В хозяйстве "Верхнедвинское" все главные специалисты - молодежь

Маладагвардзейцы "Верхнядзвiнскага"

Тут не баяцца давяраць учарашнім выпускнікам самыя адказныя пасады
Тут не баяцца давяраць учарашнім выпускнікам самыя адказныя пасады і даручаць самыя смелыя задачы.


Паліца ў кабінеце дырэктара КУВСГП «Верхнядзвінскі» Антона Тумашэвіча застаўлена дыпломамі за поспехі ў вытворчасці малака, мяса, кармоў і зерня. Гэта толькі за мінулы год. Не менш важкія дасягненні і сёлета. На круг сабрана 25 цэнтнераў рапсу (лепшы паказчык па раёне) і 46 цэнтнераў збожжа (другое месца). Прыбавілася і малака. Яго рэалізацыя ў параўнанні з 2013 годам узрасла на 10 працэнтаў. Прычым 80 працэнтаў прададзена сортам «экстра». Гаспадарка — неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх «Дажынак».

Гэтыя дасягненні можна было б назваць звычайным фактам, калі б не адно «але». Усе галоўныя спецыялісты ў гаспадарцы, а таксама і спецыялісты сярэдняга звяна — моладзь. Аграном Сяргей Панкрат, заатэхнік Сяргей Вільчык, ветурач Аляксей Гарбуль, энергетык Сяргей Тумашэвіч, інжынер Дзмітрый Някрасаў, загадчык майстэрні Леанід Вермахоўскі, брыгадзір Арцём Балтрушэвіч і іншыя. Вось такая маладая гвардыя!

І што яшчэ цікава, у большасці сваёй хлопцы не збіраліся надоўга заставацца ў сельскай гаспадарцы. А вось трапілі ў КУВСГП «Верхнядзвінскі» і не крануліся больш нікуды.

— Антон Тадэушавіч, у вас што, цяплічныя ўмовы для спецыялістаў існуюць? — пытаюся ў дырэктара.

— Нічога асаблівага. Проста стварылі ім нармальныя ўмовы быту і для працы. Па-першае, пасялілі ў дыхтоўныя катэджы. Дапамаглі набыць мэблю, а хто жадаў — абзавесціся жывёлай. Па-другое, замацавалі за імі службовыя машыны. Працягласць гаспадаркі — 30 кіламетраў. І калі аграному не даць транспарт, як ён зможа прасачыць за ўсімі работамі: на якім полі збажына паспела, як камбайны ўбіраюць, як глеба пад сяўбу рыхтуецца? Тое ж з ветурачом, заатэхнікам, якія штодня павінны аб’ехаць статкі жывёлы на фермах і выпасах.

— А зарплата?

— Фінансы для маладога спецыяліста — адно з галоўных пытанняў. Калі яго пасадзіць на аклад, не зацікавіць — у яго не будзе ніякага жадання працаваць. Да нас нядаўна прыйшоў з Горацкай акадэміі інжынер Дзіма Някрасаў. Я сяджу і думаю: «Паставіць яго адразу галоўным інжынерам — яму ж нашкодзіць, а простым механікам — пакрыўдзіць, ды і што атрымае?» І вось гавару яму: «Пабудзеш пару месяцаў вядучым спецыялістам, прыгледзішся да калектыву, а зарплату будзеш атрымліваць па стаўцы галоўнага інжынера». Лепш пераплаціць, чым недаплаціць.

— Антон Тадэушавіч, зарплаты спецыялістаў у вашай гаспадарцы не нізкія, але і не надта высокія. Значыць, не толькі гэта трымае іх у гаспадарцы?

— Не ведаю, як іншыя кіраўнікі, асабіста ж я паважаю педагогіку. Не трэба думаць пра сённяшнюю моладзь дрэнна. Большасць маладых імкнецца паказаць сябе. Ім трэба даць магчымасць самастойна вырашаць тую ці іншую задачу. Я гавару і заатэхніку, і ветурачу, і аграному: «Хлопцы, раз вы надумалі зрабіць гэта, то самі і адказваць будзеце». Здараецца, не атрымліваецца, але калі бачу, што чалавек мэтанакіраваны, стараецца атрымаць добры вынік, то памылку трэба дараваць. На планёрку я збіраю спецыялістаў не дзеля таго, каб навязаць ім сваю ідэю, маўляў, я дырэктар — і мой загад выконвайце, а хачу пачуць іх думкі, супаставіць са сваімі і выбраць потым аптымальны варыянт.

— А як вам удаецца разгледзець людзей, зрабіць правільны выбар?

— Я да людзей спачатку прыглядваюся: якія ў яго веды, што ён можа? Вось прыйшоў аграномам Сяргей Панкрат. У яго прафесія агранома-хіміка. А тут пасяўная... Падказваў яму са свайго жыццёвага вопыту. У сваю чаргу і сам вучыўся ў яго, як хіміка. А ўбачыўшы, што ўсё атрымліваецца, перадаў яму цалкам раслінаводства гаспадаркі.

Бываюць і ў мяне асечкі. Неяк узяў у майстэрні спецыяліста маладога. «Згарэў» рухавік, бо не зрабілі прафілактыку. Чалавек проста адсе- джваўся на рабоце, што не перашкодзіла яму прыйсці да мяне і папрасіць надбаўкі да зарплаты. Давялося расстацца.

— А не рызыкоўна набраць вось так адразу столькі маладых спецыялістаў? Не ўзнікала боязі, што яны «заваляць» гаспадарку?

— Па-першае, не было чаго завальваць. Гаспадарка лічылася апошняй у раёне. Тут раней была птушкафабрыка. Ад курэй пазбавіліся, а памяшканні прыстасавалі пад утрыманне буйной рагатай жывёлы. А па-другое, усе цяперашнія маладыя спецыялісты не прыйшлі разам, у адзін дзень і год. Спачатку з’явіўся заатэхнік Сяргей Вільчык, праз два гады пасля яго — аграном Сяргей Панкрат... Ну і гэтак далей. Дарэчы, мой сын Сяргей пасля заканчэння БДАТУ таксама ў гэтай кампаніі ў якасці галоўнага энергетыка.

— А праўда, што некаторых вашых маладых спецыялістаў жадаюць «сасватаць» на кіруючыя пасады ў іншыя гаспадаркі?

— Яны дастойныя гэтага, і веру, што ў будучым не раз яшчэ пра іх пачуем!

Сяргей ПАНКРАТ, галоўны аграном:

«На мытні абыдуцца без мяне»

— Шчыра прызнацца, я не планаваў ісці ў сельскую гаспадарку. У Горацкай сельгасакадэміі выбраў спецыяльнасць «абарона раслін і каранцін». Нам гаварылі, што будзем працаваць на мытні, што там вельмі патрэбны такія людзі. І я паддаўся на гэту агітацыю. А калі закончыў вучэбную ўстанову, накіравалі ў вёску.

Паехаў у свой раён. Прыйшоў ва ўпраўленне райсельгасхарчу. Сказаў, што жыву ў Верхнядзвінску. Падказалі, што патрэбен спецыяліст у прыгарадную гаспадарку. Так я апынуўся ў «Верхнядзвінскім».

Адразу далі службовую машыну. Ад жылля адмовіўся, бо меў дом у горадзе, дзе жылі бацькі. Мяне паставілі адразу галоўным аграномам. Каля года ўваходзіў у курс. Дапамагалі дырэктар Антон Тадэушавіч Тумашэвіч і аграном-практык Мікалай Уладзіміравіч Драздоў. Зарплату з апошнім атрымліваў аднолькавую.

У нас поўная свабода: якія культуры сеяць і дзе — выбіраем самі. Раён дае толькі агульную ўстаноўку. А «разбіўку» мы ўжо робім самі: колькі ячменю, пшаніцы і гэтак далей. У залежнасці ад папярэднікаў. Бываюць памылкі, не без гэтага. Але многае і ўдаецца. Мы ўвайшлі ў тройку лепшых гаспадарак раёна па збожжавых . Асабліва радуе азімы рапс. Летась сабралі па 37 цэнтнераў, сёлета нават пры бясснежнай зіме — 28. На пасадзе галоўнага агранома я ўжо восьмы год і нікуды адсюль не збіраюся. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Юліяй, якая працавала тут бухгалтарам. У нас падрастае дачка.

Сяргей ВІЛЬЧЫК, галоўны заатэхнік:

«Жонку я не падседжваў»

— Я з горада Чашнікі. І ніколі не думаў, што буду жыць у вёсцы. Праўда, была мара: займець свой дом. Яна збылася. Я прыватызаваў катэдж нядаўна. Атрымалася 105 мільёнаў з растэрміноўкай на 20 гадоў. Гэта не так і шмат. Па сутнасці, давядзецца выплачваць звычайную кватэрную плату. Маю машыну. Нармальная зарплата.

Пасля школы паступаў у Гарадоцкі сельгас- тэхнікум, але не прайшоў па балах. Заглянуў у Лужасна. Там паступіў на аддзяленне заатэхніі, а пасля закончыў і Віцебскую ветакадэмію.

   Хацеў уладкавацца на работу на першую Мінскую птушкафабрыку, дзе праходзіў праддыпломную практыку. Не атрымалася. У камісіі сказалі, што раз з Віцебскай вобласці, то там трэба і заставацца. Выбраў Верхнядзвінскі раён.

Адразу прапанавалі месца галоўнага заатэхніка ў прыгараднай гаспадарцы, але напачатку адмовіўся, бо не было ніякіх навыкаў. Паўгода працаваў селекцыянерам, потым заатэхнікам па корманарыхтоўцы. Галоўным заатэхнікам у КУВСГП «Верхнядзвінскі» дзявяты год. Змяніў на гэтай пасадзе сваю жонку Аксану. Жартуюць, што я «падседзеў» яе.

Калі ж сур’ёзна, то работы ў жывёлагадоўлі хапае. Для параўнання, калі прыйшоў, фермы былі «параскіданымі»: «Нядзведская», «Першамайская», «Мурзы», «Чыстаполле»... Сабралі ў адну «кучу». Цяпер засталіся толькі дзве МТФ. Ушчыльную працуем з камбікармамі. На практыцы мы пераканаліся, што грануляваныя камбікармы даюць куды большую аддачу, чым рассыпныя. А ўвогуле надоі выраслі ў гаспадарцы з моманту майго прыходу ў два разы.

Аляксей ГАРБУЛЬ, галоўны ветурач:

«Не зманілі — пераманілі»

— Нарадзіўся я ў Верхнядзвінскім раёне. Каля самай граніцы вёска Быліны ёсць. Адсюль кіламетраў шаснаццаць. Скончыў Лужасна і ветакадэмію. Адпрацаваў паўтара года ўрачом-гінеколагам у ветстанцыі ў Верхнядзвінску. У гэту гаспадарку пераманілі сацыяльным пакетам: жыллём, умовамі, зарплатай. Далі адразу службовы аўтамабіль. Пакуль дом будаваўся, ездзіў у сваю родную вёску. Пасаду галоўнага заатэхніка сумяшчаю з асемянатарскай. Не магу не сказаць добрых слоў у адрас Івана Міхайлавіча Барана, былога ветурача і асемянатара, які ўсё жыццё адпрацаваў у гэтай гаспадарцы і цяпер на пенсіі. Ён мне шмат ведаў, вопыту перадаў. І пры неабходнасці нават цяпер дае мне выхадны — замяняе мяне. Разам з заатэхнікам Сяргеем Вільчыкам раніцай, увечары аб’язджаем статак. Праводзім па схеме ўсе неабходныя мерапрыемствы. Аказваем паслугі і насельніцтву, якое трымае ў падсобных гаспадарках жывёлу. Праўда, кароў з кожным годам там становіцца менш.

Можна пачуць, што сёння ў сельскай гаспадарцы не прадыхнуць. Гэта не так. Час для адпачынку можна знайсці, толькі трэба правільна спланаваць свой дзень. У нас вельмі дружны калектыў, і мы падтрымліваем адзін аднаго.



Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

saulich@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter