Сёлета споўнілася 70 год як зубр вярнуўся ў Белавежскую пушчу

Лясныя волаты

Сёлета споўнілася 70 год як зубр вярнуўся ў Белавежскую пушчу


18 ліпеня 1946. Менавіта ў гэты дзень у беларускай частцы Белавежскай пушчы пачалося аднаўленне папуляцыі зубра. І гэтая падзея для Беларусі нерадавая. Шмат намаганняў было патрачана на тое, каб адно з самых старажытных і буйных жывёл у Еўропе змагло не толькі вярнуцца ў беларускую прыроду, але і паспяхова прыжыцца ў ёй.


Аляксей Буневіч шмат ведае пра белавежскіх асілкаў

Пра гісторыю вяртання зубра мы гутарылі з вядомым вучоным, зубразнаўцам, кандыдатам біялагічных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Аляксеем Буневічам.

Еўрапейскі зубр. Калісьці яго статкі можна было амаль што паўсюдна сустрэць у шырокіх лясах Еўропы. Яго велізарная постаць, люты выгляд і незвычайная сіла праслаўляліся ў творах філосафаў і паэтаў. Дастаткова ўспомніць, напрыклад, паэму Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Царом беларускiх лясоў i пушчаў з’яўляецца грозны i магутны асiлак — зубр. Такiх магутных звяроў, пiша аўтар, прырода захавала толькi пад зоркай Палярнай — у нас, на Беларусi. Зубр у паэме — алегарычны вобраз роднага краю, сiмвал яго былой магутнасцi. На-дзелены незвычайнай сiлай, зубр — звер мiралюбiвы, бяскрыўдны, калi яго не зачапiць, не патрывожыць. I ён люты, бязлiтасны, калi абараняецца пры нападзе ворагаў. Паэт маляўнiча апiсвае зубрыны статак: тут адлюстраваны i стадны iнстынкт, i вернасць у парах, якую можа парушыць толькi смерць, i скрытая сiла, i невычэрпная энергiя, i магутнасць. Мікола Гусоўскi надзяляе зубра здольнасцю мыслiць, чуйна рэагаваць на дабро i зло: “Зубр, як мы лiчым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнiк,/ Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна, / Сiлай на сiлу, i мужнасць на мужнасць”. Аднак лес знішчаўся, а разам з ім знікалі і зубры.

Яны ж, між іншым, былі вельмі каштоўнымі для паляўнічых: мяса смачнае, са шкур выраблялі футры, з падшэрстку — рукавіцы і шкарпэткі. А рогі, якімі можна было, паводле паданняў, абясшкодзіць нават моцны яд, перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.

Гнаныя чалавекам, зубры ледзь не зніклі з твару зямлі. І Белавежская пушча стала апошнім іх прытулкам: у 1803 годзе ўказам імператара Аляксандра І зубр быў абвешчаны запаведнай жывёлай.

Першая сусветная вайна нанесла яшчэ адзін удар па зубрах. У 1919-м загінуў апошні белавежскі волат. Знікненне самага буйнога млекапітаючага Еўропы ўсхвалявала навукоўцаў. У 1923 годзе ў Парыжы пад час Міжнароднага кангрэса па ахове прыроды дэлегат Дзяржаўнай камісіі аховы прыроды з Польшчы Ян Штольцман выступіў з прапановай аб стварэнні Міжнароднага таварыства па захаванні зубра. Ініцыятыва была падтрымана. Так, пасля 10-гадовай адсутнасці зубраў у Белавежскай пушчы (у той час яна знаходзілася ў межах Польшчы), пачаліся работы па штучным вяртанні жывёл. Першымі ў 1929-1930 гадах былі завезены каўказска-белавежскія асобіны.


У 1939 годзе землі пушчы разам з ужо 19 зубрамі ўвайшлі ў склад БССР, якая засноўвае тут дзяржаўны запаведнік. Аднак дзейнасць яго перапыніла Другая сусветная вайна. І ўсё ж тэрыторыя амаль не пацярпела, бо тут была створана ўзорная паляўнічая гаспадарка. Пасля заканчэння вайны на савецка-польскай міжурадавай сустрэчы ў Маскве было вырашана падзяліць пушчу на дзве часкі: беларускую і польскую. Зубрагадавальнік апынуўся на польскай частцы. Беларуская ж засталася без зубраў. Аднак і там у хуткім часе пачалі разводзіць гэтых велічных жывёл.

У 1946 годзе ў 12 км ад вёскі Каменюкі на месцы, дзе раней жылі дзікія статкі, быў закладзены новы гадавальнік для развядзення чыстакроўных белавежскіх зубраў. Нарэшце 18 ліпеня 1946 года з Польшчы прывезлі трох самцоў і дзвюх самак каўказска-белавежскага паходжання. З гэтага дня і пачалася шматгадовая і вельмі карпатлівая праца па гадаванні лясных волатаў.

Адказнай за гэтую справу стала старшы навуковы супрацоўнік Людміла Корачкіна, жанчына, якая прысвяціла без малога 30 год стварэнню першага ў СССР і БССР вольнажывучага статка лясных волатаў. Ёй дапамагалі яе вучні і паслядоўнікі, навукоўцы Пётр Козла, Аляксей Буневіч, іншыя супрацоўнікі Белавежскай пушчы. Такім чынам на запаведнай тэрыторыі зноў з’явіўся вольны статак.

Сёння ў беларускай частцы Белавежскай пушчы жыве 480 зубраў. Але, як запэўнівае Аляксей Буневіч, гэта для пушчы занадта. “Аптымальная лічба каля 350 асобін. Таму частку зубраў мы “рассяляем” па Беларусі. Дзякуючы стварэнню такіх мікрапапуляцый, колькасць зубраў у Беларусі складае каля палутары тысячы жывёл. Гэта прыкладна 24,5% сусветнага пагалоўя. Частку зубраў мы перадаем у іншыя краіны — Расію, Украіну, Малдову, Казахстан. Усяго за 70 гадоў вывезена 270 зуброў”.

І ўсё ж, нягледзячы на стабільную папуляцыю, зубры да гэтага часу маюць патрэбу ў абароне. “Зубр ніколі не будзе ў бяспецы, — кажа Аляксей Буневіч. — У асноўным, па генетычных прычынах: набор ген сучаснага зубра досыць вузкі, таму жывёлы схільныя да разнастайных хвароб. Сёння ж перад навукоўцамі стаяць задачы: зберагчы зубра, клапаціцца пра яго і пастаянна павышаць яго папуляцыю”.

Дарэчы, як і Мікола Гусоўскі, да вобраза ляснога волата звяртаўся пісьменнік Данііл Гранін. У рамане “Зубр” ён апісваў лёс незвычайнага чалавека, біёлага Н. Цімафеева-Расоўскага. Выява зубра ёсць на эмблеме мінскага хакейнага клуба “Дынама”, а таксама Гродзенскага заапарку. Зубр-волат стаў талісманам чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter