Лепшае месца на зямлі

ХАТА Ганны Іванаўны ЗАПРУДСКАЙ (на здымку) стаіць ля самай дарогі. Тут, якраз ля яе веснічак, спыняецца ў адпаведныя дні аўталаўка. Мы выпадкова завіталі ў вёску Міраслаўка ў адзін з такіх дзён і сталі сведкамі, як з хаты Ганны Іванаўны адна за адной, гужам, выйшлі жанчынак дзесяць. Аказваецца, усе яны збіраюцца да выязнога гандлю ў яе гасціннай хаце. Да таго ж Ганна Іванаўна — не проста добрая суседка, а і майстрыха, якая амаль усе віды тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асвойвала самастойна.

Далёка ад роднай хаты раз’ехаліся дзеці Ганны і Мікалая Запрудскіх з вёскі Міраслаўка Бярэзінскага раёна, але яны часта прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць ім

ХАТА Ганны Іванаўны ЗАПРУДСКАЙ (на здымку) стаіць ля самай дарогі. Тут, якраз ля яе веснічак, спыняецца ў адпаведныя дні аўталаўка. Мы выпадкова завіталі ў вёску Міраслаўка ў адзін з такіх дзён і сталі сведкамі, як з хаты Ганны Іванаўны адна за адной, гужам, выйшлі жанчынак дзесяць. Аказваецца, усе яны збіраюцца да выязнога гандлю ў яе гасціннай хаце. Да таго ж Ганна Іванаўна — не проста добрая суседка, а і майстрыха, якая амаль усе віды тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асвойвала самастойна.

— Што вока бачыць, тое і раблю, — гаворыць жанчына. — Вось толькі закончыла вязаць гэтае пакрывала для канапы. Але і яго думаю дачцэ падарыць. Амаль усе мае вырабы хутка разыходзяцца то на падарункі, то па канкрэтных заказах. Вось шалік унучцы вяжу, якая той заказала. Унукаў у мяне пяцёра, і ўсіх «абвязваю». А яшчэ круглыя дыванкі раблю кручком са шпагату, разыходзяцца хутчэй за гарачыя піражкі...

У цэнтры стала, нібы на сцэне, заўважаю балерыну, зробленую з... туалетнай паперы, у куточку пакоя — белы лебедзь з выгнутай шыяй, зроблены ў тэхніцы «арыгамі», блакітныя валошкі — таксама з паперы, але створаныя ў іншай тэхніцы — «філігрань», там жа — дрэва з дроту, а на сцяне — родны пейзаж з казулямі, вышыты крыжыкам...

Час для стварэння сваіх вырабаў у Ганны Іванаўны заўсёды ёсць. Бо яна кожны дзень пры справе. Вось і пакуль гаварыла са мной, у яе пальцах нястомна пабразгвалі пруткі...

Мы выйшлі ў двор, каб на фотаздымку пад зімовым сонцам ярчэй заззялі фарбы вывязанага пакрывала міраслаўскай майстрыхі. А між тым увагу прыцягнула і Хадора: за гэтыя хвіліны сяброўкі-суседкі Марыя Васільеўна Осіпава і Марыя Іванаўна Кузняцова прынеслі ёй схаваны на зіму каромысел, ачысцілі ад снегу вопратку. Стаіць вясковая прыгажуня ля калодзежа, пад яблынькай, заззялі і яе вочкі-гузікі.

— Стваралі Хадору ўсе разам, — прыгадвае Ганна Іванаўна і задаволена ўсміхаецца. — Усё ж весялей ды прыгажэй!..

Сапраўды, як заўважыў адзін мудрэц: «Даўжыню жыцця нам вымярае Бог, а шырыню ды змест — мы самі»...

Можна падумаць, у Ганны Іванаўны няма звычайных для вясковай жанчыны клопатаў. Аднак не — гаспадарку яна трымае вялікую: і кароўка ёсць, і парсючкі, і куры, канечне, і вартаўнік-сабака. Усіх дагледзець дапамагае муж Мікалай Адамавіч. Ён, дарэчы, працуе вадзіцелем у ААТ «Брадзец».

— Сустрэліся з ім у Беразіно, — прыгадвае жанчына, — і ўжо на трэці дзень знаёмства ён паклікаў мяне замуж. Спачатку адмовілася, спалохалася ды збегла да бацькоў у вёску Краснае. Але знайшоў мяне і там... Так разам і жывём ужо амаль сорак гадоў.

— А без гаспадаркі ніяк нельга, — дадае гаспадыня, — бо ёсць каго сустракаць ды частаваць...

Выгадавалі Ганна Іванаўна і Мікалай Адамавіч Запрудскія двух дачок і траіх сыноў. Дзеці стварылі свае сем’і, самі сталі бацькамі, і хоць жывуць далёка ад роднай хаты (хто — у Мінску, хто — у Барысаве), аднак наведваюцца часта, не даюць бацькам сумаваць. Бо няма на зямлі месца лепшага за тое, дзе заўжды чакаюць дарагія, блізкія людзі.

Алена ГРОМАВА

НА ЗДЫМКУ: Марыя КУЗНЯЦОВА і Марыя ОСІПАВА разам з Хадорай.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter