"Заклалi трацiл, снарад здэтанаваў!" Пошукавікі "Лініі Сталіна" знайшлі на агародзе зараджаную гармату часоў вайны

На ўчастку вырас ствол

Шмат яшчэ тэхнікі ваенных часоў схавана ў нашых балотах і зямлі. Каб яна там не знікла бясследна, не падарвала чыёсьці здароўе, а стала ў шэраг з іншымі музейнымі экспанатамі, вадалазы, гісторыкі, пошукаўцы і супрацоўнікі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» шукаюць яе практычна круглы год. І ёсць поспехі! Карэспандэнт «Р» першая ўбачыла рэдкія экзэмпляры ўзбраення, якія толькі знайшлі.

Гарматы шукаюць па ўсёй краіне: пад зямлёй, у балотах, азёрах і нават у агародах.

Трыццаць адзін кіламетр па трасе Р-28 Мінск — Маладзечна, і мы на месцы — ля ГКК «Лінія Сталіна». Тут зараз рыхтуюцца да Дня артылерыста. Што будзе? Анімацыйныя праграмы, інтэрактыўныя і экскурсійныя зоны, пляцоўка перашкод, катанне на танках, экспазіцыя сучаснай арты-лерыі i часоў Вялікай Айчыннай вайны.  Самае цікавае — ваенна-гістарычная рэканструкцыя Сталінградскай бітвы ў лістападзе 1942 года. А яшчэ выстава гармат, якія нядаўна адшукалі. Так, паглядзім!

Раз — шлагбаум, два — дарога да ангара, дзе хаваюцца ад атмасферных ападкаў танкі, рэстаўрыруюцца знойдзеныя «выкапні», фарбуюцца паддоны для транспарціроўкі грузаў… Нас суправаджае да тых самых гармат Міхаіл Мятла, дырэктар па развіцці ГКК «Лінія Сталіна». Ён заўсёды ўзначальвае экспедыцыі па краіне ў пошуках яшчэ не знойдзенай гісторыі:

— Лета і восень былі прадукцыйнымі. Былі на пошуках у Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай абласцях. Інфармацыю пра тое, што, магчыма, дзесьці знаходзіцца ваенная тэхніка, нам перадаюць гісторыкі, якія працуюць у архівах, або мы правяраем словы мясцовых жыхароў, якія дзеляцца ўспамінамі.

Міхаіл МЯТЛА: «Убачыць знойдзеную гармату ЗІС-3 можна будзе ўжо ў гэтую суботу».

Шмат звестак па «вадзе» — так называюць тут інфармацыю пра тое, што ў балотах, рэках, азёрах ляжыць тэхніка. І каб яе праверыць, а пры неабходнасці і дастаць, прыцягваюцца Беларуская федэрацыя падводнага спорту і дайвінг-клуб «Капітан Морган» на чале з Вячаславам Раманоўскім, а таксама ратавальнікі МНС.

— Падчас пошукаў мы ўсе ўніверсальныя салдаты. З сабой заўсёды возім рыдлёўкі, спецыяльныя прыборы — лакатары, магнітометры, глыбіннікі для выяўлення вялікай колькасці металу, — адчыняе дзверы ангара Міхаіл Мятла, і мы заходзім.

Першая знаходка — гармата ЗІС-3 1943 года. Раскапалі яе ў канцы верасня мясцовыя жыхары вёскi Васiлеўшчына ў Мінскай вобласці. Каб засцерагчы сябе, здалі ў міліцыю. Якое было агульнае здзіўленне, калі аказалася, што ў гармаце знаходзіцца снарад, які не разарваўся!

— На месца прыехалі сапёры, заклалі траціл, і снарад здэтанаваў, — успамінае, як гармата «ачысцілася», Міхаіл Мятла, і пагладжвае яе, разглядаючы. — Яе перадалі нам. Што яна зроблена ў 1943 годзе, даведалiся, калі пачалі зачышчаць знаходку. Так што вось цяпер у нас ёсць ЗІС-3 — 76-міліметровая дывізіённая гармата. Адрозніваецца гэтая ранняя версія тым, што ў яе няма кажуха. Відаць яшчэ, што ў вайну яна была падбітая. Ды і доўга зброя праляжала ў зямлі...

Да 23 лютага на «Лініі Сталіна» зробяць зварную хатку ў выглядзе танка Першай сусветнай вайны.

Міхаіл Мятла і яго каманда мяркуюць, што гармата ўдзельнічала ў аперацыі «Баграцiён». Для таго, каб прывесці яе ў «божы выгляд», майстры-рэстаўратары, а гэта сям’я Якушавых — тата Уладзімір і яго два сыны, Максім і Аляксей, а таксама Аляксандр Мікалуцкі, пачалі яе дапаўняць элементамі, што адсутнічалі. Станіна, каляска, надульнік, адкаты, лапы — тое, чаго не хапала, знайшлося на «Лініі Сталіна». 

— Усе запчасткі тут арыгінальныя, нічога няма ад іншай тэхнікі. Так што атрымалася сапраўдная гармата з гісторыяй — з поля бітвы, а не перададзеная з базы захоўвання, — ганарыцца Міхаіл Мятла. Ужо ў суботу яе выставяць на асноўнай пляцоўцы комплексу. Кожны зможа яе памацаць, сфатаграфаваць.

Другую, 45-міліметровую супрацьтанкавую гармату ўзору 1937 года, знайшлі ў зямлі ў Мінскім раёне пры правядзенні будаўнічых работ.

— Мяркуем, што яна раней служыла на вежы ўмацаванага раёна, і байцы Чырвонай Арміі яе знялі, закапалі, каб не дасталася ворагу, — прапаноўвае памацаць гармату Міхаіл Мятла, і я прысядаю да яе: рэстаўратарам давядзецца над ёй яшчэ папрацаваць! Гармата хоць і цэлая, але многае пабачыла. Плюс яна яшчэ ўся ў зямлі. Але ў комплексу на яе вялікія планы: хутчэй за ўсё, гармата стане на вежу ад танка Т-26.

— Мабыць, установім на наш бронецягнік — 120-тонны паравоз 1932 года выпуску, які ўрачыста адкрыюць для ўсіх да 155-годдзя Беларускай чыгункі. І гэтая гармата выдатна ўпішацца ў агульную карціну — будзе фактычна гістарычны экзэмпляр.

«Лепш добра захоўваць, чым часта чыніць» — супрацоўнікі комплексу рарытэты не пакідаюць пад адкрытым небам, а хаваюць у ангар, пакуль няма вялікіх святаў.

Рэстаўратараў радуе, што практычна ўсе знаходкі ў выдатным стане. Дарэчы, нядаўна ў Гродне зносілі дом і выявілі ў падвале запчасткі ад тэхнікі Першай сусветнай вайны: гусеніцы ад грузавой машыны, каляску-ваганетку. Яшчэ адну ваганетку знайшлі на ўчастку ў Дзяржынскім раёне. Усё гэтае дабро вязуць сюды.

— Мы гэта захоўваем, рэстаўрыруем, каб даць новае жыццё. Дарэчы, глядзіце, вось вежа ад Т-26 — знайшлі на прыватным падворку ў вёсцы Дзінаравічы. Жыхары хацелі яе здаць на металалом, але мы забралі. А нядаўна яшчэ патэлефанавала жыхарка вёскі, якая жыве непадалёку  ад «Лініі Сталіна» — у яе прама на дачы стаіць яшчэ адна вежа ад танка. Паедзем забіраць.

Але самае цікавае, што чакае пошукаўцаў у бліжэйшы час, — рэстаўрацыя ўстаноўкі ДАК-4. Яе знайшлі непадалёку  ад «Лініі Молатава» ў пашкоджаным умацаванні. На жаль, там абвалілася столь, і рэдкую ўстаноўку не могуць дастаць. Зараз вядуцца перамовы з МНС, каб яны дапамаглі з «не-пад’ёмнай артылерыяй».

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter