Мiнулымi выхаднымі ў Мсцiславе адбываўся чарговы фестываль сярэдневяковай культуры

На Замкавай гары рыцары сустрэлiся з археолагамi

МIНУЛЫМІ выхаднымі ў Мсцiславе адбываўся чарговы фестываль сярэдневяковай культуры. І гэта невыпадкова, што тут. Бо сапраўды цяжка знайсцi на ўсходзе Беларусi больш каларытны горад для такога свята. Усё тут прасякнута духам даўнiны.

Спаборніцтва рыцараў заўсёды выклікала цікавасцьгледачоў
Спаборніцтва рыцараў заўсёды выклікала цікавасцьгледачоў

Тым, хто ў гэтым горадзе ўпершыню, можа падацца, што Мсцiслаў — вёска. Драўляныя дамы з рознакаляровымi лiштвамi, не падобнымі адна да адной, стракацяць у акне аўтамабiля. Але раптам з-за пагоркаў з’яўляюцца крыжы касцёла i царквы, а ўздоўж дарогi драўляныя хаты змяняюцца на мураваныя дамы — моцныя, з чырвонай цэглы. Так будавалi больш за сто год таму. I ўсё гэта выстаяла.

Традыцыi ладжання святаў з рыцарскiмi баямi, кiрмашамi рамеснiкаў у Мсцiславе ўжо некалькi гадоў. I штораз тут з’яўляецца нейкая новая славутасць, якая прываблiвае турыстаў. Добраўпарадкуецца Замкавая гара, дзе хлопцы ў кальчугах паказваюць майстэрства валодання мечам. А побач ставяць помнiкi вялiкiм папярэднiкам сучасных асiлкаў у латах: раней з’явiлiся мемарыяльныя камянi ў гонар Сiмяона Лугвена, сына Альгерда, мсцiслаўскага князя; у памяць пра невядомага ваяра пачатку XVI стагоддзя, чые даспехi знайшлi ў водах ракi Вiхры. Сёлета паставiлi каплiцу, што ўшаноўвае святога благавернага князя Расцiслава Мсцiславiча — яго лiчаць заснавальнiкам горада, які назваў паселiшча ў гонар свайго бацькi.

Найстаражытнейшы горад Усходняй Еўропы цяпер жыве адной нагой у мiнулым, якое тут адчуваецца амаль на кожнай вулiцы, другой — у сучаснасцi. У гэтым унiкальны патэнцыял Мсцiслава, якi можа лепш за падручнiк гiсторыi расказаць пра тое, як i чым жылi нашы продкi.

Іду вулiцамi горада, i памятныя шыльды ў гонар аднаго з першадрукароў Пятра Мсцiслаўца, аўтара першага беларуска-рускага слоўнiка Івана Насовiча, паэта Аркадзя Куляшова, гiсторыка Мiхася Ткачова сведчаць, што тут даўнi асяродак культуры i духоўнасцi.

Муры старых кляштараў i касцёлаў усё яшчэ чакаюць рэстаўратараў, але можна не сумнявацца, гледзячы на iх, што гэты стары цэнтр княства, ваяводства, павета не толькi быў, але ёсць i будзе адным са славутых гарадоў.

Цяпер, каб аднавiць колiшнi бляск, трэба ўкласцi вялiкiя сродкi ў развiццё iнфраструктуры. На жаль, яшчэ ў XIX стагоддзi бокам абышла Мсцiслаў чыгунка, няма сюды простай i шырокай шашы, якая, напрыклад, пракладзена нядаўна з Мiнска ў Магiлёў. Аднак яшчэ некалькi гадоў таму i фэсту не было. А цяпер ён стаў рэгулярным. Збiрае ўдзельнiкаў i гасцей як з Беларусi, так i з суседняй Расii, да якой рукой падаць. Горад абуджаецца. Турызм, якi можа стаць адной з сучасных магчымасцей шпаркага развiцця Мсцiслава, пацiху развiваецца, набiрае разгон.

У сёлетнiя фестывальныя днi — 17 i 18 лiпеня — жыццё тут вiравала як нiколi. Музычныя, танцавальныя i тэатральныя гурты, народныя ўмельцы, ваяры больш як з 20 рыцарскiх клубаў з’ехалiся, каб рэканструяваць падзеi са слаўнай мiнуўшчыны Мсцiслава. У райвыканкаме добра прадумалi сцэнарый свята i падзялiлi яго на тэматычныя блокi. За два днi можна было паспець убачыць i баi рэканструктараў эпохi ранняга Сярэднявечча, i мiстычныя агнявыя шоу.

Уначы лучнiкi штурмавалi Замкавую гару. Высокiя яе схiлы ў мiнулыя вякi стрывалi не адзiн напад ворагаў. Уявiць, як гэта было, можна толькi ў час фестывалю сярэдневяковай культуры.

Дзеля гасцей мясцовы краязнаўчы музей перанёс частку экспазiцыi ў сутарэнне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi. Рамеснiкi i кулiнары расцягнулiся са сваiмi лаўкамi i крамкамi ад райвыканкама да Замкавай гары. А для дзяцей арганiзавалi безлiч атракцыёнаў. Кожны мог знайсцi сабе забаву i занятак на свой густ.

Вядомы археолаг Iгар Марзалюк парадаваў новымi адкрыццямi. Каторы год запар ён праводзiць раскопкi на Замкавай гары. Летась знайшоў тут берасцяную грамату — рэдкi прадмет на нашых землях. Сёлета падзялiўся чарговым сенсацыйным адкрыццём: у культурным пласце трапiўся даследчыку бронзавы абразок з выявай святых Канстанцiна i Алены. Амулет згубiў жыхар Мсцiслава ў XIII цi XIV стагоддзi. Па iм можна меркаваць пра тое, што продкi сучасных жыхароў горада былi хрысцiянамi. Ігар Марзалюк паказаў шмат цiкавых рэчаў, кожная з якiх, выяўленых у зямлi, раскрывае раней не вядомыя старонкi гiсторыi горада:

— Паводле iх мы можам аднавiць рэалii жыцця таго часу — ад рацыёну харчавання да ўзроўню адукацыi i ўзбраення. Напрыклад, пра багацце жыхароў старажытнага Мсцiслава сведчаць дарагiя ўпрыгажэннi з Вiзантыi, Сiрыi, Каўказа.

Плануецца, што раскапаныя рэшткi сярэдневяковага горада будуць музеефiкаваны: драўляныя канструкцыi дамоў, маставых закансервуюць, i мы зможам iх бачыць увесь час.

Мсцiслаў мае багаты патэнцыял, каб прываблiваць да сябе аматараў старажытнасцей з усёй краiны i з-за мяжы. Развiццё шляхоў зносiн — адзiн з галоўных фактараў, якi ў будучынi дасць магчымасць вялiкай колькасцi людзей дабрацца сюды за кароткi час. А фестываль сярэдневяковай культуры будзе працягвацца. Ён ужо стаў вiзiтоўкай горада, i без яго немагчыма ўявiць сучаснае жыццё старажытнага кутка краiны.

vk@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter