Смілавічы: сусветныя геніі, зямныя клопаты і экспартныя валёнкі

АДНО са старэйшых мястэчак Міншчыны – Смілавічы — упершыню пісьмова ўзгадваецца ў канцы ХV стагоддзя. У час уладання паселішчам магнатамі Бакштанскімі на ўскрайку сядзібы атабарыліся татары і ўзнікла Татарская Слабада. У Вялікім Княстве Літоўскім мястэчка называлася Бакштамі, ці Бакштанамі. Пазней ім валодалі Кезгайлы, Сапегі, Завішы, Агінскія, Манюшкі і Ваньковічы.


У архіве Дзяржаўнага гістарычнага музея Беларусі захоўваюцца дакументы, якія сведчаць пра будаўніцтва ў сярэдзіне ХVI стагоддзя драўлянай царквы. Амаль праз тры вякі на месцы яе за кошт казны паўстаў мураваны праваслаўны храм, у якім захоўваліся друкаваныя Евангеллі выдання 1644 і 1842 гадоў.

У канцы ХVII стагоддзя ў  мястэчку пабудаваны замак. Праз стагоддзе тут заснаваны рымска-каталіцкі манастыр і касцёл, у крыпце якога спачылі прадстаўнікі родаў Агінскіх і Манюшак.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Смілавічы ўвайшлі ў Расійскую імперыю. Па загадзе цара манастыр пераўтварылі ў царкву. Адкрылася земскае народнае вучылішча. На рацэ Волме працавалі два вадзяныя млыны. Дзейнічалі вінакурня і бровар, суконная мануфактура, некалькі гарбарняў. На рыначнай плошчы ладзіліся кірмашы. Славілася мястэчка адмысловымі бондарамі, гарбарамі, кавалямі, млынарамі, пчалярамі, ганчарамі, шаўцамі, ткачамі, агароднікамі, жывёлаводамі і гандлярамі.

Старшыня Савета ветэранаў Iван ЯРАШЭВIЧ і ветэран вайны і працы Канстанцін ПАТАПЧЫК.

Рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя не абышлі гэты куток. Пры савецкай уладзе Смілавічы сталі раённым цэнтрам і былі ім пасля невялікага перапынку да 1938 года, калі сталі гарадскім пасёлкам Рудзенскага, а з 1960-га — Чэрвеньскага раёнаў.

У 1931 годзе 60 першых навучэнцаў прыняў адкрыты сельгастэхнікум, які зараз рэфармаваны ў аграрны каледж.

Непамерны ўрон нанесла мястэчку нямецка-фашысцкая акупацыя. Азвярэлыя нелюдзі знішчылі больш як 2000 мірнага насельніцтва. Усталяваны помнікі на месцы расстрэлу ахвяр, на магіле савецкіх воінаў і партызан, што загінулі ў барацьбе з ворагам. Мемарыяльнай дошкай на будынку сярэдняй школы № 1 ушанавана памяць вучняў і настаўнікаў, якія загінулі ў вайну.

Кіраўнік спраў сельсавета Валянціна ДЗЯМКО.

У пасляваенныя гады аднавілі дзейнасць прамысловыя прадпрыемствы і калгас, адкрылася прафтэхвучылішча механізацыі меліярацыйных работ, якое стала дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэем.

БРЭНДАМ старажытнага мястэчка Смілавічы даўно замацаваліся валёнкі. Кіраўнік спраў сельвыканкама Валянціна Дзямко ўдакладніла, што да традыцыйных рамёстваў у Смілавічах рыхтуюць спецыялістаў сярэдняга звяна, а таксама рабочых прафесій для гаспадарак рэспублікі. Актыўна развіваецца вытворчы бізнес. Наладжана вытворчасць вокнаў з пластыкавага профілю, металічных вырабаў, мэблі з натуральнай драўніны і з выкарыстаннем сінтэтычных матэрыялаў. Дзейнічаюць прыватныя кандытарскія і пякарныя цэхі. Арганізаваны выпуск англійскіх дзярновых газонаў. Усё гэта дазволіла паспяхова вырашаць праблему працаўладкавання. Маладыя сем’і будуюць жыллё. Колькасць насельніцтва ў гарпасёлку перавысіла шэсць тысяч. З розных куткоў рэспублікі прыязджаюць сюды на жыхарства.

Дырэктар ААТ “Заполле” Сяргей АЛЕКСАНДРОВIЧ і трактарыст Iван ГАТОЎЧЫЦ.

Валянціна Васільеўна пасля заканчэння заафака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі з мужам Артурам Валянцінавічам працавалі спецыялістамі на Гомельшчыне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі пераехалі ў сталічную вобласць. Пабудавалі дом у аграгарадку Заполле, што побач са Смілавічамі. Дванаццаты год Валянціна Васільеўна працуе ў мясцовым выканкаме. Тры гады таму пасля ўзбуйнення пасялковы Савет рэарганізаваны ў сельсавет. Узначальвае яго Валянціна Півавар. Пасля далучэння Жураўкавіцкага сельсавета клопатаў дадалося. Выязджалі ў населеныя пункты, знаёміліся з жыхарамі, іх турботамі.

Ні адна сядзіба на тэрыторыі сельсавета не пустуе. Побач – амаль двухмільённая сталіца. Гараджане з вялікім жаданнем выкупаюць пад лецішчы сялянскія падворкі. Сёлета праведзена пяць аўкцыёнаў па продажы прысядзібных участкаў і на рахунак сельвыканкама паступіла 190 тысяч рублёў. У сярэдзіне лістапада плануецца чарговы аўкцыён, на які выстаўляецца да дзесяці лотаў.

Узводзіцца ў гарпасёлку кааператыўнае жыллё. З падтрымкай дзяржаўнага бюджэту запланавана будаўніцтва 50-кватэрнага дома для шматдзетных сямей. Іх на тэрыторыі сельсавета амаль сто дваццаць, з якіх восемдзесят — у Смілавічах.

Цялятніца Тамара ЗАГОЛДНАЯ.

Старшыня Чэрвеньскага райсавета дэпутатаў Валянціна Тарасік упэўнена, што Смілавічы знойдуць сваю нішу ў турызме. Тут пачыналі першыя крокі сусветна вядомыя мастакі парыжскай школы Шрага Царфін і Хаім Суцін. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, што размясціўся ў прасторным будынку былой школы-інтэрната, адкрыты музей “Прастора Хаіма Суціна”. ААТ “Белгазпрамбанк” прадаставіў для экспазіцыі ў адной з яго залаў шэдэўральныя палотны Шрагі Царфіна.

Непадалёку, у вёсцы Убель, прайшло дзяцінства будучага генія музыкі Станіслава Манюшкі. Вучні і настаўнікі Азярноўскай сярэдняй школы стварылі музей кампазітара. З-за малой колькасці навучэнцаў школу закрылі. Будынак выкупіў прадпрымальнік. Сабраную энтузіястамі экспазіцыю вырашана перанесці ў Смілавічы. Тры музеі выбітных землякоў — Станіслава Манюшкі, Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна — размесцяцца пад адным дахам.

ПРАЗ цэнтр праходзіць транзітная траса са Смалявіч на Шацк, па якой магутныя аўтапаязды дастаўляюць грузы на валюшна-лямцавую фабрыку.  Са старшынёю Савета ветэранаў Іванам Ярашэвічам мы завіталі на старэйшае прадпрыемства. Аляксандр Юк, які тры дзесяцігоддзі валіў валёнкі, а зараз працуе ахоўнікам, правёў у вытворчы цэх. Змена Таццяны Лісоўскай шыла коўдры на авечай воўне. У тры змены працуе калектыў. Спяшаюцца да Новага года справіцца з заказам Беларусбанка на выпуск 8500 такіх арыгінальных вырабаў.

Васьмікласніцы сярэдняй школы № 1  Аляксандра ЛIЦВIНЧУК і Аліна ПАТАНЭЙКА.

Асноўная прадукцыя – валёнкі — паспяхова экспартуецца. Як адзначыла загадчыца склада гатовай прадукцыі Софія Патапчык, беларускія валёнкі адпраўляюцца ў Расію, Казахстан, Узбекістан, Украіну, Прыбалтыку, Канаду, ЗША, Фінляндыю і іншыя краіны. Больш за 150 тысяч пар такога цёплага абутку розных фасонаў і памераў штогод выпускае фабрыка, якой кіруе Васіль Собан.

ЗА фабрычнымі карпусамі пачынаюцца землі ЗАТ “Запольскае”, якое пастаўляе жыхарам сталіцы малако і мяса. Два з паловай гады таму сельгаскалектыў узначаліў выпускнік мехфака Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Сяргей Александровіч. Пасля атрымання акадэмічнага дыплома працаваў у Бярэзінскім райсельгасупраўленні. Кабінетная спецыфіка не задавольвала маладога спецыяліста. У Чэрвеньскім раёне  прыняў далёка не лепшую гаспадарку, угоддзі якой раскінуліся паабапал аўтастрады Мінск—Магілёў.

Майстар участка валюшна-лямцавай фабрыкі Таццяна ЛIСОЎСКАЯ.

Дырэктарства Сяргей Пятровіч пачаў з навядзення парадку на вытворчых участках. Пафарбавалі жывёлагадоўчыя памяшканні, рамонтную майстэрню. Парадак прыдаў настрой людзям. Пакуль мы ехалі з Сяргеем Пятровічам на малочна-таварную ферму “Заполле”, мабільны тэлефон не змаўкаў. Кіраўніку дакладвалі пра складаную сітуацыю на кукурузным полі, дзе працавалі ўборачныя камбайны. Вялікі клін культуры стаіць няўбраным. Зямля раскісла ад дажджоў, і тэхніка грузне. Больш за 2300 галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца ў гаспадарцы, палова з якіх – дойны статак. 600 кароў на запольскім малочна-таварным комплексе.

У асобным памяшканні даглядае сотню цялятак Тамара Заголдная, якую мы засталі за працай. Чысценькі, сыты чорна-белы маладняк размешчаны па некалькі галоў у клетцы. Паўтара дзясятка гадоў Тамара Мікалаеўна працуе ў гаспадарцы. Дзяцінства яе прайшло ў далёкім Казахстане, куды бацькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя з чэрвеньскай вёскі Камісарскі Сад адправіліся асвойваць цаліну. Праз дзесяцігоддзі яны вярнуліся ў родныя мясціны. Сям’я Тамары Мікалаеўны атрымала службовае жыллё. Як і трактарыст Іван Гатоўчыц, які прыехаў на Чэрвеньшчыну 17 гадоў таму з лунінецкай вёскі Чучавічы. На трактары МТЗ падвозіць і раздае фураж жывёле. Гаспадарка стварае спрыяльныя ўмовы для працаўнікоў. Але праблема кадраў хвалюе дырэктара. У Смілавіцкім аграрным каледжы і сельскагаспадарчым ліцэі рыхтуюць маладую змену для гаспадарак Міншчыны. Сталіца, да якой рукой падаць, спакушае моладзь. Са Смілавіч часта курсіруе транспарт да станцыі метро “Магілёўская”.

Музыка Віктар ХАРЫТАНОВIЧ.

АМАЛЬ паўвека ад’ездзіў з прыгараднай вёскі Жураўкавічы на Мінскі аўтазавод ветэран вайны і працы Канстанцін Патапчык, які працаваў там электрыкам. У гады вайны змагаўся з ворагам на 2-м Беларускім фронце. У адным з баёў каля мардоўскай сталіцы Саранска атрымаў цяжкае раненне пазваночніка. Амаль паўгода лячыўся ў ваенным шпіталі. Дамоў вярнуўся інвалідам трэцяй групы. Парадны мундзір франтавіка ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны I ступені і медалі. Мінулай вясной Канстанціну Анісімавічу споўніўся 91 год. Яго энергіі і аптымізму можна пазайздросціць. Канстанцін Патапчык разам са сваім сябрам Іванам Ярашэвічам, які знайшоў час, каб павандраваць са мною па Смілавічах, устанавілі помнік загінуўшым у вайну жыхарам Жураўкавіч.  Іван Ярашэвіч гераізм і мужнасць патрыётаў увекавечыў у вершах, што надрукаваны ў яго зборніку “Жыццёвыя запаветы”.  Нарадзіўся ён у вялікай ганцавіцкай вёсцы Хатынічы. Пасля педінстытута прыехаў настаўнічаць у Смілавічы і да выхаду на пенсію ўзначальваў сярэднюю школу нумар адзін. Цяпер кіруе Cаветам ветэранаў, збірае матэрыялы пра гісторыю і сучаснасць старажытнага мястэчка, якое мае не толькі багатае мінулае, але і цудоўныя перспектывы развіцця.

Чэрвеньскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter