Персональная энциклопедия «Уладзімір Караткевіч» содержит более тысячи статей

Класіку прысвячаецца

Выхад персанальнай энцы­клапедыі «Уладзімір Караткевіч» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» анансавала яшчэ восенню мінулага года. Аўтары праекта сцвярджалі, што выданне павінна стаць сапраўдным адкрыццём для тых, хто цікавіцца творчасцю класіка. Справа ў тым, што сёння ў краіне ёсць  8-томны збор твораў Караткевіча, у працэсе выдання знаходзіцца збор у 25 тамах, выходзяць кнігі ўспамінаў пра пісьменніка, але, на жаль, пакуль не існавала паўнавартаснага энцыклапедычнага выдання аб жыцці і творчасці гэтай выбітнай асобы. Цяпер гэта ніша запоўнена — персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч» нарэшце выйшла з друку.


Пад вокладкай даведніка змешчана больш за 1000 артыкулаў. Яны прысвечаны блізкім і родным пісьменніка, людзям, якія мелі стасункі з Уладзімірам Сямёнавічам, даследавалі і даследуюць яго літаратурную дзейнасць, а таксама тым, для каго постаць і творчасць класіка сталі сапраўднай крыніцай натхнення. У энцыклапедыі змешчаны літаратуразнаўчыя артыкулы па раманах і аповесцях, найбольш значных нарысах Караткевіча, разглядаюцца мастацкія сродкі, якія выкарыстоўваў пісьменнік, распавядаецца пра месцы, дзе ён бываў, сустракаўся са сваімі сябрамі, натхняўся на новыя творы, паведамляе bel-en.by. Акрамя таго, у даведніку шмат ілюстрацый. Гэта фотаздымкі з дзяржаўных і сямейных архіваў, рэпрадукцыі жывапісных і графічных работ, прысвечаных асобе класіка і звязаных з мясцінамі, дзе ён бываў.

У падрыхтоўцы энцыклапедыі прынялі ўдзел навукоўцы вядучых ВНУ краіны, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, журналісты-краязнаўцы Уладзімір Барысенка, Сяргей Галоўка і многія іншыя. Аўтары праекта спадзяюцца, што выданне стане першым крокам да стварэння шматтомнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч». А таксама мяркуюць, што некаторыя артыкулы даведніка могуць стаць паўнавартаснай тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, студэнты змогуць выкарыстаць іх для напісання курсавых работ, настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў.


Вялікая прэзентацыя энцыклапедыі запланавана на XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе сёлета 18—21 лютага.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter