Институту мелиорации Национальной академии наук Беларуси 110 лет

Магістральны інтарэс

Ён у тым, каб захаваць усё, створанае цэлымі пакаленнямі прафесіяналаў

Першыя меліярацыйныя каналы на беларускіх землях пракладзены паўтара стагоддзя таму назад пад кіраўніцтвам расійскага геадэзіста генерала Іосіфа Жылінскага. У 1910 годзе ў Мінску пачала дзейнічаць балотная станцыя. У канцы мінулага стагоддзя, калі ў рэспубліцы пачаўся масавы наступ на забалочаныя землі, яна была пераўтворана ва Усесаюзны навукова-даследчы балотны інстытут, дзе навуковымі даследаваннямі займаліся звыш 800 спецыялістаў.

На выпрабаванні меліярацыйнай устаноўкі  дырэктар Інстытута меліярацыі Аляксандр АНЖАНКОЎ і вядучы навуковы супрацоўнік, дацэнт Мікалай ПАГОДЗІН.

За шматлікія навукова-практычныя дасягненні калектыў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Зараз інстытут меліярацыі ўваходзіць у састаў Навукова-практычнага цэнтра па земляробству Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узначальвае інстытут кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Анжанкоў, з якім напярэдадні прафесійнага свята гутарыць карэспандэнт «СГ».

— Аляксандр Сяргеевіч, якія зараз асноўныя напрамкі дзейнасці калектыву?

— Як і сто гадоў таму, галоўны — меліярацыя. Распрацоўваем высокаэфектыўныя энерга- і рэсурса­зберагальныя тэхналогіі эксплуатацыі, аднаўлення і рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, ствараем высокаэфектыўныя занальныя сістэмы земляробства на абноўленых масівах з мэтай забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Наш інстытут адзіны ў Беларусі распрацоўвае стандарты, тыпавыя праекты і іншыя нарматыўныя дакументы для меліярацыйнай галіны. Без іх немагчымы правядзенне меліярацыйных работ і эксплуатацыя абноўленых плошчаў. Рэгіёны рэспублікі неаднародныя па глебаваму складу: ад пяскоў да суглінкаў, шмат тарфянікаў. Спецыялісты выпрацоўваюць рэкамендацыі па эксплуатацыі зямель. Раней на аб’ектах закладвалі керамічны дрэнаж. Выпуск яго спынены. Масава сталі прымяняцца гафрыраваныя поліэтыленавыя трубы.

Цесна ўзаемадзейнічаем з калегамі з іншых профільных інстытутаў. На 160-гектарным участку ў Акцябрскім раё­не пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка Аляксандра Мітраховіча выпрабоўваем метад двухбаковага вод­нага рэгулявання. Замест адкрытых каналаў абсталяваны падземныя трубаправоды і водаспускныя калодзежы. На такіх масівах можна прымяняць высокаэфектыўную шыроказахопную тэхніку.

Другі не менш важны накірунак — лугаводства. Ад правільнай эксплуатацыі лугоў і пашаў залежыць экспартны патэнцыял краіны, без травяных кармоў немагчыма развіваць жывёлагадоўлю. Праблемамі лугаводства займаюцца тры доследныя лабараторыі. Нарматывамі мы ахопліваем усю рэспубліку.

— Масавы наступ на балоты ў асноўным праводзіўся ў другой палове мінулага стагоддзя. Зараз большасць меліярацыйных аб’ектаў патрабуюць рамонту ці рэканструкцыі. Без абгрунтаваных парад навукоўцаў тут не абыйсціся.

— Гэтым займаюцца дзве спецыялізаваныя лабараторыі: удасканалення і эксплуатацыі меліярацыйных сістэм. Эксперыментальна выраб­ляем сродкі для відэадыягностыкі цяжкадаступных аб’ектаў. Распрацавана ўнікальная мадэль машыны УПК-75, прызначаная для ачысткі труб-рэгулятараў і пераездаў праз меліярацыйныя каналы. На перакрыжаванні каналаў і дарог пракла­дзены трубы дыяметрам менш за метр. Пасля зацягвання глеем іх немагчыма пачысціць, таму іх замяняюць на новыя. А гэта дататковыя затраты і нязручнасць. Вынаходнік Мікалай Пагодзін вырабіў лафет з помпай, што дае магчымасць хутка ачышчаць трубаправоды. Выпрабоўваем і прыстасаванне для даследавання падводных аб’ектаў.  

— А ці абменьваецеся вопытам з замежнымі калегамі?

— Падтрымліваем цесную сувязь з расійскімі і прыбалтыйскімі калегамі. Вясной нашу дэлегацыю прымалі ў падкамітэце па меліярацыі Дзярждумы Расіі. Нам было там чым падзяліцца. Яшчэ ў 2000 годзе Прэзідэнт вызначыў меліярацыю як адну з найбольш важных спраў народнай гаспадаркі. У рэспубліцы меліяравана амаль 3 мільёны гектараў сельскагаспадарчых зямель. Вучоныя інстытута садзейнічаюць іх эфектыўнаму выкарыстанню.

— Што новае перанялі ў замежных калег?

— Пераймаем вопыт вядзення маніторынгу і мадэлявання меліярацыйных аб’ектаў. Без ведаў іх гісторыі немагчыма прагназаваць выкарыстанне на перспектыву. Гэтым у нас займаюцца спецыялісты пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі Мікалая Вахоніна.

— А чым цікавяцца замежныя навукоўцы ў вас?

— Вучацца арганізацыі працы. З савецкіх часоў захаваўся ў нас парадак дзейнасці меліярацыйных структур. Замежных калег цікавяць нашы рэсурса­зберагальныя тэхналогіі і тэхнічныя сродкі па абслугоўванні меліярацыйных сістэм.

— Вы дзявяты год працуеце ў Інстытуце меліярацыі. Нядаўна ўзначалілі яго. Якой бачыцца перспектыва дзейнасці калектыву?

— Плануем пашыраць вытворчасць распрацовак, якія дазволяць эканоміць рэсурсы пры эксплуатацыі і рэканструкцыі меліярацыйных сістэм. І надалей будзем эксперыментаваць з выпрацоўкай сродкаў малой механізацыі, дыягнастычнага абсталявання, стварэння сістэм з выбарачным дрэнажом, канструкцый двухбаковага водарэгулявання, падрыхтоўкай нарматыўных дакументаў. Дзейнасць вучоных запатрабавана, і мы імкнемся годна весці справу.

— Са святам вас, Аляксандр Сяргеевіч, і ўвесь творчы калектыў вучоных-даследнікаў.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter