Колеры вясны

Вясна — гэта з’яўленне яркіх фарбаў у шэра-белым наваколлі. Паступова адыйшоў снег, і прырода цешыць нарэшце ўсімі колерамі радугі. А можа, вясёлкі? “Як жа правільна па-беларуску?” — спытаеце
Вясна — гэта з’яўленне яркіх фарбаў у шэра-белым наваколлі. Паступова адыйшоў снег, і прырода цешыць нарэшце ўсімі колерамі радугі. А можа, вясёлкі? “Як жа правільна па-беларуску?” — спытаеце.

А як хораша вясною ў лесе!Адказ такі. Асаблівасць нашай мовы ў тым, што яна развівалася пад уплывам іншых: і славянскіх, і заходнееўрапейскіх, і ўсходніх. Таму нярэдка для абазначэння аднаго паняцця ў беларускай ужываецца як адметнае, так і агульнае, напрыклад, з рускай мовай слова. Гэта якраз датычыцца назоўнікаў радуга і вясёлка. Абодва яны прымальныя і ўжывальныя. Проста больш прывычнае ў адносінах да шматкаляровай дугападобнай паласы на небе для нас слова вясёлка.

Як сінонімы ў беларускай мове можна ўжываць і прыметнікі радужны і вясёлкавы. Аднак калі маецца на ўвазе покрыўная тканка вока, то яе называюць менавіта радужнай абалонкай.

Дарэчы, у беларускай мове багата сродкаў, каб адлюстраваць прыгажосць. Калі гаварыць пра пэўныя колеры, то з іх найменнямі праблем амаль не ўзнікае. А вось што да больш шырокіх паняццяў, то часам бывае блытаніна.

Цвет, краска, колер, фарба — усе гэтыя словы ўжываюцца ў беларускай мове. Некаторыя з іх — сугучныя з рускімі цвет і краска — часам выкарыстоўваюць не да месца. Напрыклад, словам цвет — па аналогіі з рускай мовай — называюць афарбоўку чагосьці, а краскай — рэчыва, што надае колер.

Між тым, кожнае з названых слоў у беларускай мове мае свой аб’ём значэння. Так, беларускае цвет — гэта, па-першае, кветкі на раслінах. Напрыклад, ліпавы цвет. Па-другое, час цвіцення. Кажуць: вішні ў цвеце. Пераносныя значэнні гэтага назоўніка — лепшая частка чаго-небудзь: цвет моладзі, а таксама росквіт сіл, гады маладосці. Так, пра актыўнага і маладога могуць сказаць: у цвеце сіл. У некаторых раёнах нашай краіны цветам называюць кветкі.

Краска ў беларусаў — палявая кветка. Калі ж маецца на ўвазе афарбоўка нечага, то ў нашай мове для гэтага паняцця ёсць слова колер. Напрыклад, лісты зялёнага колеру. А вось рэчыва, што надае колер, па-беларуску называецца фарбай.

Будзьце ўважлівыя да слова і карыстайцеся моўным багаццем адпаведна з сітуацыяй.

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter