Першы афіцыйны візіт у нашу краіну прэм’ер-міністра Ісламскай Рэспублікі Пакістан Мухамада Наваза Шарыфа

Мінск — Ісламабад: крокі насустрач

Першы афіцыйны візіт у нашу краіну прэм’ер-міністра Ісламскай Рэспублікі Пакістан Мухамада Наваза Шарыфа можна назваць заканамерным працягам майскіх сустрэч на вышэйшым узроўні ў Ісламабадзе



Тады Аляксандр Лукашэнка ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносінаў наведаў Пакістан. Наогул у сусветнай практыцы гэта даволі рэдкі выпадак, калі ўсяго толькі за два з паловай месяцы бакі абменьваюцца візітамі. Гэты факт наглядна ілюструе ўзаемнае жаданне і імкненне дзвюх дзяржаў перайсці ад намераў і дэкларацый да паўнацэннага супрацоўніцтва.

Але чым часцей сустракаюцца палітыкі, тым вышэйшы ўзровень даверу і тым мацнейшая дружба. А гэта галоўны фактар паспяховага развіцця эканамічных узаемаадносінаў. У апошнія гады наша краіна актыўна рэалізуе знешнепалітычную стратэгію па ўмацаванні адносінаў з дзяржавамі так званай далёкай дугі. У лістападзе мінулага года пачало працаваць пасольства Беларусі ў Пакістане. Хутка адкрыецца пакістанскае пасольства ў нашай краіне. Інтарэсы цалкам канкрэтныя. Пакістан з насельніцтвам амаль 200 мільёнаў чалавек (цэлы Еўразійскі саюз! — Заўв. аўт.) — чацвёрты ў свеце вытворца збожжа і пяты вытворца малака — вялікі і вельмі перспектыўны рынак для нашых вытворцаў.

Напэўна, нямногія ведаюць, што слова Беларусь у Пакістане трывала асацыявана менавіта з трактарам, а потым ужо з краінай. Цудоўны ўзор эфектыўнасці эканамічнай дыпламатыі. Дарэчы, МТЗ плануе сёлета на трэць павялічыць продаж трактароў у Пакістан — з трох да чатырох тысяч. Аднак Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае не абмяжоўвацца толькі чыстым гандлем, а нарошчваць патэнцыял вытворчай кааперацыі, гэта значыць пераходзіць да стварэння ў Пакістане зборачных вытворчасцяў сельгастэхнікі. Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф дамовіліся, што ў бліжэйшы час будзе распрацавана “дарожная” карта развіцця беларуска-пакістанскіх адносінаў.

На перагаворах у Мінску пацверджана сумесная гатоўнасць да пашырэння супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю. Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце ўсяго шэсць густанаселеных краін, і Пакістан у іх ліку. Ад таго, якая будзе сітуацыя ў гэтых дзяржавах, будзе залежаць клімат на нашай планеце, лічыць Аляксандр Лукашэнка:

Па выніках перагавораў было падпісана паўтара дзясятка дакументаў. Ключавы з іх — Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, які замацаваў асноўныя прынцыпы палітычнага і эканамічнага дыялогу паміж дзвюма краінамі. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter