Паданні і гісторыя мястэчка Ленін

Ленін: карані і крона былога райцэнтра

У пасляваенныя гады наша рэспубліка падзялялася на адзінаццаць абласцей, што аб’ядноўвалі амаль паўтары сотні раёнаў. Пасля адміністрацыйнай рэформы, праведзенай у сярэдзіне мінулага стагоддзя, засталося шэсць абласцей і 118 раёнаў.


Аптымізацыя закранула і Ленінскі раён былой Пінскай вобласці. Яго тэрыторыю падзялілі паміж Гомельскай і Брэсцкай абласцямі. Цэнтрам сельсавета стаў былы райцэнтр, пра назву якога існуюць паданні. Адно з іх распавядае пра панскую дачку Алену, якая пакахала парабка. Пану данеслі пра гэта, і ён загадаў пакараць юнака. Cлужкі да смерці закатавалі хлапца. Алена ў роспачы кінулася ў раку і ўтапілася. У памяць пра адчайны яе ўчынак людзі сталі называць маёнтак Аленін, а потым – Ленін.

Старшыня сельвыканкама Васіль НЯМЧЭНЯ і святар Дзмітрый ГУЛЮТА

Упершыню паселішча ўзгадваецца ў канцы ХVI стагоддзя ў Прывілеі караля Польскага Жыгімонта Аўгуста князю Юрыю Слуцкаму. Да ХVII стагоддзя гаспадарылі тут князі Алелькавічы. Пасля вянчання князёўны Сафіі з вяльможным Янушам Радзівілам уладарамі сталі Радзівілы.

У выніку II падзелу Рэчы Паспалітай Ленін адышоў да Расійскай дзяржавы. У 1778 годзе на сродкі прыхаджан узведзена драўляная царква Раства Прасвятой Багародзіцы. У вайну гітлераўцы спалілі храм, у якім згарэла і Евангелле 1673 года.

Старэйшы жыхар аграгарадка Уладзімір БАБЧАНОК

На пачатку ХIХ стагоддзя Леніным распараджаўся род землеўладальнікаў Вітгенштэйнаў. Тут месцілася 4-е паліцэйскае ўпраўленне, што абслугоўвала і суседнія мястэчкі, навакольныя вёскі. Паўтара стагоддзі таму адкрылася аднакласнае народнае вучылішча.

Сяляне на лапіках зямлі, раскіданых паміж балот і лясоў, сеялі жыта, проса, лён, каноплі.

Трактарыст Юрый СТАХІЕВІЧ

Праз паселішча пралягаў паштовы шлях з Мазыра да Давыд-Гарадка. Статус гарпасёлка і райцэнтра Ленін атрымаў на пачатку 1940 года.

Крывавы след пакінула нямецка-фашысцкая акупацыя. Ворагі расстралялі камсамольскіх актывістаў, масава ўбівалі мірных жыхароў. Народныя мсціўцы разграмілі варожы гарнізон і ўсталявалі савецкую ўладу. Летам 1944 года ў баях за вызваленне Леніна загінула амаль паўсотні савецкіх воінаў і партызан, якія навечна спачываюць у брацкай магіле.

Выдатніца вучобы Вікторыя ШЫХОТАВА

У 1950 годзе райцэнтр перанесены ў Мікашэвічы, а ў 1960-м раён ліквідаваны. Ленін застаўся цэнтрам сельсавета. У 2010-м стаў аграгарадком. Мясцовая гаспадарка далучана да ААТ “Людзяневічы”.  

Старадаўні паштовы шлях з Леніна да Жыткавіч праз акультураную пойму ракі Случ значна карацейшы, чым па аўтастрадзе, што пралягае побач. Старажылы памятаюць, як па грэблях дабіраліся ў свет. Тураў, Давыд-Гарадок, Старобін акружаюць мястэчка, па якім са старшынёю сельсавета Васілём Нямчэняй мы адправіліся вандраваць. Пакуль ехалі ад чыгуначнай станцыі Мікашэвічы, даведаўся, што Васіль Канстанцінавіч з мясцовых. У старэйшых класах атрымаў прафесію трактарыста-машыніста. Паступіў на факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя І. П. Шамякіна. Пасля трох курсаў прызвалі ў армію. Адслужыў, закончыў вучобу і вярнуўся дамоў.

Медсястра Таццяна ШАМЕЦЬКА

Восьмы год Васіль Канстанцінавіч узначальвае сельвыканкам, які аб’ядноўвае адзінаццаць вёсак. Да самай аддаленай Карчаваткі, дзе засталося дзесяць пенсіянераў, больш за дваццаць кіламетраў па прасёлачных дарогах. Каля сямісот жыхароў у аграгарадку Ленін і амаль столькі ж у раскіданых паабапал ракі Случ населеных пунктах сельсавета.

Ляснічы Анатоль ТАБОЛІЧ

Пасля чарнобыльскай катастрофы для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў дзяржава пабудавала ў Леніне паўсотні катэджаў. Жывёлаводамі і механізатарамі папоўніўся саўгас “Ленінскі”, які стаў аддзяленнем ААТ “Людзяневічы”. Узначаліў яго выпускнік Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У. Ф. Міцкевіча Сяргей Шпанько. З ім мы сустрэліся на мехдвары. Раней ён кіраваў інжынернай службай. За восем гадоў пасля аб’яднання Сяргей Андрэевіч нязменны начальнік вытворчага участка, ад якога да цэнтральнай сядзібы больш як сорак кіламетраў. Далекавата, але прызвычаіліся. Пастаянна тут бывае дырэктар Анатоль Санюк, раіцца з людзьмі.

Урок матэматыкі ў 6-м класе вядзе настаўнік Мікалай БРУЦКІ

Сяргей Андрэевіч з хваляваннем расказваў, як сёлета з-за непагаддзі зацягнулася ўборка кукурузы на зерне. Але справіліся. Лепшыя працаўнікі запрошаны на абласное свята-кірмаш “Дажынкі”, што сёння праводзіцца ў Жыткавічах.

Экскурсію ў школьным музеі праводзіць настаўніца Людміла ТАНЕНЯ

Людзяневіцкая гаспадарка – адна з найбольшых у раёне: звыш 11 тысяч гектараў сельгас- угоддзяў. У падпарадкаванні начальніка ўчастка мехдвор і шэсць жывёлагадоўчых ферм. Штодня на кожнай з іх бывае Сяргей Андрэевіч. На перадавой Сцяблевіцкай малочна-таварнай ферме сёлета гадавы надой ад кожнай з 400 кароў перавысіць чатыры тысячы кілаграмаў малака. Радуюць кіраўніка ўчастка і поспехі жывёлаводаў Беразнякоўскай фермы, якія даглядаюць звыш 600 кормнікаў. Парадак падтрымліваецца на мехдвары. Побач з вопытнымі механізатарамі працуе моладзь.

Два гады таму пасля заканчэння Жыткавіцкага сельгасліцэя сеў за руль трактара Юрый Стахіевіч. Невысокага росту Юрыя мы ледзь убачылі ў кабіне. Вырас ён у шматдзетнай сям’і. Бацька Іван Міхайлавіч да выхаду на пенсію працаваў выратавальнікам, а маці Валянціна Іванаўна – санітаркай у бальніцы. У Юрыя шэсць братоў і сястра Марыя. Старэйшы брат Міхаіл мае сваю сям’ю. Самы малодшы Вадзім кіруе МАЗам.

Азы прафесіі, як і многія іншыя механізатары гаспадаркі, Юрый атрымаў у школьным вытворчым камбінаце. Сыны трактарыста Канстанціна Гатчэні — Валерый, Аляксандр і Уладзімір — таксама пачыналі засвойваць тэхніку ў старэйшых класах. Зараз працуюць на энерганасычаных трактарах. Два гады таму з-за таго, што мала выхаванцаў, адмянілі ў школе падрыхтоўку механізатараў. Выпускнікі выбіраюць іншыя прафесіі. Дзесяцікласнік Дзяніс Лінкевіч збіраецца працягваць вучобу ў Салігорскім горна-хімічным каледжы. Вікторыя Шыхотава рыхтуецца паступаць у сталічны медуніверсітэт. Пакуль ніхто з выпускнікоў не плануе застацца ў гаспадарцы.

Дырэктара сярэдняй школы Лідзію Цуба, з якой сустрэліся, хвалюе праблема змяншэння школьнікаў. Пасля вучобы ў педуніверсітэце яна вярнулася дамоў, выйшла замуж. Лідзія Пятроўна разам з мужам Уладзімірам Аляксандравічам будуюць дом. Вярнулася ў родны Ленін і педагог Людміла Таненя, маці якой Паўліна Сідараўна таксама настаўнічала, цяпер на заслужаным адпачынку. Купіла Людміла Міхайлаўна сялянскую хату. Выкладае гісторыю і кіруе музеем, які дзесяцігоддзі таму ствараў з выхаванцамі настаўнік Уладзімір Баярын. З Людмілай Міхайлаўнай прайшліся па залах музея. У Кнізе водгукаў запісы не толькі ад жыхароў Беларусі, але і з замежжа. Пастаянна наведваюцца госці з Ізраіля, карані якіх звязаны з палескім мястэчкам.

Школьнікі пад кіраўніцтвам Людмілы Міхайлаўны да удзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Халакост. Гісторыя і сучаснасць” падрыхтавалі даследаванне “Жыць, каб памятаць”, у якім расказалі пра трагічны лёс вязняў гета, што ўтварылі нямецка-фашысцкія акупанты ў Леніне.

Кіраўнік вытворчага ўчастка Сяргей ШПАНЬКО

Унікальныя экспанаты сабраны ў чатырох залах. Людміла Таненя заклапочана, каб надаць музею статус філіяла раённага краязнаўчага. Сведка многіх падзей — старажыл Уладзімір Бабчанок, якому лёс падарыў дзясяты дзясятак. Амаль у дзевяноста гадоў аўдавелы Уладзімір Дзям’янавіч ажаніўся яшчэ раз. Да мінулага года з гаспадыняй Аляксандрай Захараўнай кароўку даглядалі. На агародзе разам упраўляюцца, саджалку маюць. Дзеці з сем’ямі часта наведваюць іх. Да глыбокай восені вакол дома квітнелі ружы. Па суседстве з іх сядзібай каля векавога мураванага з чырвонай цэглы будынку лясніцтва разбіты незвычайны сквер з дрэўцамі рэдкіх парод. Два дзесяцігоддзі кіруе калектывам Анатоль Таболіч. Гаспадарка вялікая – паўтары тысячы гектараў лесу. У 2010 годзе далучылі суседняе Грычынаўскае лясніцтва, і цяпер тут працуюць больш трыццаці чалавек. Штомесячна яны нарыхтоўваюць звыш 800 кубічных метраў лесу, а на вызваленых участках высаджваюць са свайго гадавальніка дуб, сасну, бярозу. Толькі сёлета абноўлена звыш 20 гектараў. Перад навагоднімі святамі пачнецца продаж елак. Упрыгожаць лясныя госці дамы жыхароў, школу і новы праваслаўны храм.

Са святаром Дзмітрыем Гулютай завіталі ў святыню, дзе ўжо ўсталяваны іканастас, сцены абагацілі абразы. Ёсць сярод іх і тыя, што вернікі паспелі выхапіць з царквы, якую спалілі нямецка-фашысцкія акупанты ў вайну. Узбагаціў храм і незвычайны старадаўні абраз “Двунадзясятыя святы”, які амаль праз 70 гадоў вярнуўся з Германіі ў Беларусь. Перадаў яго прыходу жыхар нямецкага горада Мюнхена Франц Экерле. Непадалёку ад святыні бацюшка будуе свой дом. Жонка яго Валянціна Сяргееўна выкладае хімію і біялогію. У сям’і падрастаюць двое дзетак.

Школьнік Дзяніс ЛІНКЕВІЧ

Побач са школай на былой пустэчы паўстаў катэдж. Ад старшыні сельсавета даведаўся, што ўзвялі яго Міхаіл і Марыя Ярмольчыкі, у якіх пяцёра дзяцей. Непадалёку ад будоўлі – двухпавярховая ўчастковая бальніца. Прыемна было прайсціся па скверы, што ў цэнтры аграгарадка. Вянкамі і кветкамі ўшанаваны помнікі ахвярам вайны. На могілках захавалася гістарычная капліца.

Гаспадарлівасць прыкметна на сялянскіх падворках. Большасць дамоў і агароджы пафарбаваныя. Адчуваецца выхаваная пакаленнямі культура побыту. Ад жыхароў і кіраўніка сельвыканкама пачуў, што ёсць неабходнасць у будаўніцтве станцыі абезжалезвання вады. Многія гаспадары прабурылі артэзіянскія свідравіны. Так паступіла і Валянціна Давідовіч, якая пабудавала непадалёку ад аграгарадка дарожнае кафэ. На Палессе яна вярнулася з далёкага Казахстана. Занялася прадпрымальніцтвам. А ў суседняй вёсцы Паласцевічы Уладзімір Аладка трымае 15 кароў. Малако прадае прадпрымальніку, які пастаўляе яго для перапрацоўкі на Жыткавіцкі малаказавод.

Многія жыхары сельсавета вырошчваюць гародніну. Летам збіраюць у лесе грыбы і ягады. Дырэктар Дома культуры Людміла Чопчыц увяла традыцыю: восенню ладзіць свята гарбуза. Гаспадары самых адмысловых экспанатаў адзначаюцца падарункамі, якімі забяспечвае прадпрымальніца Валянціна Давыдовіч. Сёлета прызам свята ўганаравана пенсіянерка Антаніна Нікановіч.

Так багата і цікава жывуць, мараць, шануюць гісторыю ў палескім аграгарадку Ленін.

Жыткавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter