Вясковы цёзка касмічнага прышэльца

Греск: цёзка метэарыта і цэнтр зямляцтва

Старажытна-грэчаскага гісторыка Герадота, які, згодна з паданнем, у V стагоддзі да нашай эры вандраваў, уразіла залітая вадой палеская нізіна, якую ён назваў морам. Як лічаць даследчыкі, водная прастора падступала да слуцкіх узвышшаў. На адным з іх стаіць мястэчка Грэск, дзе археолагі выявілі ўмацаванае гарадзішча, якое стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У наваколлі знойдзены скамянелыя рэшткі жывых арганізмаў. Ім больш за 400 мільёнаў гадоў.


Упершыню пісьмова Грэск узгадваецца ў дакументах пачатку ХV стагоддзя. Валадарылі ім каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца, Марцін Валадковіч, магнаты Радзівілы, Юрый Багуслаў Отэнгаўз, граф Антоніа Тадэвуш Пшаздзецкі.

Па прывілеі караля Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта Аўгуста штотыднёва ладзіўся Грэскі кірмаш. У канцы ХVI стагоддзя мястэчка было ў Слуцкім княстве, а пазней у складзе Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай стала цэнтрам воласці Расійскай імперыі. Адкрылася народнае вучылішча.

84-я восень настаўніцы Інэсы ГЕРАСІМОВІЧ

У Першую сусветную вайну тут стаяў лекарска-назіральны пункт, дзе лячылі цяжка хворых царскіх салдат. Мясцовасць захоплівалі нямецкія, польскія войскі, пакуль трывала не ўстанавiлася савецкая ўлада. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай Грэск застаўся ў БССР і стаў раённым цэнтрам, якім быў да 1956 года. Адкрытая савецкай уладай пачатковая школа вырасла ў сямігодку. Сяляне аб’ядналіся ў калгас «Гігант». Дзейнічалі арцель па нарыхтоўцы вапны, машынна-трактарная станцыя.

Мірнае жыццё парушыла вайна. Барацьбу з акупантамі вялі народныя мсціўцы.

Ветэран вайны і працы Валянцін КІСЕЛЬ на прыёме ў доктара Рычарда БЛІЗНЯКА

Савецкія войскі пры правядзенні Мінскай аперацыі ў пачатку ліпеня 1944 года вызвалілі мястэчка. Наладжвалася мірнае жыццё. Да Грэска далучылі вёску Някрасаўку. Меліяратары ПМК-71 ператварылі ў хлебныя нівы навакольныя балоты. У 2009 годзе мястэчка атрымала статус аграгарадка. Гаспадарка стала філіялам Слуцкага мясакамбіната.

Ветэраны працы Анатоль АСТРОЎСКІ і Іосіф ХАЦЬКО.

Праз гадзіну пасля сталічнага тлуму выйшаў з мікрааўтобуса на прыпынку ў Леньках. Нізкае неба няспынна пырскала асенняй слотай. Гаваркі шафёр МАЗа Аляксандр Дубовік, які прытармазіў на бальшаку, расказаў, што раней працаваў у калгасе “Маяк”, які далучылі да ўтворанага філіяла “Падсобная гаспадарка “Грэск” ААТ “Слуцкі мясакамбінат”. Жонка Алена Юр’еўна даглядае цялят на ферме “Леткаўшчына”. Маюць свой дом у вёсцы Маяк. Дзве дачкі ў іх.

Старшыня сельвыканкама Леанід РУСАКОВІЧ

Хутка паказаліся грэскія сядзібы, машынна-трактарны двор. Сустрэцца з кіраўніком гаспадаркі Сяргеем Варона не атрымалася, выклікалі па справах у Слуцк. Таццяна Дубовік амаль трыццаць гадоў таму закончыла Навапольскі сельгас- тэхнікум і вярнулася ў Грэск. Працавала дыспетчарам, бухгалтарам у гаспадарцы. За паўгода не прызвычаілася адчуваць сябе галоўным бухгалтарам. Эканамічную службу ўзначальвала выпускніца эканамiчнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі Алена Давыдовіч, а цяпер працуе эканамістам па працы. Ад спецыялістаў даведаўся, што амаль дзвесце работнiкаў у калектыве. У жывёлагадоўлі гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. З 2500 галоў буйной рагатай жывёлы амаль трэцяя частка — дойны статак. Сёлета плануецца пераадолець сямітысячны гадавы надой ад каровы. З ростам прадукцыйнасці павышаецца рэнтабельнасць вытворчасці малака. Амаль да кілаграма вырасла сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе кормнікаў на ферме “Сцябкова”.

Ляснік Сяргей ХАМІЦЭВІЧ

Кожны з 600 гектараў пшаніцы даў амаль па 43 цэнтнеры. Увесь збожжавы клін склаў паўтары тысячы гектараў.

Бухгалтар гаспадаркі Кацярына КОТ

Вялікі працоўны калектыў і ў ПМК-71, будаўнічыя аб’екты якой у розных кутках вобласці. Дзясятак працоўных месцаў у прыватных фірмах. Праблема занятасці насельніцтва хвалюе кіраўніцтва сельвыканкама. Непадалёку ад Грэска Слуцкі мясакамбінат пабудаваў сучасны свінагадоўчы комплекс на 20 тысяч галоў, дзе створаны новыя працоўныя месцы.

Пенсіянерка Яніна ГРЫШЫЛАВА ібібліятэкар Юлія ДУБОВІК

Амаль штодзень старшыня сельвыканкама Леанід Русаковіч выязджае ў вёскі. Застаць яго ў кабінеце складана. З прадстаўнікамі раённых службаў Леанід Мікалаевіч адправіўся наведваць праблемныя сем’і, а мне параіў сустрэцца з ветэранам вайны і працы Валянцінам Кісялём, які папраўляў здароўе ў мясцовай бальніцы. Новы яе корпус на 20 ложкаў у цэнтры аграгарадка. Амаль трыццаць гадоў загадвае медустановай выпускнік Гродзенскага медінстытута Рычард Блізняк. Завіталі з ім у палату да дзевяностагадовага Валянціна Аляксеевіча.

Загадчыца бібліятэкі Наталля КУПА і юныя чытачы

Жорсткі след пакінула вайна ў яго жыцці. Нямецка-фашысцкія акупанты за сувязь з партызанамі расстралялі бацьку, старэйшую сястру і яе пяцігадовага сына. Помсціць ворагам падлетак Валянцін Кісель пайшоў у партызанскі атрад імя Кірава брыгады Фрунзэ. У адным з баёў каля вёскі Застарычы юнака цяжка параніла ў руку і нагу. Лячыўся ў партызанскім шпіталі. У пачатку зімы 1944 года пасля вызвалення Случчыны Валянціна Кісяля прызвалі ў армію. Прымаў удзел у вызваленні Варшавы. Пасля заканчэння вайны яшчэ сем гадоў служыў на Ціхаакіянскім флоце. Узнагароджаны ордэнамі “Партызан Айчыннай вайны” I і II ступеняў, Айчыннай вайны II ступені, медалямі. У пасляваенныя гады да выхаду на пенсію працаваў калгасным трактарыстам. Пакуль размаўлялі, дзяжурная медсястра Таццяна Мяцельская прынесла прызначаныя ўрачом лекі. Пасля бальніцы Валянцін Аляксеевіч адправіцца зімаваць да сына Леаніда ў Мінск.

Медсястра Таццяна МЯЦЕЛЬСКАЯ

Са сталіцы ў Грэск больш за шэсцьдзесят гадоў таму прыехала настаўнічаць Інэса Герасімовіч. Кватаравала ў школьнай тэхнічкі — цёткі Гаруціхі. Пасватаўся да маладой настаўніцы мясцовы кавалер Анатоль Кудзелка. Згулялі вяселле, і засталася мінчанка ў Грэску. Восемдзесят чацвёртую восень сустрэла ў сваім прасторным доме. Кветкі, гародніну вырошчвае, сад даглядае і любіць частаваць чырвонабокімі яблыкамі. Смак іх, як і ў слуцкіх бэраў, што захаваліся ў грэскіх садах, ні з якімі іншымі не пераблытаеш. Захапляецца Інэса Іванаўна і чытаннем.

Вадзіцель Аляксандр ДУБОВІК.

Загадчыца бібліятэкі Наталля Купа ведае чытацкі густ настаўніцы. У бібліятэцы багаты кніжны фонд. Чытачоў больш за тысячу. Найбольш актыўныя пенсіянеры і школьнікі. Пяты год на пенсіі Яніна Грышалава, якая працавала ў бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства. Без кніг не ўяўляе жыццё. Са школьных гадоў не разлучваюцца з кнігамі былыя вучні Інэсы Іванаўны Валянціна і Сяргей Макаранкі. У адным класе вучыліся.

Са школьных гадоў разам сямейная пара Сяргея і Валянціны МАКАРАНКАЎ

Пасля заканчэння сярэдняй школы Валянціна па закліку камсамола загадвала сельскім клубам у слуцкай вёсцы Балотчыцы. Потым пакарала сталіцу. Атрымала прафесію швачкі, працавала ў мінскім атэлье. Школьная дружба з аднакласнікам Сяргеем Макаранкам перарасла ў каханне і вярнула дзяўчыну дамоў. Жаніх закончыў інжынерна-механічны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. Валянціна завочна атрымала там дыплом эканаміста. Дачка Юлія і сын Аляксандр падарылі ім пяць  унукаў. Чакаюць шостага. З Макаранкамі сустрэліся ў сельвыканкаме, дзе Валянціна Аляксееўна працуе больш за трыццаць гадоў. Наперабой расказвалі пра родны Грэск, у якім нядаўна была забудавана катэджамі вуліца Сонечная. Ганарацца, што іх школе 150 гадоў, а самы вялікі метэарыт у Беларусі атрымаў назву “Грэск”.

За вокнамі змяркалася, а субяседнікаў было не спыніць. Цікава было іх слухаць. У той год, калi Валянціна і Сяргей заканчвалі вучобу, атэстаты сталасці атрымала амаль сотня выпускнікоў. Многія засталіся ў Грэску. Звыш 700 навучэнцаў было ў школе, а зараз каля 200. Вучыліся ў дзве змены. Сямейнай парай сталі аднакласнікі Ганна і Андрэй Лабковічы, якія таксама не пакінулі Случчыну.

Кожнага выхаванца памятае Лілія Ланюк, якая тры дзесяцігоддзі нязменна кіравала школай. Наладзіла сувязь з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі рэспублікі. Старшакласнікі па выбары вучыліся ў профільных аграрна-ветэрынарным, педагагічным і медыцынскім класах, дзе рыхтаваліся да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І цяпер, перадаўшы дырэктарства маладому педагогу Наталлі Арціховіч, Лілія Іванаўна жыве школьнымі справамі. Лічыць за гонар, што за гады дзейнасці педкласа з 300 выпускнікоў яго 230 сталі настаўнікамі. Дваццаць з іх папоўнілі школьны калектыў. А выдатнік вучобы Андрэй Нядзелька пасля заканчэння сталічнага педуніверсітэта вярнуўся на Случчыну і узначальвае раённы аддзел адукацыі. Да намесніка дырэктара філіяла падсобнай гаспадаркі мясакамбіната ўзняўся Андрэй Міхневіч. І сын яго Мікіта таксама спецыяліст сельскай гаспадаркі. У студэнцкія гады летам садзіўся за штурвал збожжаўборачнага камбайна.

Памятае Лілія Іванаўна, як цудоўна гучаў на школьнай сцэне голас Івана Ланюка. Цяпер ён саліст Беларускага дзяржаўнага Вялiкага тэатра оперы i балета. Мастацтву прысвяціў жыццё Уладзімір Вітко, які падарыў роднай школе больш за сотню сваіх палотнаў. Так з’явілася ў Грэску карцінная галерэя. Багаты на ўнікальныя экспанаты краязнаўчы музей. Адзін са стэндаў расказвае пра дзейнасць у гады вайны камсамольскай падпольнай групы, якую ўзначальваў Юрый Войчык. Пры выкананні адной з важных аперацый малады падпольшчык загінуў.

Захавалася ў школе традыцыя падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў. Кіраваць трактарам вучыць старшакласнікаў Іван Чэпікаў, які раней працаваў інжынерам у гаспадарцы. У Грэску ёсць каму працягваць хлебаробскую справу.

Слуцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter