Імпрэза ў гонар земляка

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі гасцей сустракаў незвычайны баль
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі гасцей сустракаў незвычайны баль

Літаратурны салон “Баль навагрудскага песняра” прысвячаўся творчасці Адама Міцкевіча, які, як вядома, нарадзіўся ў Калядную пару 1798 года на Наваградчыне. Імпрэза ў гонар 215-х угодкаў земляка — гэта даніна павагі нашаму славутаму суайчынніку. Святочную атмасферу свецкіх баляў пачатку ХІХ стагоддзя стваралі ўдзельнікі двух праектаў: музычна-тэатралізаванага “Doux Souvenir” і гістарычна-танцавальнага “Эпоха Міхала Клеафаса”.
На кніжна-ілюстрацыйнай выставе, што ладзілася пад назвай “Прачытаць Міцкевіча ўсяго...”, было прадстаўлена каля 300 дакументаў, сярод якіх рэдкія выданні і мастацкія творы. Асобнае месца займалі выданні паэм Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, “Гражына», “Конрад Валенрод”. Частка экспазіцыі прысвечана даследаванням жыцця і творчасці класіка, у тым ліку яго сувязям з беларускім краем. А ўсю веліч і шчырасць любові Адама Міцкевіча да роднай Айчыны, якой лічыў ён тэрыторыю сучаснай Беларусі, можна найлепш адчуць, чытаючы ягоныя творы.
Дарэчы. Днямі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы будзе прэм’ера “Пана Тадэвуша”. Вобразы знакамітай паэмы Адама Міцкевіча пераносіць на сцэну рэжысёр Мікалай Пінігін. Нагадаем, у творы апісваюцца падзеі, якія адбываліся на Наваградчыне на працягу пяці дзён 1811 і аднаго дня 1812 гадоў. Паэт пісаў “Пана Тадэвуша” ў эміграцыі ў Парыжы, паэму называюць гімнам-успамінам пра вольны край. Гэта яшчэ і энцыклапедыя шляхецкага ладу жыцця ў роднай паэту Літве: так ён называў сваю Айчыну.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter