Даўгаўпілскія “Ластаўкі” на працягу 15 год дзеляцца з гледачамі пазітыўным бачаннем свету, аптымізмам і любоўю

Мелодыі кранаюць душу

Даўгаўпілскія “Ластаўкі” на працягу 15 год дзеляцца з гледачамі пазітыўным бачаннем свету, аптымізмам і любоўю

Напрыканцы ліпеня ва ўтульнай зале Цэнтра культуры Даўгаўпілскага краю “Vārpa” трыа “Ластаўкі” беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” адзначыла сваё 15-годдзе.


Галасістыя птушкі — Наталля Зубкова, Таццяна Піменава і Вера Талерка

Вечарына прайшла ў прыемнай атмасферы, пры поўнай зале. Мерапрыемства падрыхтавала таварыства “Уздым”, вядучай была яго старшыня Людміла Сінякова. Пад час канцэрта гледачам была прадстаўлена і зробленая Марытай Кавалеўскай фотапрэзентацыя пра творчы шлях калектыву-юбіляра. Утварыўшыся ў 2001 годзе пры беларускай суполцы, “Ластаўкі” шмат гадоў знаёмяць жыхароў Латвіі з беларускай культурай. Душэўным і эмацыйным выкананнем песень кранаюць сэрцы слухачоў.

Першае выступленне “Ластавак” было на фестывалі “Браслаўскія зарніцы”: спявалі аднайменную песню на верш С. Валодзькі і музыку А. Рудзя. Гэтая ж кампазіцыя стала потым гімнам фестывалю і надоўга ўвайшла ў рэпертуар трыа. Пасля “Ластаўкі” штогод з канцэртамі гастралявалі па ўсёй Латвіі, часта бывалі ў Беларусі ды Літве. Калектыў прымаў удзел у фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, у II Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску, у шматлікіх народных святах у Полацку, Глыбокім, Паставах, Дуброўне, Мёрах, Пераброддзі... Добра ведаюць трыа ў Латвіі: “Ластаўкі” — заўсёднікі фэстаў “Dziesmu svētki” ў Рызе, “Latgales vainags” у Індры, “Folkloras festivāls” у Рэзэкнэ, “Sudrabas zvani” ў Даўгаўпілсе ды іншых.

З сольнымі канцэртамі выступаў гурт у Вільнюсе, Вісагінасе, Ліепаі, Валміеры, Рэзэкнэ. Спявалі артысткі на адной сцэне з маскоўскім ансамблем песні і танца кубанскіх казакаў, Львом Лешчанкам, Іосіфам Кабзонам. Калектыў прымаў удзел у аўтарскім канцэрце Ігара Лучанка ў Рызе. Увогуле выступленняў у трыа было так шмат, што ўсіх не пералічыць. А ў 2009 годзе калектыў прэзентаваў дыск “Радасць у сэрцы зноў”.

Хто ж яны такія, гэтыя галасістыя птушкі? У розны час у трыа спявалі Алена Гедзюн, Вольга Краліка, Інга Цірша, Юлія Хмяльніцка... Цяпер “Ластаўкі” — гэта Наталля Зубкова, Вера Талерка і Таццяна Піменава. Мастацкі кіраўнік ад часу стварэння гурта — Таццяна Піменава.

У праграму юбілейнага канцэрта ўвайшлі беларускія народныя песні, а таксама беларускіх аўтараў. Прагучалі і песні на вершы сябра таварыства “Уздым”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі, музыку да якіх напісала Таццяна Піменава. У заключнай частцы спявачкі выканалі песні на розных мовах свету.

Парадавала гледачоў салістка трыа Вера Талерка, якая выканала новыя песні на вершы С. Валодзькі і музыку Т. Піменавай “Астравок Беларусі”, прысвечаную беларускаму консульству ў Даўгаўпілсе, і “Ракуцёўскае лета” — да 125-годдзя беларускага паэта Максіма Багдановіча.

Дарэчы, Вера нядаўна закончыла музычную акадэмію ў Вільнюсе і сёлета падпісала кантракт з Нацыянальным оперным тэатрам у г. Осла (Нарвегія). Аднак з трыа сыходзіць не збіраецца. Абяцае, што па магчымасці будзе і далей спяваць разам з сяброўкамі.

Яшчэ адна вакалістка “Ластавак”, Наталля Зубкова, працуе настаўніцай музыкі ў дзіцячым садку. Урокі музыкі выкладае і Таццяна Піменава ў школе Даўгаўпілса. Таленавітая паэтка і кампазітар, яна шчодра дзеліцца са сваімі гледачамі незвычайным бачаннем свету, аптымізмам і любоўю. Яе песні “Оптимистическая”, “У летнім Даўгаўпілсе” назаўжды запамінаюцца ўсім, хто хоць аднойчы іх пачуў.

На юбілейным канцэрце віншавалі “Ластавак” сябры: танцавальны калектыў “Лянок” (кір. Вера Сухарава), гурт народнай песні “Купалінка” (кір. Вячаслаў Пятроў). Консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў зачытаў віншавальны ліст ад Пасла Беларусі ў Латвіі Марыі Даўгаполавай і ўручыў грамату ад Генеральнага консульства. У той дзень “Ластаўкі” атрымалі шмат віншаванняў і кветак, памятныя сувеніры ад таварыства “Уздым”. Расчуленыя і задаволеныя гледачы ўзнагародзілі артыстак апладысментамі.

За значную дапамогу ў правядзенні свята выказваем словы падзякі Даўгаўпілскай гарадской думе, Даўгаўпілскай краёвай думе і кіраўніцтву Цэнтра культуры Даўгаўпілскага краю “Vārpa”. Удзячныя мы фірме “Dāvanu fabrika” за дызайнерскую працу, фірме “Demra” за друкарскія паслугі, радыё “Alise+” і газеце “Сейчас” за інфармацыйную падтрымку.

Мікола Паўловіч, сябра таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 33 (3489), чацвер, 1 ВЕРАСНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter