцы былі, а Пешкі абмінулі?

Неўзабаве прыехала цэлая вайсковая часць. Чырвонаармейцы размясціліся ў Капітанавым. Усе былі добразычлівыя да нас. Пешкаўцы толькі ахалі: «Гэта ж трэба, ваенныя людзі, а да нас, як да родных».

Яшчэ яны падарылі пешкаўцам тое, пра што тыя нават не маглі і марыць, — кожны вечар у Капітанавым паказвалі кіно. Сястра Марыя ўспамінала:

— Здаецца, усе Пешкі вечарам спяшаліся ў Капітанава. Дзіва што — да гэтага ніхто з нас кіно не бачыў. Такія вечары для нас былі як свята, калі вярталіся з маёнтка дамоў — уся вёска ажывала, нягледзячы на позні час.

Кантраст жыцця

Верасень 1939-га стаў для пешкаўцаў доўгачаканым і хвалюючым яшчэ і таму, што адбыўся незвычайна рэзкі кантраст жыцця «за польскім часам» і пры Саветах. У Бярозе польскія ўлады стварылі буйны канцэнтрацыйны лагер, які ператварыўся ў пачварны засценак для палітзняволеных. Сутнасць дзікага лагернага рэжыму заключалася ў тым, каб зламаць чалавека не толькі фізічна, але найперш маральна, прымусіць адмовіцца яго ад сваіх перакананняў, ад прыналежнасці да рэвалюцыйных арганізацый.

Пра тое жахлівае, што тварылася ў лагеры, пешкаўцы добра ведалі, гаварылі пра гэта, зразумела, са страхам і нянавісцю да польскіх улад. Ведалі і пра падпольную барацьбу, якую актыўна вялі іх мужныя і смелыя землякі.

Панцялей Лісюк

Калі я працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», то збіраў матэрыялы аб рэвалюцыйным падполлі пры паляках на маёй малой радзіме. Пачуў пра Панцялея Лісюка — удзельніка камсамольскага руху на Бярозаўшчыне. Аднойчы патэлефанаваў у Бярозаўскі райкам партыі, папрасіў, каб памаглі мне сустрэцца з ім. Мне сказалі, што Лісюк жыве ў сваёй роднай вёсцы Жычын. Адчувае ж сябе няважна — узрост салідны, слабае здароўе. Але памяць добрая.

І вось я ў Жычыне, у хаце Лісюка. На жаль, Панцялей Севасцьянавіч амаль не бачыць, ходзіць паволі, больш сядзіць. На мае пытанні адказвае не адразу: столькі ж часу мінула, як ён, малады і смелы, быў членам КПЗБ, змагаўся за лепшую долю сваіх вяскоўцаў. Некаторыя мае запісы той размовы.

— Цяжка было? — пытаюся.

— Вядома. Мы не мелі ніякага вопыту падпольнай барацьбы, набіраліся яго з кожным днём. Спачатку пісалі рэвалюцыйныя лозунгі, расклейвалі лістоўкі, распаўсюджвалі палітычныя кнігі. Вялі агітацыю сярод сялян, выкрывалі пасобнікаў паліцыі.

Смелага юнака польскія ўлады кінулі ў турму. Выйшаў Панцялей у верасні 1939-га. А ў Вялікую Айчынную ў дывізіі народнага апалчэння ваяваў пад Ельняй. Салдатам удзельнічаў у контрнаступленні пад Масквой, вызваляў левабярэжную Украіну, фарсіраваў Днепр, гнаў фашыстаў з Венгрыі. Падарваўся на нямецкай міне, пасля чаго ампутавалі правую руку да локця, левую — па плячо. Тады страціў і зрок.

У жніўні 1945-га медсястра прывезла Панцялея Лісюка ў Жычын. Калі ў вёсцы стварылі сельгасарцель, Панцялея Севасцьянавіча выбралі членам праўлення. Ён не бачыў, але ўсё ж дапамагаў аднавяскоўцам, многае зрабіў для станаўлення ў Жычыне калгаса.

Векапомнае 17 верасня 1939-га набліжалі такія людзі, як легендарны Панцялей Лісюк. І новае жыццё, якое разам з чырвонаармейцамі прыбыло з Усходу ў змучаны край, пешкаўцы шчыра прымалі розумам і сэрцам.

Міхаіл ШЫМАНСКІ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter