Любоў перамагае!

Гiсторыя сям’i Сiпайла на старых фотаздымках Хiрург-анестэзiёлаг Сяргей Баляслававiч Сiпайла збiраў звесткi пра сваю радаслоўную. З юнацтва любiў гiсторыю, а выбраў прафесiю ўрача. Хаця далёка ўглыб зазiрнуць не паспеў, у жнiўнi мiнулага года яго не стала. Iнфаркт. Але некаторы цiкавы матэрыял пакiнуў сваiм нашчадкам. Для сям’i гэта найкаштоўнейшы скарб, тая самая жывая нiтачка сувязi памiж пакаленнямi, без якой жыццё становiцца невыносна бескаляровым.

Цяпер старэйшая дачка Ядвiга, выпускнiца адзiнаццатага класа, пiша ў сваiм сачыненнi на мiжнародны конкурс па гiсторыi i мове “Расiя—Беларусь”: “У нашай сям’i пераплялiся многiя лёсы тых, хто любiў, абараняў Белую Русь — i Беларусь, i Расiю, вырошчваў на гэтай зямлi хлеб, гадаваў дзяцей...” У час падрыхтоўкi да алiмпiяды яна па дэталях пазнала гiсторыю радаслоўнай з боку мацi i бацькi. Па вечарах Ядзя разам са сваiмi малодшымi двайняшкамi Басяй i Богусем часам дастаюць з шафы альбом са старымi фотакарткамi i ўглядаюцца ў знаёмыя-незнаёмыя твары продкаў.
Род Руднiцкiх-Сiпайла паходзiць з Магiлёва. Дзед Мiхаiл Антонавiч падчас Першай сусветнай вайны быў кадравым ваенным, бабуля Ганна выкладала ў магiлёўскай разведшколе замежныя мовы. Нехта данёс, што яе брат да рэвалюцыi быў камандзiрам яхты-штандарт Яго iмператарскай вялiкасцi Мiкалая II, пра гэта сведчыў адзiн з захаваных у сям’i фотаздымкаў. У 1938-м бабулю Ганну расстралялi. А дзеда з двума сынамi, Густавам i Баляславам, адправiлi ў ссылку. На старых магiлёўскiх могiлках i зараз ёсць помнiкi Мiхаiлу Антонавiчу Руднiцкаму-Сiпайла i яго другой жонцы Станiславе. Месца пахавання Ганны Антонаўны так i не змаглi ўстанавiць, яе рэабiлiтавалi, калi ўнук Сяргей стаў ужо дарослым.
Бацька Сяргея — Баляслаў паступiў вучыцца ў Беларускi полiтэхнiчны iнстытут, у Мiнску i пазнаёмiўся са сваёй будучай жонкай Галiнай, выпускнiцай Белдзяржунiверсiтэта. Па размеркаваннi маладая сям’я апынулася ў Вiцебску, дзе ў 1961 годзе i нарадзiўся Сяргей. Бацька рана памёр, таксама ад iнфаркту, у 54 гады. Сяргей тады толькi-толькi паступiў у медыцынскi iнстытут. Брат Баляслава, для Сяргея дзядзька Густаў, асталяваўся на жыццё ў Маскве, аднойчы пры сустрэчы сказаў пра мiнулае сваiх бацькоў: нiчога не хачу ўспамiнаць. Настолькi цяжкiм i несправядлiвым аказаўся лёс для iх родных.
У Вiцебскiм медыцынскiм унiверсiтэце Сяргей сустрэў сваю адзiную каханую Людмiлу. Яна заваявала яго сэрца сваёй эрудыцыяй, мастацкiм талентам, альтруiзмам чалавека з нераўнадушным стаўленнем да жыцця. Людмiлу Ярмолаву (яна пакiнула за сабой прозвiшча свайго бацькi, вядомага на Вiцебшчыне доктара) ведаюць як мастака-аматара. Акварэлi яе можна ўбачыць у розных краiнах свету. Першая выстава яе работ у 1993 годзе называлася “Споведзь”. Яе шчыра кранальнае мастацтва было здзiўляючым, амаль выбуховым для многiх. Гiсторыя хрысцiянства, стары Вiцебск, адраджэнне духоўнасцi — усё пераплялося ў карцiнах мастачкi, а кожны вобраз ствараў свой кантэкст яднання чалавека з Богам i Сусветам. Сяргей падтрымлiваў жонку ў рэалiзацыi яе захапленняў. Малюнкi касцёлаў, кляштараў, базiлiк патрабавалi добрага ведання гiсторыi. Яна заўсёды iмкнулася да гiстарычнай справядлiвасцi, таму ў хатняй бiблiятэцы Сiпайла-Ярмолавых шмат энцыклапедычных даведнiкаў, кнiг па гiсторыi i краязнаўству. Людмiла працягвала ўрачэбную практыку. Толькi калi ў сям’i нарадзiлася двойня Богусь i Бася, на творчасць заставалася менш часу. Апошняя (па часе, але нiяк не па жыццi) яе персанальная выстава “Любiце адзiн аднога” праходзiла ў 2003 годзе па месцы яе працы — у Вiцебскай абласной клiнiчнай бальнiцы.
Яны, Сяргей i Людмiла, былi вельмi падобныя, вельмi падыходзiлi адзiн аднаму. Разам распачыналi многiя хрысцiянскiя iнiцыятывы: наладжвалi фестываль “Днi хрысцiянскай культуры ў Вiцебску”, прымалi актыўны ўдзел у арганiзацыi мiжнародных медыцынскiх канферэнцый “Праблемы ўрачэбнай этыкi ў сучасным свеце”, якiя ўжо двойчы праходзiлi на базе iх роднай “альма-матэр” — ВДМУ iмя Дружбы народаў. Цяпер справу дваiх працягвае яна адна. Не, не адна, бо ёсць жа дзецi — Ядвiга, Барбара, Багуслаў. I яны ўжо ведаюць, што любоў — неабсяжная субстанцыя, яна перадаецца з пакалення ў пакаленне i не памiрае нiколi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter