Аналітыкі, палітолагі, прадстаўнікі даследчых цэнтраў і палітычных фондаў з Расіі, Украіны, Германіі, Францыі збіраліся на міжнародную канферэнцыю “Мінскі дыялог” для дыскусіі аб дасягненнях і будучых выкліках

Мінск акрэсліў дарогу да міру

У лютым 2015 года былі заключаны мінскія пагадненні, якія сталі пунктам адліку ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Бяссонная ноч, якую правялі ў Мінску кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў Ангела Меркель, Франсуа Аланд, Уладзімір Пуцін і Пётр Парашэнка, можна сказаць, увайшла ў падручнікі гісторыі... Сёння гучыць шмат самых розных ацэнак пра ход мінскага працэсу, але незалежна ад тону як удзельнікі канфлікту, так і назіральнікі сходзяцца ў адным: гэта механізм урэгулявання, альтэрнатывы якому няма.


Аляксандр Лукашэнка: Пытанні вайны і міру вырашаюцца месяцамі і гадамі, а тут удалося на працягу 15 гадзін дамовіцца пра спыненне агню

Мінск стаў сімвалам міру.
Пан Гі Мун
Мінскія пагадненні па Украіне трэба выконваць. Масква разглядае іх як міжнародна-­прававы акт.
Уладзімір Пуцін
Гэта адзіны шлях, які робіць магчымым мір ва Украіне.
Федэрыка Магерыні
Цяпер ёсць рэальны шанц на тое, што справы пойдуць лепш.
Ангела Меркель
Гэта сур’ёзная надзея. Гэта вялікая палёгка для Еўропы.
Франсуа Аланд
Галоўнае тое, што павінна быць аб’яўлена безумоўнае і ўсёабдымнае спыненне агню.
Пётр Парашэнка

У лютым сёлета Мінск ізноў стаў месцам сустрэчы “нармандскай чацвёркі”, толькі ўжо ў экспертным складзе. Аналітыкі, палітолагі, прадстаўнікі даследчых цэнтраў і палітычных фондаў з Расіі, Украіны, Германіі, Францыі збіраліся на міжнародную канферэнцыю “Мінскі дыялог” для дыскусіі аб дасягненнях і будучых выкліках.

Калі крытыкі гавораць, што да міру ва Украіне яшчэ далёка, то на гэта ўдзельнікі канферэнцыі далі агульны контраргумент: так, “Мінск-2” не прынёс канчатковага міру. Але! Вайны стала менш. Хіба гэтага мала, калі гаворка ідзе пра чалавечыя жыцці?

На гэтую акалічнасць асабліва звярнуў увагу спецыяльны прадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік. Ён сказаў: “Ёсць значны спад колькасці ахвяр, і ў прыватнасці сярод грамадзянскага насельніцтва. Гэта важны поспех”. Марцін Сайдзік сказаў таксама аб прагрэсе ў сферы бяспекі дзякуючы мінскім пагадненням. Наколькі гэта важны момант, мы пачынаем разумець на прыкладзе Сірыі, дзе якраз нешта падобнае да мінскіх пагадненняў не ўдалося дасягнуць. Жэнева пакуль з гэтай роляй не справілася.

І вось тут якраз настае вельмі важны момант у пераацэньванні Мінска ў бок большай яго, калі можна так выказацца, палітычнай капіталаёмістасці. На гэтым моманце засяродзіў увагу эксперт з Германіі Вольфганг Зендэр.

У Мінску, сказаў ён, мы павінны бачыць больш шырокую карціну, таму што канфлікт ва Украіне адлюстроўвае больш шырокую канфрантацыю. Сучасная сфера канфліктнасці стартуе на поўначы Арктыкі праз Балтыку, Украіну, Малдову ўніз да Сірыі і закранае ўсе сферы ад эканомікі да грамадства. Поле канфлікту пашыраецца, а Захад і Усход страцілі платформу перагавораў. Абмежаванне платформ для дыскусіі азначае абмежаванне шанцаў для вырашэння праблем.

І вось тут прадстаўнік Германіі звяртае ўвагу, што Беларусь вярнулася ў фокус міжнароднай увагі. “Мінск-2” паказаў, як Усход і Захад могуць паспяхова вырашаць канфлікты, калі яны будуць выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку і як удзельніка перагавораў.

Чаму Беларусь прывабная для вырашэння канфліктаў?

Вольфганг Зендэр адказаў цалкам аргументавана: перш за ўсё бакі канфлікту разглядаюць Беларусь як нейтральную тэрыторыю, якая шукае добрых адносінаў як з Захадам, так і з Усходам. Гэта права Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Па-другое, там бачаць высокае разуменне Мінскам рэгіянальнага кантэксту і таго, як узаемадзейнічаць з Захадам і Усходам. Па-трэцяе, Беларусь кроўна зацікаўлена ў вырашэнні канфлікту ва ўсходняй Украіне. Матывацыяй для гэтага служыць не толькі рэгіянальная бяспека нашай краіны. Беларусь па­цярпела ад санкцый (у дачыненні Расіі), хоць не з’яўляецца бокам канфлікту.

Такім чынам, на думку еўрапейскіх аглядальнікаў, Мінск распачаў многае, каб пашырыць сваю мяккую сілу і “Мінск-2” стаў краевугольным каменем для гэтага будаўніцтва. Звярніце ўвагу: упершыню адносна да Беларусі прагучаў выраз “мяккая сіла”, які прадугледжвае здольнасць дамагацца жаданых вынікаў на аснове добраахвотнага ўдзелу, прывабнай дыпламатыі.

Захад рэагуе на гэта пазітыўна, таму што якраз такой дыпламатыі ў сучаснай Еўропе пагрозліва не хапае. Больш за тое, у выступленні нямецкага дакладчыка прагучала, што Захад павінен дапамагчы Беларусі эканамічна, каб яна змагла цалкам сканцэнтравацца на мірнай дыпламатыі. Трэба зняць санкцыі з Беларусі, каб палепшыць давер.

Ужо ў кулуарах, маючы зносіны са мной, Вольфганг Зендэр сказаў, што перад намі сёння адкрываюцца новыя далягляды. І калі Захад робіць сёння добрыя прапановы для Беларусі, то гэта не азначае спробы ўключыць нашу краіну ў геапалітычныя гульні. Гэта азначае, што менавіта тут, у Мінску, былі прыняты рашэнні, якія палепшылі палітычны фон у Еўропе. Мінск можа стаць новай Венай, Жэневай або Хельсінкі, паколькі знаходзіцца паміж дзвюма вялікімі сіламі. І гэтае месца з’яўляецца важным рэсурсам яшчэ і таму, што ніякая іншая краіна не мае такога разумення і даверу Расіі, як Беларусь.

Ніна Раманава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter