Суды даводзяць да худабы: гiсторыя сям`i, дзе тата гадуе дваiх дзяцей

Мапуля для дваіх

Прыгатаваць ежу, памыць посуд, забегчы ў краму, заплесці косы, праверыць урокі… Першыя бацькоўскія абавязкі, якія прыходзяць у галаву. Зразумела, іх нашмат больш. А калі па жыццёвых абставінах адзін з бацькоў выхоўвае дзяцей сам? Што, калі гэта тата? Карэспандэнт «Р» сустрэлася з 39-гадовым Алегам Макарам, які застаўся адзін з двума малымі на руках. 

Дзень таты-адзіночкі распланаваны па хвілінах. Каб сумясціць размову з карыснай справай, выпраўляемся з Алегам і дзецьмі па пакупкі.

Маці хацела падзяліць дзяцей пасля разводу, але тата ўзяў малых пад сваё апякунства.
Сустракаемся ў 18 гадзін каля «Еўраопта», што за кальцавой. Алег апрануты афіцыйна: дзелавы касцюм, белая кашуля – не паспеў пераапрануцца пасля працы. Ён даволі паспяховы спецыяліст у банкаўскай сферы. Малодшы Уладзік (яму шэсць гадоў) павіс на татавай руцэ і не пускае. 11-гадовая Дзіяна хоча здавацца дарослай, таму спакойна крочыць побач. 

— Па прадукты мы ездзім кожны дзень. Адразу пасля працы я забіраю дзяцей ад сваіх бацькоў, і мы накіроўваемся ў гіпермаркет, — апісвае штодзённы маршрут Алег. — Зручна: тут можна купіць усё, што пажадаеш. Асабліва бонсцікі: хочаш не хочаш, а ехаць прыходзіцца.

Гісторыю, чаму маці каля чатырох гадоў таму пакінула дзяцей, Алег расказвае з яўным засмучэннем у вачах. Галоўны яблык разладу: яе жаданне падзяліць малых пасля разводу. Бацька палічыў гэта немагчымым: брат з сястрычкай – вадою не разальеш. Вынік двухгадовых судовых разбораў – дзеці з татам і мінус 15 кілаграмаў вагі ад нерваў. Сёння маці спраўна выплачвае аліменты і калі-нікалі наведвае малых. Астатнія клопаты – на Алегу.

Дзень таты дваіх дзяцей пачынаецца ў 5 гадзін 15 хвілін з прыгатавання сняданку. Што прыгатаваць? Гэта залежыць ад таго, наколькі сытна сямейства павячэрала. Часам і грэчкі з маслам дастаткова, а калі-нікалі і супца «могуць заваліць». У малых пад’ём у 6.20. Дзіяна збіраецца ў гімназію самастойна, Уладзіку і «пендзеля прыходзіцца выпісваць». З дому сямейства выпраўляецца а палове восьмай. Бацька развозіць малых (каго ў садзік, каго ў школу) – і на працу да вечара. 

З побытавымі праблемамі Алег Макар звыкся адразу пасля разладу з жонкай і зараз спраўляецца з імі на аўтамаце. Выдатна гатаваць ён навучыўся яшчэ ва ўніверсітэцкія гады. Сёння найлепшы кухар у любой кампаніі. 

— Пасля магазіна мяне чакае мыццё бялiзны і прыгатаванне вячэры, — Алег выбірае сок і мінералку і плануе дзень надалей. — Пральнай машынай нікога не здзівіш: штодзённае мыццё 65 хвілін з паласканнем – усё проста. З вячэрай часта Дзіяна дапамагае. Учора, напрыклад, шарлотку сама зрабіла.

Пасля вячэры тата імкнецца выйсці з дзецьмі на вуліцу. У вучэбны час даводзіцца правесці некалькі гадзін за заняткамі з малымі. Часта яны гуляюць у школу: Дзіяна – настаўніца, Уладзік – вучань. Зрэдку справа нават да сварак даходзіць.

Пакуль Алег браў крупы, малыя прыцягнулі чыпсы. Аднаго бацькавага позірку было дастаткова, каб дзеці ўсё гэта паклалі назад:

— Не скажу, што я іх заўсёды трымаю ў абцугах. Песціць таксама трэба. Але з дзяцінства прывучаю: усё трэба заслужыць. Вось Дзіяна скончыла год без васьмёрак – атрымала тэлефон. Калі ж прасядала ў адзнаках – пазбаўляў інтэрнэту. Паверце, гэта дзейсны спосаб. Уладзік марыць працаваць у банку на маім месцы, калі пайду на пенсію. Пакуль не хачу парушаць яго ілюзій і гаварыць: сынок, на жаль, банк не бацькаў.

Раз на тыдзень тата дазваляе малым паласавацца жвачкамі, чыпсамі і газіроўкай. А два разы на месяц (з бацькавых авансу і зарплаты) яны выпраўляюцца ў «Макдоналдс» на веласіпедах. Гэта ўжо своеасаблівая сямейная традыцыя. 

Пакуль ідзём у аддзел гаспадарчых тавараў, Алег расказвае пра адбой. Як правіла, адпачынак у сям’і Макар надыходзіць у 22 гадзіны. Калі дзеці паводзяць сябе дрэнна – на паўгадзіны раней. А часам яшчэ ўгавораць бацьку на пятнаццаць хвілін мульцікаў. — Тата, давай возьмем мыла з бонсцікам, — падбягае ўзрадаваны новай знаходкай Уладзік.

І тут бацька дзесяць хвілін падбірае словы, каб растлумачыць сыну, чаму без бонсцікаў узяць выгадней. Сур’ёзна. Разважліва. Удумліва. Нарэшце дзіця прымае бок таты. 

У выхаванні дзяцей Алегу дапамагаюць бацькі. Бабуля раней забірае хлопчыка з садзіка, дзяўчынку – са школы. Потым корміць, дапамагае з заняткамі. У некаторых выпадках яна нават замяняе маці. Асабліва калі трэба пашушукацца па-дзявоцку. Прывілею заплятаць дачушцы косы тата пакінуў за сабой. У асартыменце прычосак – і хвасты, і карзінкі, і нават твістары... 

— З усіх хатніх абавязкаў, напэўна, трошкі дастаўляе дыскамфорт мыццё посуду. Не таму, што гэта цяжка, а таму, што, паеўшы, неахвота што-небудзь рабіць. А так, калі мужчына ўпэўнены ў сваіх сілах, ён з усім справіцца не горш за жанчыну, — разважае тата дваіх дзяцей, пакуль праводжу сямейства да машыны пасля ўдалага шопінгу. 

Алег Макар падтрымлівае ініцыятыву абавязковага дэкрэтнага адпачынку для бацькаў і дня таты. Сваім прыкладам ён яшчэ раз пацвярджае, што пры жаданні паспець можна ўсё на свеце. 

ПРОСТАЯ  МОВА

Алег Бакулін, старшыня грамадскага аб’яднання «Абарона правоў бацькоў і дзяцей»: 

— На сёння ў нашай арганізацыі налічваецца 272 чалавекі. Большасць з іх – мужчыны, якія маюць патрэбу ў юрыдычнай дапамозе пасля скасавання шлюбу. Яны змагаюцца за права выхоўваць дзяцей. На жаль, закон у выключных выпадках падтрымлівае мужчын. Чамусьці незалежна ад таго, хто вінаваты, дзяржпошліну ў большасці выпадкаў пры скасаванні шлюбу спаганяюць з мужчын. Дарэчы, у нашай краіне налічваецца каля 30 тысяч татаў, якія выхоўваюць дзяцей самастойна. 

veronulas@sb.by

Фота з сямейнага архіва героя
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter