Хто часта наведвае Бацькаўшчыну, жывучы ў замежжы, той таксама, як і я, можа даведацца тут шмат новага і цікавага

Маё адкрыццё Якуба Коласа

Хто часта наведвае Бацькаўшчыну, жывучы ў замежжы, той таксама, як і я, можа даведацца тут шмат новага і цікавага

viktar.pngПраграма Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету, у якім я ўдзельнічаў, была насычана рознымі мерапрыемствамі. Газета “Голас Радзімы” пісала і пра творчую сустрэчу паэтаў і празаікаў беларускага замежжа ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у якой удзельнічалі і сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мы мелі магчымасць пачытаць свае творы. Хачу ўдакладніць, што з рэгіёнаў былога СССР нас было трое: я прадстаўляў Украіну, Станіслаў Валодзька — Латвію, Віталь Бартохаў — Крым. З Польшчы былі Міра Лукша, Кацярына Сянкевіч і Віктар Стахвюк.

Мяркую, радкі з коласаўскай паэмы “Новая зямля” — “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы...” — жывуць у душах усіх беларусаў. У тым ліку і тых, хто нарадзіўся і вырас у Беларусі, але па волі лёсу апынуўся за яе межамі. Кожны, хто разумее сілу роднай зямлі, роду, народу, ад якой сам становіцца мацнейшым, і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны зберагае любоў да роднай мовы, літаратуры, паважае культурныя традыцыі, ведае гісторыю Бацькаўшчыны. Калі я даведаўся, што пабываю ў Доме Коласа, быў вельмі ўсцешаны: раней ні разу не пераступаў яго парог. Маё адкрыццё Якуба Коласа пачалося з вітання спадарыні Зінаіды Камароўскай, дырэктара музея. У цёплых словах, звернутых да гасцей, яна перадала і нам сваю асабістую  ўлюбёнасць у дзядзьку Якуба, у справу, якой зямлячка Песняра займаецца доўгія гады.

Прызнаюся: маімі кумі­рамі ў беларускай літаратуры даўно сталі Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Кандрат Крапіва і Васіль Быкаў. Ведаў і творчасць Якуба Коласа ў межах школьнай праграмы: “Сымон-музыка”, “Новая зямля”, “Дрыгва”, “На ростанях”… Але пасля агляду экспанатаў музею ды аповеду экскурсавода Ірыны Казловіч зусім па-іншаму буду ставіцца і да гэтага генія. Зінаіда Камароўская пасля заканчэння экскурсіі запрасіла нас у гасьцёўню пісьменніка. Сабралася там шмат цікавых людзей. Сярод іх заўважыў Навума Гальпяровіча: голас яго чую ў радыёперадачах з Беларусі для нас, замежнікаў. Пачалася творчая сустрэча са спявання песні-гімну “Мой родны кут”. Далей рэй вяла Зінаіда Камароўская. Давала слова і сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі, і паэтам-гасцям. Я прачытаў мікрабайку “Хай спявае!”, Станіслаў Валодзька — лірычныя вершы, Віталь Бартохаў паказаў сябе цудоўным чытальнікам прозы Якуба Коласа. Цікава было паслухаць, як чытаюць свае творы Міра Лукша і Віктар Стахвюк: у іх своеасаблівае падляшскае вымаўленне па-беларуску, бо жывуць яны ў польскамоўным асяроддзі. Выступалі яшчэ старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазьнякоў, журналіст і паэт Навум Гальпяровіч, паэтка-бард Ганна Чумакова, паэткі Алёна Легастаева, Іна Фралова. Дарэчы, апошнім траім білеты СПБ уручалі ў гасьцёўні Коласаўскага музея: на традыцыйных сумесных сустрэчах.

На памяць пра гасцяванне суайчыннікаў з замежжа ў Доме Коласа ягоная гаспадыня кожнаму з нас прэзентавала буклет “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” і зборнік вершаў “Песня натхнення”, якіх сама ж і ўкладальніца. Каштоўныя, скажу я вам, падарункі! Я ўжо перачытаў усе вершы зборніка, дзякуючы якім занава адкрыў для сябе творчасць Якуба Коласа. Вось паслухайце: “Бывае музыка і ў стуку,/ Хоць можа гэта і дзіўно—/ Благаслаўляю туку руку,/ Што мне пастукала ў акно...” А я цалую канкрэтную руку — руку Зінаіды Мікалаеўны Камароўскай. Яна ж апроч сваіх кніжак падаравала нашаму гурту беларускай культуры “Зорка Венера” кнігу “Якуб Колас. У думках, у сэрцах, у песнях” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Укладальнік выдання — Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, малодшы сын Песняра. Усе прывезеныя з Мінску кнігі занялі сваё годнае месца на Выставе беларускай літаратуры і СМІ Беларусі “Год беларускай культуры ў Ізяславе”.

Пятрусь Капчык, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера”, г. Ізяслаў, Украіна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter