На адзін клік камфортней

Цi стане магчымым для нас электронны запіс у дзіцячыя сады?

Цi стане магчымым запіс у дзіцячыя сады пры дапамозе электроннай сістэмы?

Прыкладна год таму ўсе маладыя бацькі краіны схамянуліся. Вядома, якая марока, асабліва ў новых мікрараёнах, з дзіцячымi садкамi. А тут — магчымасць запісу на чаргу праз сайты ўстаноў дашкольнай адукацыі. Першай ластаўкай стаў Заводскі раён сталіцы. Планавалі, што ўжо з лістапада да яго далучацца і іншыя. Але воз і цяпер там. Дык у чым жа справа? Навінка сябе не апраўдала ці ж пра яе проста забыліся?

Як высветлілася, не тое і не другое. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Алы Курыльчык, пакуль звыклыя метады працы апраўдваюць сябе куды больш. Зрэшты, калі разабрацца, галоўная праблема запісу праз сайт — гэта ідэнтыфікацыя грамадзяніна, які хоча паставіць на чаргу ў садок сваё дзіця. Здавалася б, што тут такога? Пашпартныя даныя, інфармацыя аб дзіцяці і адрас пражывання запісаны — што яшчэ?

На паверку, па словах кіраўніка, часта грамадзяне, карыстаючыся электроннай сістэмай запісу, ставяцца да гэтага несур’ёзна. «Даныя, якія ўво¬дзяцца на сайце, у асноўным неда¬кладныя, — каменціруе Ала Курыльчык. — Вельмі цяжка потым па абрывачнай інфармацыі вызначыць гэтых грамадзян, якія да таго ж запісваюцца не па месцы жыхарства. Напрыклад, пражываюць у Маскоўскім раёне ста¬ліцы, а запісваюцца да нас. Ёсць і проста неіснуючыя прозвішчы. І працэнт такіх зваротаў вельмі высокі. Калі б мы мелі доступ да базы даных грамадзян і маглі праверыць дакладнасць дакументаў, гэта была б іншая справа».

Карціна складваецца, мякка кажучы, не вельмі радасная. З аднаго боку, цудоўны варыянт рашэння набалелай праблемы, калі сістэма пастаноўкі на чаргу ў дзіцячы садок становіцца абсалютна празрыстай, з другога — бессэнсоўная барацьба з «мёртвымі душамі», на якую затрачваюцца сілы і час. А ў выніку задача так і застаецца нявырашанай. Дык, можа, і няма ў навінцы сэнсу? Тым больш, як кажуць спецыялісты, яна фактычна дубліруе працу «аднаго акна».

Зрэшты, як запэўнівае дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Юрый Варатніцкі, які, трэба адзначыць, стаяў ля вытокаў стварэння электроннай сістэмы запісу ў дашкольныя ўстановы, праблема ідэнтыфікацыі грамадзян вырашальная. І гэта праграмай прадугледжана. «Але рэальна праверка стане магчымай, калі на поўную сілу запрацуе рэгістр насельніцтва з персанальнымі данымі грамадзян краіны, закон аб якім уступіў у дзеянне ў ліпені мінулага года, — адзначае суразмоўца. — Пакуль мы паспрабавалі стварыць камфортныя ўмовы для бацькоў і дзяцей. Я перакананы, калі чалавек не рэальны, наўрад ці ён стане ўводзіць свае пашпартныя і іншыя даныя ў базу. Але памыліцца ён можа. І зверыць інфармацыю пакуль, сапраўды, няма з чым. На жаль, сёння гэта праблема ўсіх электронных рэгістрацый. Але дзяржаўная цэнтралізаваная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўдасканальваецца».

Што ж, нават калі пытанне магчыма вырашыць, зразумела, што гаварыць пра распаўсюджванне вопыту ў маштабах краіны пакуль рана. Хочацца толькі, каб усё ж аднойчы сістэма запрацавала. Бо, нягледзячы на тое, што статыстычна колькасць месцаў у дашкольных установах краіны не менш за колькасць жадаючых іх наведваць, на практыцы мы штогод сутыкаемся з недахопам гэтых месцаў. Не выключана, таму, што не бачым цэласную карціну. Магчыма, што менавіта электронная сістэма магла б звесці разам даныя аб колькасці месцаў і тых, хто на іх прэтэндуе, зрабіўшы наша жыццё на адзін клік камфортней.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter