Калі на вуліцах Мінска з’явіцца суперсучасны швейцарскі трамвай

Лiпень. Мiнск. Мяцеліца

У апошні час жыхары і госці Мінска маглі бачыць на вуліцах горада футурыстычнага выгляду ярка-жоўтыя вагоны. Але гэта не трансформер, які сышоў з кiнаэкранаў, а мадэль самага новага 27-метровага трохсекцыйнага трамвая В85300М «Мяцеліца» вытворчасці завода «Штадлер Мінск». Яго сабралi ў Фаніпалі, i хутка ён будзе пастаянна хадзiць па нашых вулiцах. А пакуль тэставую эксплуатацыю электрамашыны праводзіць Мiнскі трамвайны парк.


Kiраванне адным пальцам

— Кіраваць новымі трамваямі будуць толькі вопытныя вадзіцелі першага класа, — у гэтым цалкам упэўнены начальнік тэхнічнага аддзела філіяла «Трамвайны парк» КУП «Мінсктранс» Максім Каральчук.

Супрацоўнікі завода «Штадлер Мінск» сумесна з трамвайным паркам навучаюць персанал абслугоўваць і рамантаваць складаную тэхніку, дапамагаюць вадзіцелям асвоіць канструктыўныя асаблівасці новага трамвая, каб тыя ўмелі аператыўна ўстараняць магчымыя здарэнні на лініі.

Нізкападлогавы вагон дадаткова абсталяваны пляцоўкай для інвалідаў.

Ніна Кунец, вадзiцель трамвая з 37-гадовым стажам, пачынала свой працоўны шлях яшчэ, як яна жартуе, на «дагістарычных вагонах МТВ» — старых машынах з цалкам ручным кіраваннем. Зараз яна кіруе адзінай у краіне, ды і ў свеце, мадэллю трамвая АКСМ743 вытворчасці завода «Белкамунмаш», які дзякуючы сваёй унікальнасці завочна варты месца ў запланаваным музеі грамадскага транспарту Мінска. А пакуль ён самааддана працуе на самым загружаным маршруце № 6 Зялёны Луг — Серабранка, па якім хутка пойдзе i «Мяцеліца». Адбудзецца пуск ўжо на гэтым тыдні — адразу пасля адладкі файлаў інфармацыйнай сістэмы пабудовы маршрутаў. З максімальнай загрузкай у 250 пасажыраў «Мяцеліца» дазволіць прадуктыўна працаваць у напружаных умовах у гадзіны пік.

Ніна Кунец дзеліцца ўражаннямі ад навiнкi:

— Кіраваць «Мяцеліцай» адно задавальненне, мне нават і не мроілася, што калі-небудзь буду працаваць на такiм камфортным вагоне. Там зручнае кіроўчае месца, у трамвая хуткія разгон і тармажэнне, плаўнасць і адносная бясшумнасць ходу. Кіраванне можна ажыццяўляць адным пальцам».

Неонавае падсвятленне салона хутчэй стыльны штрых, чым функцыянальная дэталь.

Націсні на кнопку — атрымаеш вынік

Адна з галоўных асаблівасцяў новага трамвая – адчыненне дзвярэй з салона націскам адмысловай кнопкі.Вадзіцелі пакуль не мелі спраў з такой сістэмай, ды і пасажырам прыйдзецца прывыкаць да таго, што у нашпігаваным электронікай трамваі дзверы трэба адкрываць самастойна.

Хвалявацца наконт таго, што бяздушная аўтаматыка можа нашкодзіць пасажыру, не варта. Падчас тэставай абкаткi сістэма бяспекі спрацоўвала безадмоўна – заціснуць дзвярыма канечнасць не атрымаецца, нават калі задацца такой мэтай. Сярод іншых электронных асістэнтаў вадзiцеля ў «Мяцеліцы» ўстаноўлена прадвiнутая сістэма відэaрэгістрацыі: восем камер у салоне і па адной у кожнай з дзвюх кабін, а карцiнка выводзіцца на асобны экран прыборнай панэлі.

Прадугледжаны месцы як для звычайнай, так і для USB-зарадкі гаджэтаў.

Вялікай перавагай новага вагона з'яўляецца і тое, што ў яго па чацвёра дзвярэй з кожнага боку, а не трое, як у тых, што цяпер стаяць на «ўзбраенні». Дадатковыя дзверы на самай справе моцна ўплываюць на хуткасць пасадкі і высадкі, бо асноўная маса пасажыраў запасіцца каля дзвярэй. Кандыцыянерам у кабіне транспарту сёння нікога не здзівіш, але ў «Мяцеліцы» ён усталяваны і ў салоне.

Аднак мінчанам пакуль рана радавацца. На дадзены момант дакладнай пэўнасці аб масавым укараненні «Мяцеліцы» ў транспартную сістэму Мінска няма. «Мінсктранс» пакуль заключыў дамову з заводам «Штадлер Мінск» толькі на вопытную трохмесячную эксплуатацыю новага трамвая, па выніках якой Гарвыканкам ужо будзе прымаць рашэнне аб закупцы дадзенай мадэлі.

Ілля КРАСОЎСКІ

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter