Заслаўе - тысячагадовы спадарожнік Мінска

Заслаўе: добра знаёмы незнаёмец

РАЗАМ з гарадамі-патрыярхамі зямлі беларускай Полацкам і Туравам другое тысячагоддзе адлічвае прысталічны горад Заслаўе. Згодна з летапіснымі паданнямі, заснаваў яго ў канцы Х стагоддзя кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч і аддаў жонцы Рагнедзе і сыну Ізяславу. У гонар нашчадка, пэўна, і назвалі горад.


Упершыню ён узгадваецца ў летапісе пачатку X стагоддзя ў сувязі з паходам кіеўскага князя Мсціслава Манамахавіча на полацкую зямлю. У войнах неаднаразова знішчаўся ворагамі.

Быў цэнтрам Iзяслаўскага ўдзельнага княства, а пазней – графства. У розныя часы называўся Iзяслаўлем, Жэслаўлем і Жаслаўлем. У перыяд Вялікага Княства Літоўскага атрымаў назву Заслаўе. Iм валодалі феадалы Глябовічы, магнаты Сапегі, Пшаздзецкія.

Ветэран вайны і працы Барыс ПАПКОЎ

У Сярэднявеччы на адным з заслаўскіх пагоркаў паўстаў пратэстанцкі храм, пераабсталяваны ў Спаса-Праабражэнскую царкву. Пазней збудаваны драўляны касцёл Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і ўніяцкая царква Праабражэння Гасподня. Сямейная пара Хрысціна Барбара і Казімір Ян Сапегі ў заходняй частцы замка заснавалі дамініканскі манастыр. Заслаўская друкарня ў канцы ХVІ стагоддзя выдала Біблію Сымона Буднага.

Пасля II падзелу Рэчы Паспалітай горад стаў цэнтрам воласці ў Расійскай імперыі. У 1873 годзе праз яго пралегла Лібава-Роменская чыгунка.

Старшыня гарвыканкама Святлана КАРТАШОВА і галоўны спецыяліст Ала ТАЛПЕКА

У пачатку мінулага стагоддзя Заслаўе папераменна акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі і буржуазнай Польшчы. У 1924 годзе пасля ўсталявання савецкай улады горад стаў раённым цэнтрам і быў ім да 1959 года.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны тут трымалі абарону 64-я стралковая дывізія Мінскага ўмацаванага раёна і 219-ы артылерыйскі полк. Акупантам не давалі спакою партызаны брыгады “Штурмавая”. На пачатку ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Заслаўе.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ўзведзена плаціна на рацэ Свіслач і пабудавана вадасховішча Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У горадзе з 16-тысячным насельніцтвам дзейнічае, з улікам прадпрыемстваў малога бізнесу, звыш 70 арганізацый.

Старшыня абласнога Саюза пісьменнікаў Святлана БЫКАВА

Унікальную спадчыну аб’яднаў Музей-запаведнік “Заслаўе”. Двойчы  прымаў горад гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства. Пабрацімы Заслаўя – расійскі горад Серпухаў, латвійскі Лудза і сербскі Топала. Створаны адзіны ў Беларусі дзіцячы Музей міфалогіі і лесу. Заслаўе – сапраўдная Мека для гісторыкаў і пілігрымаў.

ВЯКАМI з высокіх пагоркаў Заслаўя ўглядаюцца ў крынічныя воды Свіслачы белакаменныя Спаса-Праабражэнская царква і касцёл Нараджэння Дзевы Марыі. Паміж хрысціянскімі храмамі старую частку горада ўпрыгожвае незвычайны будынак гарвыканкама, па дарозе да якога за чыгуначным пераездам кінуліся ў вочы драўляныя пабудовы. На дошцы, прымацаванай да прыземістай хаціны, пазначаецца, што гэта дом завозніка. Побач узвышаецца складзены з акуратна абчасаных бярвенняў млын з паравым рухавіком. А за ім — прасторны драўляны свіран. Усё гэта — Этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Я прыехаў у Заслаўе і думаў, што добра ведаю яго. Але падчас мэтанакіраванай журналісцкай вандроўкі зразумеў: горад для сябе я адкрыў занава.

Прадавец прадуктовага магазіна Марына БАНДЗЭВІЧ

Па вуліцы, што ўздымаецца на пагорак, крочу разам з прахожымі. Сярод іх — маладыя маці з каляскамі, у якіх спяць немаўляты. Рыначную плошчу апанавалі аўтамашыны, каля якіх ідзе гандаль. Тугія качаны капусты, пунсова-чырвоная морква, цыбуля, бульба ў сетках, садавіна — як на выставе, толькі купляй. Тавараў многа, а пакупнікоў нягуста.

Спакой і цішыня панавалі каля будынка сярэдняй школы № 1, што побач з гарвыканкамам. Пасля заняткаў школа заціхае. Каля  параднага ўвахода на мемарыяльнай дошцы выбіты імёны выхаванцаў Сяргея Сапожанкава, Юрыя Пашкевіча, Сяргея Гаўрыленкі, якія загінулі ў Афганістане пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Сёння кожнаму з іх было б за пяцьдзясят.

Накіроўваюся на другі бок вуліцы. Адтуль быццам вось-вось саступіць з п’едэстала бронзавы князь Ізяслаў. Яшчэ адзін помнік яму ўсталяваны на аўтазапраўцы. Узгадалася цудоўная алея з бюстамі вядомых асоб старажытнага Нясвіжа ў радзівілаўскім парку каля адноўленага палаца магнатаў. І гамяльчане паставілі помнік зямлячцы — княгіні Ірыне Паскевіч-Эрыванскай, якая пераклала на французскую мову раман Льва Талстога “Вайна і мір”. Ёсць у Заслаўі і манумент “Рагнеда і Ізяслаў”, дзе будучы князь прадстаўлены падлеткам, якога абараняе маці.

Майстар-цырульнік Наталля ГУРБАНАВА

МАЯ вандроўка па старажытным горадзе прадоўжылася. Чым сёння жыве ён? Пытанне адрасую старшыні гарвыканкама Святлане Карташовай. Пасля заканчэння сталічнага педуніверсітэта Святлана Пятроўна загадвала дзіцячым садком. Шэсць гадоў таму ўзначаліла гарадскую ўладу. Паступова вырашаюцца праблемы жыхароў, падтрымліваюцца добрыя традыцыі, уводзяцца новыя. Асвойвацца дапамагалі супрацоўнікі выканкама. Амаль кожнага жыхара ведае галоўны спецыяліст Ала Талпека, нягледзячы на тое, што горад бурна развіваецца. Па тэмпах прыросту насельніцтва сярод гарадоў раённага падпарадкавання яму няма роўных у Беларусі.

Крутабокія ўзгоркі на вачах забудоўваюцца катэджамі самых розных праектаў, тыповымі шматпавярховымі жылымі дамамі. Амаль штомесячна Цэнтр інвестыцый і прыватызацыі праводзіць аўкцыён па продажы зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва. Усё прададзена. Попыт на сядзібныя надзелы перавышае прапановы. Спецыялісты рыхтуюць аўкцыён на будучы год.

Масава ўзводзяцца шматкватэрныя жылыя дамы, у якіх частка кватэр выдзяляецца для сацыяльных сем’яў, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Усяго чаргавікоў у горадзе з 16-тысячным насельніцтвам зарэгістравана амаль паўтары тысячы. Сярод іх кожная дзясятая сям’я – шматдзетная. Нягледзячы на тое, што дзейнічае пяць дзіцячых садкоў, наспела неабходнасць адкрыцця дадатковых дашкольных устаноў. Дзве сярэднія школы і гімназія таксама перапоўненыя выхаванцамі.

Вучні 5-га класа СШ №1 Арсен ШЫЛА і Аляксандр ТРЫПУЦІН на велатрасе

Некалькі гадоў таму горад далучыў да сябе навакольныя вёскі Загор’е, Хмелеўку, Дзехнаўку, Гуры, Кладачкі. Тры аўтобусныя маршруты кружаць па гарадскіх кварталах, раскіданых паабапал чыгункі. Праз стагоддзі захавалася ўнікальная гістарычная спадчына, сабраная ў гісторыка-археалагічны запаведнік, якому сёлета споўнілася трыццаць гадоў. Аб’ядноўвае ён гарадзішчы “Вал”, “Замэчак”, ці “Магіла Рагнеды”, і некалькі груп славянскіх магільнікаў. Заслаўе ўвайшло ў лік гарадоў-спадарожнікаў беларускай сталіцы. У сувязі з гэтым распрацаваны план перспектыўнага развіцця. Вялікія спадзяванні ў гарвыканкаме на яго рэалізацыю.

Не толькі сацыяльна-культурны пласт факусіруецца ў выканаўчым камітэце, але і вытворчая сфера. На кантролі — дзейнасць прадпрыемстваў розных форм уласнасці. Прадукцыя іх запатрабавана як у рэспубліцы, так і ў краінах СНД і Еўропы. У Заслаўі вырабляюць еўрапейскага стандарту паркет, сухія сумесі будаўнічых матэрыялаў, мэблю, посуд, панчошна-шкарпэткавыя вырабы. Прадпрыемствы працуюць рытмічна. Працаўнікі маюць стабільныя неблагія заробкі.

Экскурсію ў народным музеі СШ №2 праводзіць настаўніца Раіса ТРЫЗНА

КРУТЫМІ сцежкамі паміж яроў і ўзгоркаў крочыў па заслаўскіх вулачках і завулках да вядучага прадпрыемства горада —  КСУП «Племптушказавод “Беларускі”, які ў будучым годзе адзначыць паўвекавы юбілей. Птушнікі размешчаны на левабярэжжы Свіслачы каля вёскі Дзехнаўка. Акрамя вырошчвання курэй і індычак, тут ёсць і жывёлагадоўчыя фермы. Дзейнічаюць мясаперапрацоўчы комплекс і камбікормавы цэх. Разам з вучонымі спецыялісты працуюць над вывядзеннем высокапрадукцыйных парод хатняй птушкі. Гэта адзінае прадпрыемства ў рэспубліцы, якое займаецца селекцыяй і развядзеннем індыкоў.

Трапіць у птушнікі не атрымалася — каранцін. 28 гадоў пільна нясе вахту на прахадной Алена Курэц. У два разы большы працоўны стаж у вадзіцеля Анатоля Агаркава. Жонка яго Тамара Іванаўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала аператарам-селекцыянерам на птушкафабрыцы. Дзясятак гадоў атрымлівае пенсію Анатоль Рыгоравіч, але не развітваецца з птушкафабрыкай. 23-гадовы Павел Філіпенка толькі пачынае працоўную біяграфію. Многія яго равеснікі знайшлі тут занятак.

ЗАСЛАЎСКАЯ моладзь мае выбар працаўладкавання. Прафесію дамскага цырульніка атрымала Наталля Гурбанава. А Марына Бандзевіч пасля заканчэння школы стала прадаўцом. Магазін, у якім працуе, размешчаны ў былой вёсцы Кладачкі, да якой ішоў амаль гадзіну пасля наведвання народнага музея баявой славы ў сярэдняй школе № 2 імя Міхаіла Пуцейкі. Уразіў школьны музей эксклюзіўнымі экспанатамі, сабранымі юнымі следапытамі. Тры дзесяцігоддзі таму каля вытокаў яго стаяла настаўніца-дэфектолаг Раіса Трызна. Як зачараваныя слухалі школьнікі Раісу Іванаўну пра гераізм франтавіка Міхаіла Пуцейкі, ён прымаў удзел у вызваленні Заслаўя ад акупантаў і ў адным з баёў загінуў. Партрэт яго ў цэнтры школьнага музея. Адна з вуліц, што вядзе да тых самых Кладачак, названа ў гонар мужнага генерала.

Вадзіцель птушкафабрыкі Анатоль АГАРКАЎ

Па ініцыятыве клуба ўсталяваны ў Заслаўі мемарыяльныя знакі на месцах расстрэлу гітлераўцамі мірных жыхароў. Школьнікі ўстанавілі імёны 22 байцоў, пахаваных у безыменнай магіле. Дзякуючы пошуку следапытаў на мемарыяльнай дошцы нядаўна з’явілася і прозвішча пахаванага тут воіна Аляксандра Вестмана.

Часты госць у школьнікаў — ветэран вайны і працы Барыс Папкоў, якому сёлета споўнілася 90 гадоў. 17-гадовым у 1944 годзе прызваўся з далёкай Пензенскай вобласці ў пагранічныя войскі. Усталёўваў савецка-польскую граніцу, змагаўся з бандамі. Пасля завяршэння службы ў 1957 годзе прыехаў у Заслаўе, займеў сям’ю. Родным стаў яму беларускі горад, дзе па даўняй традыцыі кожны навучальны год у школьнікаў пачынаецца з экскурсіі па музеі-запаведніку. Хутка адчыніць дзверы Музей беларускай маляванкі.

Вялікую раскошу прайсціся па гістарычных мясцінах Заслаўя падаравала вандроўка. Дух заняло ад назвы вуліца Рагнеды, што вядзе да пахавальні непакорлівай князёўны. Побач з шыкоўнымі катэджамі на схіле нечакана падышоў да сабора Святых Зямлі Беларускай, які нядаўна пабудаваны. На маленькім дворыку каля храма ўсталявана дзіцячая пляцоўка. Акуратная клумба красавалася апошнімі восеньскімі кветкамі.



РОДНАМУ гораду прысвяціла радкі старшыня абласнога Саюза пісьменнікаў, лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў галіне паэзіі  Святлана Быкава:

Стаіць горад там,
дзе калісьці стаяў,
І помнікі продкаў
для нас захаваў.
Паміж курганоў,
дзе Рагнеды магіла,
Ён вуліцы выпрастаў,
нібыта крылы.

Мінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter