Лактышы, на таленты багатыя

На традыцыйным свяце, што ладзілася ў Ганцавіцкім раёне, вяскоўцы частавалі гасцей гарачай юшкай, а на выставе ўраджаю здзіўлялі кавунамі — са сваіх сотак!
Шмат ужо год па Ганцавіцкім раёны Брэстчыны ў жніўні-верасні праходзяць Святы вёсак. Танцавалі ды спявалі ўжо ў Будчы, Агарэвічах, Чудзіне, Ясінцы, Яловай... Чарга дайшла й да Лактышоў. У інтэрнэце знаходзім: вёска вядомая з ХVI стагоддзя як паселішча ў Наваградскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Сёння там сапраўдны рай для рыбакоў. Гэта і рэчка Лань, і прыток яе Нача недалёка. А ў 1977-м было створана вадасховішча “Лактышы”. Па словах мясцовых рачных заўсёднікаў, там ловіцца болей за 30 розных відаў рыб, без карасёў-акунёў-краснапёрак ніхто ніколі “з вады” не адыходзіў, трапляюцца і карп, таўсталобік, шчупак…


Даўнія прылады працы для юных цяпер – экзотыка

Рыбна ў Лактышах! І яшчэ да пачатку свята плыў па наваколлі водар юшкі. Яна кіпела ў вялікім чыгуне і вядры над вогнішчам. “Калі ласка, частуйцеся! — усмешкай сустракае гасцей свята кухар, загадчык мясцовага Музея рыбалоўства Мікалай Ленкавец. — Юшка — з карпа: толькі ўранні вывудзілі. Як свята вёскі, то вару шмат: каб усім хапіла!” Паспрабавала: смачна! Трошкі саладкаватая, ды з перцам, як параіў Мікалай Дзмітрыевіч, самае тое!

Перад клубам збіраюцца вяскоўцы і госці, усе — прыгожыя, прыбраныя. “А як жа! Такое свята раз на год бывае, — ахвотна ўступае ў размову лактышанка Яўгенія Краўчук. — Калі ж яшчэ пабачу каго з другога канца вёскі? У нас жа каля 400 хат! Мо хіба толькі на наступны год... Іншыя ж святы — дні нараджэння, Вялікдзень, Новы год — больш сціплыя, сямейныя. Толькі гэтае гуляем усе разам”.

Юных наведнікаў свята, бачыла, цікавіла выстава “Побыт нашых продкаў”. Дзяўчынкі цягнуліся да свайго: адкрывалі накрыўкі на збанках, круцілі калаўрот, саджалі лялькі ў калыску… А хлопчык гадоў двух сам дагадаўся, для чаго зроблена драўлянае крэселка, ды ўсеўся ў яго. Быў там і стол з талеркамі, лыжкамі, глінянымі гаршчкамі, самаварам. А побач — травяныя зборы на розныя выпадкі жыцця. “Колькі розных траў летам у Лактышах, колькі кветак! — расхвальвае палескую глыбінку мясцовая жыхарка Вольга Мышкавец. — Збіраем кмен, канюшыну, скрыпень, чабор, рамонкі... Дзе-нідзе можна знайсці нават рэдкі Венерын чаравічак. Пасля высушваем сабранае — такая пахкая гарбатка! І каву можам з жалудоў рабіць”.


Пра тое, якімі Лактышы былі колісь, расказвала мне Яўгенія Краўчук: “Тут і мой бацька нарадзіўся, і бабулі з дзядулямі, і дзве мае дачкі... Цяжка мы жылі, працавалі заўсёды шмат, але ж так хораша было, весела. Адно аднаму дапамагалі. Калі гулялі, дык усёй вуліцай, песні спявалі, дзяўчаты на вячоркі ўзімку збіраліся, вышывалі. Пасаг сабе сабіралі. Раней жа як было? Замуж рана выходзілі. Мне, напрыклад, і 18 не было, як за свайго гаспадара (Мужа. — Аўт.) пайшла. Дагэтуль вышываныя навалачкі, абрусы, тканыя посцілкі захоўваюцца. Сёлета 60 год было б, каб Іван мой не памёр, нашаму вяселлю…”

У іншых старажылаў-лактышоўцаў падобныя жыццёвыя гісторыі. Вучыліся ў мясцовай васьмігадовай школе, працавалі ў калгасе, цялятніку. На ўласных сотках вырошчваюць бульбу, моркву, капусту, гарбузы... Спрадвечны занятак мужчын там рыбалоўства, пчалярства. Дарэчы, многія й цяпер маюць пасекі. А мёд лактышоўскі — адметны, духмяны: з нектара лясных ды палявых кветак.

Вядома, раней не прынята было з’язджаць-перасяляцца. Вырасталі сыны — жаніліся, будавалі хаты. Так павялічвалася вёска. Таму і Лактышы — вёска немалая. А прозвішчы вяскоўцаў амаль усе аднолькавыя: Матусевічы, Краўчукі, Мышкаўцы, Ленкаўцы, Зуйкевічы, Бондары, Стральчэні, Сергіені... Дарэчы, як казала на свяце супрацоўніца Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Пашкевіч, у суседняй з Лактышамі вёсцы Хатынічы і па сёння так заведзена: заставацца. “Моладзь, зразумела, ездзіць на працу ў бліжэйшыя гарады — Ганцавічы, Пінск, Брэст... Некаторыя вахтавым метадам працуюць на будоўлях Мінска, Астраўца. Аднак жывуць — у роднай вёсцы, вядуць гаспадарку, дзяцей гадуюць. Ёсць вуліцы ў Хатынічах даўжынёю мо болей за 6 кіламетраў!”.


Экспанаты выставы “Побыт нашых продкаў”

А вось з Лактышоў хлопцы-дзяўчаты патрохі з’язджаюць. “Няма на ўсіх працы”, — разводзяць рукамі бабулі ды дзядулі. Няшмат у вёсцы і дзяцей: можна пералічыць па пальцах. За малымі штораніцы прыязджае школьны аўтобус ды вязе на ўрокі ў суседнюю вёску. А ў будынку лактышоўскай школы цяпер — клуб. Ёсць там бібліятэка, створана ажно пяць музеяў — здаровага ладу жыцця, рыбалоўства, краязнаўчы, ваеннай гісторыі. А ў памяць пра былую школу застаўся адзіны клас: на партах — падручнікі ды сшыткі, на дошцы і сценах — фотаздымкі вучнях і настаўнікаў.

І ўсё ж Лактышы апошнім часам ажываюць, казаў загадчык клуба Аляксандр Матусевіч. Спусцелыя хаткі ахвотна скупляюць дачнікі, будуюць дамы, катэджы. Замест агародаў робяць роўныя прыгожыя лужкі, а па перыметры высаджваюць туі. Дзіўна, але ў Лактышах няма пакуль ніводнай аграсядзібы. Толькі паміж гэтай і суседняй вёскай Вялікія Круговічы, на месцы былога дзіцячага летніка “Чайка”, размясцілася база адпачынку “55 кардон”. Так што тым, хто захоча заняцца там асабістым турбізнесам альбо весці фермерскую гаспадарку, ёсць выдатная мясціна для “пачыну”. А землі ў Лактышах, казалі мне, такія: што ні кінь, то ўсё расце.

І вось гучна зайграла музыка. Павіншаваць лактышоўцаў са святам прыехалі творчыя калектывы з Агарэвіцкага дома культуры, Ганцавіч, Баранавіч. Хлопцы з мінскага рыцарскага клуба правялі рэканструкцыю старадаўняга бою. Дый самі вяскоўцы не заставаліся ў баку: чыталі вершы, спявалі, танчылі. Садавінай-гароднінай незвычайных формаў ды памераў здзіўлялі наведнікаў сяляне на выставе “Дары зямлі лактышоўскай”. Марыя Матусевіч ды Іосіф Краўчук прынеслі сапраўдныя кавуны. Пасля пачаставалі: сакавітыя, цукрова-салодкія! Так што вырашчаныя на Брэстчыне вялізныя ягады могуць паспаборнічаць і з украінскімі ды астраханскімі. А ў лактышоўцаў з’явілася яшчэ адна дзікавостка, якою смела можна пахваліцца.

Кацярына Мядзведская

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter