Сотням лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў працягнуў руку дапамогі Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі

Ім адкрыты ўсе дарогі

Сотням лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў працягнуў руку дапамогі Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі

Нацыянальны акадэмічны Вялі­кі тэатр оперы і балета Беларусі. Менавіта на яго сцэне праходзіла ўрачыстасць да 20-годдзя фонду. І месца падзеі сведчыць: у Спецфонду высокі статус, важная місія ў выхаванні маладых талентаў. У віншаванні для яго лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытала на ўрачыстасці віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, гаворыцца: “Вашы дасягненні шырока вядомыя не толькі на Радзіме, але і далёка за яе межамі, а ваш прыклад служыць добрым арыенцірам для аднагодкаў і яркім пацвярджэннем таго, што для талентаў у нас адкрыты ўсе дарогі”.


Малады піяніст Уладзіслаў Хандогій — адзін з тых, хто мае падтрымку Спецыяльнага фонду

Знайшла слава Уладзіслава


З самае раніцы 23-га лістапада ў Вялікім тэатры гучалі творы сусветнай музычнай класікі: генеральная рэпетыцыя. У юбілейным канцэрце запрасілі паўдзельнічаць вядомых ужо музыкантаў, спевакоў, танцораў, у біяграфіі якіх ёсць “спецфондаўскі радок”. Кожны, здавалася, жыве ў свеце сваіх вобразаў. Але вось узмахвае дырыжорскай палачкай Андрэй Іваноў — і мноства гукаў зліваюцца разам, аркестр гучыць як адзіны арганізм. Першае аддзяленне — інструментальнае, у ім заняты і піяніст Уладзіслаў Хандогій: саліруе ў Канцэрце для фартэпіяна з аркестрам Каміля Сен-Санса. Ён, можна сказаць, пачатковец на творчым шляху, ды паспеў сябе ярка праявіць. Год таму стаў лепшым сярод удзельнікаў — з 48 краін! — на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў “Шчаўкунок”. Уладзіславу 14 гадоў, але да ўвагі прэсы, шырокай публікі ўжо прывык. “Пасля перамогі на тым конкурсе паступае шмат прапаноў: выступіць на розных мерапрыемствах, — гаворыць музыкант. — І гэта добра: назапашваецца досвед. Цяпер на сцэне адчуваю сябе больш упэўнена — прывык граць у вялікіх залах, менш хвалююся, а гэта важна”. А яшчэ, па словах Уладзіслава, для яго важныя не столькі вядомасць і слава, колькі прафесійнае развіццё. Марыць стаць добрым піяністам, сыграць Трэці канцэрт Рахманінава ды іншыя складаныя творы, выступаць са знакамітымі піяністамі. Дарэчы, ён ужо і граў з Дзянісам Мацуевым, вядомым расійскім піяністам-віртуозам.

Кацярына — унікальная балерына


Пакуль аркестр на сцэне, оперныя выканаўцы спяваюць за кулісамі, артысты балета робяць расцяжкі ды выбіраюць пуанты для вячэрняга выступу. Для Кацярыны Алейнік харэаграфічны абутак — абвязковы ў багажы пры авіяпералётах, якія сталі часткай яе жыцця. Кацярына ж балерына ўнікальная. Яшчэ студэнткай харэаграфічнага вучылішча танцавала ў тэатры сольную партыю, а званне вядучага майстра сцэны атрымала ў Оперным праз два гады працы. Імкліва асвоіла амерыканскую сцэну, мае кантракт з Washington Ballet, а цяпер працуе ў Беларусі, Францыі ды Эстоніі. “Даводзіцца быць своеасаблівым касмапалітам, і мне гэта падабаецца, — прызналася балерына. — Прыемна прыязджаць, вяртацца ў Беларусь і танцаваць тут. Ёсць людзі, якія доўгі час не змяняюць месца працы — я не з такіх. Мне складана працаваць увесь час не толькі ў адным тэатры — у адным горадзе. Напэўна, характар такі, тэмперамент. Таму не магу сказаць нават, дзе буду праз год...” Стаць зоркаю сусветнага балета Кацярыне дапамагла не дзіцячая мара, як бывае ў многіх дзяўчынак, а выпадак: мама ўбачыла аб’яву ў газеце пра набор у харэаграфічнае вучылішча ды прапанавала дочкам туды схадзіць.

Да вучылішча балета Кацярына не бачыла. “Не ведала, што гэта такое, — прадаўжае з усмешкай. — Мы пайшлі — і нас прынялі на вучобу, мне было гадоў 10. Успрыняла гэта як  чарговае хобі, а раней мы з сястрой хадзілі ў розныя гурткі.” А папярэднія ўменні аказаліся не на карысць новай вучобе: “Мела пэўную падрыхтоўку, і мне было проста нецікава на занятках. Думала, усё гэта ўжо ведаю, праходзіла на гімнастыцы, танцах. Адкрыта сумавала на ўроках, за што ў канцы года атрымала тры з мінусам! Мне сказалі: адлічым, калі не пачну старацца. Дапамагло! Захацелася нечага дасягнуць. Пачала больш займацца індывідуальна, хадзіла на спектаклі. Не прапусціла ніводнай пастаноўкі, бо ў мяне быў стымул: паглядзець усе”.

Балерына прыехала з Францыі на канцэрт Спецфонду. У яе ад яго пяць узнагарод: стыпендыя, дзве заахвочвальныя прэміі, дзве гранд-прэміі. “Для мяне гэты канцэрт — велізарная падзея, — прызналася Кацярына. — І я зрабіла ўсё магчымае, каб прыехаць. Шчасце тут быць, паколькі фонд не раз аказваў мне падтрымку. Упершыню атрымала прэзідэнцкую стыпендыю гадоў у 16, для мяне гэта было вельмі вялікай падтрымкай і дапамогай. Пасля конкурсу ў Варне ўзнагародзілі гранд-прэміяй — асабіста Прэзідэнт уручаў! — найвелізарная падзея і гонар! Мне было гадоў 18... Падтрымка Спецфонду мяне і матывуе, і выклікае пачуццё ўдзячнасці. Да таго ж на ўрачыстых сустрэчах з Прэзідэнтам збіраюцца ўнікальныя таленавітыя людзі. І проста пабыць у той атмасферы, пагутарыць з імі — вельмі цікава”.


Танцоўшчык Канстанцін Геронік — адзін з удзельнікаў юбілейнага канцэрта

Крылы для творчага палёту


І вось залу запоўніла публіка: 1200 месцаў — і ўсе занятыя. Першымі ў праграме — музыкі-віртуозы Аляксандр Палякоў, Арам Бекназаран, Алег Яцына. Далей — сусветна вядомы трубач Андрэй Кавалінскі, ён цяпер працуе ў Францыі. Распісаны выступленні оперных спевакоў Таццяны Гаўрылавай, Анатоля Сіўко, артыстаў балета Аляксандры Чыжык, Канстанціна Героніка, Валерыі Грудзінай. У гонар свайго юбілею, як бачым, фонд сабраў самых вядомых лаўрэатаў. І яшчэ крэатыўны ход: пад час антракту ў фае тэатра грае Камерны аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева і дэманструецца калекцыя дзіцячага адзення дызайнера і дыпламанта фонду Веранікі Канашэвіч.

Тым часам у клопатах мае калегі па фонду. Хоць, здавалася б, за больш чым два месяцы ўсё “на паперы” адшліфавана да бляску, але расслабляцца рана. Кіруе закуліссем начальніца аддзела падтрымкі ды развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў Інстытута культуры Беларусі Вікторыя Ігнаценка. Сама, дарэчы, у мінулым — вядучая актрыса вядомага тэатра пантамімы “РУХ”: таму і цудоўна ведае, што такое хваляванне перад выступленнем. Як вядома, для падрыхтоўкі канцэртаў такога ўзроўню патрэбна шмат часу, сіл і сродкаў. А яшчэ — зладжаная праца кожнага, каб “закрыць” дзясяткі пытанняў. Распрацоўка сцэнарыя, тэкстаў буклета, афішы, прэс-рэлізаў... І дастаўка ў тэатр музінструментаў, касцюмаў... І пошук аднадумцаў, якія дапамогуць ажыццявіць задуманае. І перамовы з выканаўцамі-лаўрэатамі спецфонду...

Дарэчы, ці ахвотна пагаджаліся лаўрэаты паўдзельнічаць у канцэрце? “Кажуць, калі чалавек становіцца “зоркаю”, то да яе і не дастукацца, — разважае Вікторыя Юр’еўна. — Але часцей бывае так: чым больш ён развіты духоўна, чым больш прыкметнае становішча ў грамадстве займае — тым з ім прасцей весці падобныя перамовы. Дамовіцца з удзельнікамі было лёгка: ніхто не адмовіў! Уладзіслаў Хандогій прыехаў з Францыі, змяніўшы даты ў сваім працоўным графіку. І Кацярына Алейнік ноччу прыляцела, перасунуўшы гастрольныя дні. Прыемна бачыць такую ўдзячнасць фонду ад тых, каго ён падтрымаў. Званне лаўрэата Спецфонду для многіх — вельмі важная прыступка на творчым шляху. На атрыманыя грашовыя сродкі хтосьці змог купіць новы інструмент, іншы запісаў кампакт-дыск у студыі, нехта — паўдзельнічаў у міжнародным конкурсе... Адна стыпендыятка мне сказала неяк вось так узнёсла: вы далі мне крылы! Ну але ж лётаць, пажартавала ёй у тон, табе самой даводзіцца...”.

Таленавітыя. Але ж і працавітыя!


Каб стаць лаўрэатам Спецфонду, мала быць маладым-таленавітым. Заяўкі разглядае экспертна-мастацкая камісія, яе рашэнні зацвярджае савет Спецфонду.

Мастакі, дызайнеры, танцоры, спевакі, музыкі, артысты цыркавых студый... Юных талентаў шмат. Каб трапіць у поля зроку спецыялістаў, а потым і прэтэндаваць на падтрымку Спецфонду, юны талент павінен перамагчы на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах высокага ўзроўню: неаднаразова праведзеных і з не менш чым двума вочнымі турамі. Пры тым у склад журы конкурсаў павінны ўваходзіць аўтарытэтныя, вядомыя дзеячы мастацтва. Вось такі шлях трэба прайсці, каб стаць прэтэндэнтам на лаўрэацтва. А далей ужо прасцей: малады талент афармляе заяўку і дасылае ў Міністэрства культуры. Потым экспертна-мастацкая камісія разглядае яе і складае рэкамендацыю. Калі яна станоўчая, то заяўка ідзе далей: на разгляд Савету фонду. Калі і там ёсць прызнанне, тады рыхтуецца адпаведнае распараджэнне Прэзідэнта: аб прысуджэнні маладому таленту звання лаўрэата, стыпендыята або дыпламанта Спецфонду.


ДАВЕДКА ГР


Спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі з 1996 года займаецца фінансавай падтрымкай маладых талентаў, стварэннем спрыяльных умоў для развіцця іх творчага патэнцыялу, арганізацыяй мерапрыемстваў, якія пашыраюць маладзёжнае мастацтва. У розныя гады Савет фонду ўзначальвалі Мікалай Яроменка, Міхаіл Дрынеўскі, Наталля Аўдзеева, Ніна Мазай. З 2014-га ім кіруе Кацярына Дулава, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар. За 20 гадоў гранд-прэміі, стыпендыі, прэміі ды заахвочвальныя прэміі Спецфонду прысуджаліся 3388 разоў.

Вікторыя Гаркоўская, супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі

Голас Радзімы № 46 (3454), чацвер, 10 снежня, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter