Далучацца да беларускай культуры ў Іркуцку можна з песнямі, гульнямі ды танцамі

“Крывічы” клічуць на вячоркі

Рыгор Арэшка

Далучацца да беларускай культуры ў Іркуцку можна з песнямі, гульнямі ды танцамі


У гэтым сезоне ў другі раз Іркуцкая гарадская маладзёжная грамадская суполка “Моладзевы клуб “Крывічы” дала абвестку для сяброў і тых, хто мае інтарэс да народнай культуры: прыходзьце на “Беларускія Вячоркі”. Сустрэча праходзіла ў актавай зале адміністрацыі Правабярэжнай акругі горада. Прычым: “уваход абсалютна бясплатны”. Як вынікае з запрашэння, праект мае салідную падтрымку: вячоркі ладзяцца ў плыні “Школы міжнацыянальных зносін”, арганізаванай культурнай установай “Горад”.

Мяркуем, калі б і ў іншых рэгіёнах Расіі ведалі, як беларусы ўмеюць сябраваць, то на тым унікальным досведзе суполкам можна было б здабыць немалы аўтарытэт. А як вучацца сябраваць беларусы? Весела: сумесна спяваючы і танцуючы. Вось і тэма вячорак у Іркуцку была: “Асаблівасці аўтэнтычнага беларускага спеву і майстар-клас па бытавых беларускіх танцах”. На вячорках можна не толькі слухаць беларускія аўтэнтычныя песні, але і самім паспрабаваць іх спяваць. Яшчэ можна было “навучыцца танцаваць мінімум 10 народных і сярэднявечных танцаў”, ды і ўвогуле “класна і пазнавальна правесці час!”. Праводзілі вячоркі самадзейныя артысты ансамбля аўтэнтычных спеваў “Крывічы”, якім кіруе Воля Галанава.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter