Мiнiстр i VIP-асоба

Вядомы часопiс адзначаў сваё чарговае ...-годдзе. У сталiцу  з’язджалiся запрошаныя на свята госцi з усiх абласцей...

Вядомы часопiс адзначаў сваё чарговае ...-годдзе. У сталiцу  з’язджалiся запрошаныя на свята госцi з усiх абласцей. 

Падцягвалiся i мясцовыя. А дзесятай гадзiне ранiцы па заведзеным ужо не адзiн год звычаi прыязджаў сам мiнiстр у суправаджэннi свайго зама па кадрах. Ён экспромтам выступаў з невялiкай прамовай, вiншаваў усiх прысутных i  ў першую чаргу працаўнiкоў рэдакцыi i яе няўрымслiвага рэдактара, якi лiтаральна з руiн падняў часопiс на адпаведную яму вышыню i так трымае ўжо вось колькi гадоў, зрабiўшы з яго «цукерку». Потым мiнiстр уручаў ведамасныя ўзнагароды, а бывала, i ўзнагароду ад Прэзiдэнта, даваў магчымасць сказаць слова-другое iншым — менш знатным гасцям i выразна паднiмаў бровы на рэдактара: давай, маўляў, заканчвай афiцыёз, час не чакае. Той муталем закругляў афiцыйную частку i запрашаў у свой кабiнет. А там ужо быў накрыты фуршэтны стол. Пачыналася другая, менш афiцыйная частка свята. Таксама па аднойчы заведзеным рэдактарам звычаi мiнiстр сустракаўся ў сваiм кабiнеце з адной асобай у прысутнасцi не аднаго дзесятка людзей, якую сам жа i назваў: VIP-асоба. Старажылы гэтых сустрэч ужо добра ведалi мiнiстраву слабiнку i самi з вялiкай ахвотай удзельнiчалi ў iх. 

I ў той год усё iшло па заведзеным сцэнарыi: госцi з’ехалiся-сышлiся, чакалi мiнiстра. Ён пад’ехаў мiнута ў мiнуту на службовым аўто ў суправаджэннi свайго нязменнага зама па кадрах, жвавага, такога ж, як сам, жыццялюба. Рэдактар, як заўсёды, сустракаў высокага (а ён i ростам быў высокi) госця каля пад’езда рэдакцыйнага асабняка, што размяшчаўся ў цэнтры сталiцы. Акрамя гэтага часопiса, у прыгожым дарэвалюцыйным будынку размяшчалася яшчэ некалькi рэдакцый iншых выданняў. Энергiчны, спартыўны, дужа сiмпатычны мiнiстр па-сяброўску прывiтаў-абняў рэдактара, якi на дзве галавы быў нiжэйшы за свайго боса, пачакаў, пакуль гэта ж зрабiў яго зам. I яшчэ пакуль вадзiцель-ахаронец даставаў з аўтамабiля вялiкi букет руж — для жанчын рэдакцыi. Iх ён заўсёды нёс сам i сам уручаў асабiста кожнай, адпускаючы пры ўручэннi розныя прыемныя камплiменты накшталт: «Ой, якая вы сягоння гарная!» 

Падняўшыся на другi паверх будынка, дзе размяшчалася рэдакцыя часопiса-юбiляра, мiнiстр з добразычлiвай усмешкай на твары прывiтаўся з усiмi за руку, уручаў пры  гэтым усiм прысутным жанчынам па адной раскошнай ружы i дарыў кожнай з iх асабiсты камплiмент. Затым, павярнуўшыся да рэдактара, ён аб’явiў, што ад усяе душы вiншуе, жадае i такое iншае i... просiць прабачэння. Бо яго праз гадзiну чакаў сам Прэзiдэнт, i таму ўсё, што яны прывезлi ў папцы (там заўсёды быў наказ аб маральным i матэрыяльным заахвочваннi), iм уручыць яго намеснiк трохi пазней, i што форс-мажорныя абставiны патрабуюць змены сцэнарыя. 

Нiхто, зразумела, не стаў пярэчыць мiнiстру. Наадварот, на якое iмгненне ўсе нават адчулi нiякаватасць: па сталiцы па старонках «жоўтай прэсы» гулялi чуткi пра пераемнiка Прэзiдэнта — iм павiнен быў стаць гэты мiнiстр. Чалавек такi заняты, там, у вялiкiх кабiнетах, вырашаецца яго, ды i не толькi яго, а ўсёй краiны доля, а тут маленькi юбiлей маленькага ў маштабах той вялiкай праблемы часопiса. 

— Дарагiя мае, а чаго гэта вы прыцiхлi? Юбiлей не адмяняецца,  мяняецца толькi яго сцэнарый, — мiнiстр выразна глянуў на рэдактара. Той зразумеў боса без слоў: тут жа запрасiў усiх у свой кабiнет да фуршэтнага стала, якi ламаўся ад розных далiкатэсаў. Мiнiстр зноў узяў слова: 

— Шаноўныя, разам з вамi я аддам належнае адной паважанай асобе i хуценька пакiну вас, а вы прадоўжыце ўжо без мяне. Ну, дзе яна? 

Мiнiстр нецярплiва глянуў вакол. У гэты момант рэдактар ужо наблiжаўся да кабiнета ў суправаджэннi чароўнай дзяўчыны ў белым фартушку. На тварах прысутных з’явiлiся ўсмешкi, а погляды, па вядомых для ўсiх прычынах, скiравалiся не на дзяўчыну-прыгажуню, а на тое, што яна вельмi беражлiва несла на выцягнутых руках, — вялiкую талерку, на якой красавалася... запечаная палавiнкамi бульба «ў мундзiрах». Адна ў адну: у кожнай — драўляная шпажка, а на ёй, нiбы шляпа мушкецёра, кружальца сала з мясной пражылкай i тонкiя пласцiнкi лiмона. На самай сярэдзiне выдзялялася больш фасонiстая бульбiна з маленькiм сцяжком на шпажцы — назвай часопiса i лiчбай яго ...-годдзя. 

Мiнiстр задаволена пацёр рукi: 

— Даражэнькая! Смачненькая! З сальцам, з лiмончыкам! З прыпраўкай? — падняў вочы на рэдактара. 

Той толькi кiўнуў галавою: 

— Давай! 

Мiнiстр узяў колькi бульбiн, палажыў сабе на талерку i толькi тады падняў шклянку з каньяком. 

— Ну, шаноўныя, за часопiс, за яго таленавiты калектыў, за не менш таленавiтага рэдактара i... за вось гэту шаноўную «VIP-асобу», каб заўсёды яна была ў вашых дамах, на вашых сталах. Будзьце здаровы! 

Ён прыгубiў са шклянкi, адставiў яе ўбок i з вялiкiм задавальненнем прыступiў да «асобы». Блiзкiя да мiнiстра людзi ведалi гэтую яго слабiну — шанаванне да бульбы: у галодныя трыццатыя яна ўратавала ад смерцi яго i блiзкiх. 

Прысутныя госцi паследавалi яго прыкладу. Праз хвiлiну-другую на талерцы засталася толькi адна фасонiстая бульбiна. Яе рэдактар асабiста падаў мiнiстру. Той з удзячнасцю забраў, а клiшынку-сцяжок пад апладысменты ўручыў рэдактару. 

Нiхто тады нават не ўяўляў, што тая сустрэча мiнiстра з яго «VIP-асобай» будзе апошняй у яго жыццi... Рэвалюцыя... Нейкая нялюдская, не свая, прынесеная, прывезеная... 

Ён пайшоў з жыцця поўны сiл i энергii, пры загадкавых абставiнах i не па сваёй волi. Аб iм засталася толькi поўная жалю памяць ва ўсiх, з кiм ён быў знаёмы... 

...-годдзе часопiс адзначае i зараз, але не так, як колiсь, а цiха, непрыкметна i ўжо не ў тым раскошным асабняку, а ў перапланаванай пад офiс кватэры на першым паверсе блочнага дома, якi знаходзiцца на другiм канцы велiчэзнага горада-сталiцы. У процiлеглым баку ад мiнiстэрства, якому належыць часопiс. Новы мiнiстр так нiколi i не пабываў у яго рэдакцыi. Усё па-iншаму... I сцэнарый поўнасцю зменены, за выключэннем аднаго-адзiнага пункта — сустрэчы калектыва на чале са старым рэдактарам з «VIP-асобай». I калi да стала падаецца ўсё тая ж вялiкая талерка, на якой красуецца цi то ў шляпе мушкецёра, цi то ў кароне невядомай царыцы бульба, усе прысутныя падымаюць шклянкi з каньяком, маўчаць хвiлiну — i моўчкi выпiваюць. Праходзiць некалькi хвiлiн — i на талерцы застаецца толькi адна... Асцярожна яна пераносiцца на меншую талерачку i ставiцца на бакавы столiк каля крыштальнай шкляначкi з цэлым букетам сцяжкоў-клiшынак i напоўненага бакала з каньяком. Са сцяны на прысутных i яе —«VIP-асобу» — глядзiць i ўсмiхаецца з чорнай рамкi мiнiстр. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter