Як выхаваць байцоўскага сабаку, і колькі можно зарабіць на нелегальных баях

Хлопцы з мёртвай хваткай

Вакол сабачых баёў шмат гадоў вядуцца спрэчкі. Зоаабаронцы падкрэсліваюць неверагодную жорсткасць гэтых спаборніцтваў. Прыхільнікі лічаць, што байцовыя пароды сабак павінны біцца, інакш яны становяцца небяспечнымі для людзей. І калі першыя звяртаюцца ў міліцыю са скаргамі на жорсткае абыходжанне з жывёламі, другія вымушаны сыходзіць у падполле. Колькі зарабляюць некаторыя ўладальнікі байцовых парод сабак на нелегальных стаўках, даведалася карэспандэнт «Р». 


Упершыню аб сабачых баях мы пачулі ў канцы 1980-х гадоў. Тады сабак розных парод пачалі нацкоўваць адзін на аднаго, пры гэтым робячы стаўкі на пераможцу. У Мінску такія відовішчы можна было назіраць на ўскраінах, напрыклад у Сеніцы. Зоаабаронцы і проста неабыякавыя грамадзяне забілі трывогу — захапленне крывавымі баямі пайшло на спад. Тым не менш і сёння некаторыя гаспадары кідаюць сваіх гадаванцаў на разарванне за грошы. Праштудзіраваўшы форумы і групы ўладальнікаў ваўкадаваў у сацсетках, даведалася расцэнкі. Аказваецца, за ноч пітмен (так называюць уладальнікаў сабак байцовых парод. — Аўт.) можа зарабіць некалькі тысяч долараў. У пагоні за высокімі стаўкамі нашы пітмены вязуць сваіх байцоў у Расію. Між іншым, у Маскве ў свой час таксама актыўна змагаліся з сабачымі баямі. Яшчэ мэр Юрый Лужкоў падпiсаў адпаведны дэкрэт, які забараняў выдачу памяшканняў пад такія відовішчы ў горадзе. Прычым самі сутычкі не былі забароненыя, бо юрыдычна сабака лічыўся ўласнасцю гаспадара, а сваёй маёмасцю ўласнік мог распараджацца як захоча. Для арганізатараў баёў дэкрэт не стаў перашкодай: яны проста ад’язджалі ў Падмаскоўе, дзе гэты дакумент не дзейнічаў.

Некаторыя ўладальнікі сабак байцовых парод выступаюць супраць забароны сабачых баёў. Аргументуюць тым, што ў крывавых сутычках удзельнічаюць пароды, выведзеныя менавіта з гэтай мэтай. Таму баі для іх — гэта спосаб выпусціць агрэсію. Інакш такія сабакі могуць стаць небяспечнымі для чалавека. Эксперт міжнароднай катэгорыі Міжнароднай кіналагічнай федэрацыі FCI Канстанцін Гапанькоў з такой пазіцыяй не згодны. Ён мяркуе: і амерыканскія пітбультэр’еры могуць быць мілымі хатнімі гадаванцамі, усё залежыць ад гаспадара. Канстанцін з’яўляецца заўзятым праціўнікам такіх відовішчаў. Яму давялося некалькі разоў назіраць сабачыя баі. Правілы іх правядзення ва ўсім свеце аднолькавыя і вызначаюцца Міжнароднай арганізацыяй пітменаў.

— Бой праводзіцца на спецыяльнай агароджанай пляцоўцы — піце. Акрамя сабак, на піце прысутнічаюць рэферы і хэндлер (той, хто выпускае сабаку. — Аўт.). У нас ролю апошніх нярэдка выконваюць гаспадары, — пералічвае асноўныя ўмовы Канстанцін Гапанькоў. — Перад боем сабак абавязкова мыюць. Прычым робіць гэта гаспадар сабакі-праціўніка. Мые для ўпэўненасці, што скура праціўніка не змазана з’едлівым сродкам, каб сабаку менш кусалі. Перад боем байцоў узважваюць. Пол праціўнікаў на рынгу значэння не мае. Працягласць сутычкі звычайна не агаворваецца. Яна вядзецца да поўнай перамогі аднаго з сабак ці пакуль гаспадар аднаго з праціўнікаў не зніме яго з бою.

Да ўдзелу ў сабачых баях па ўсіх правілах дапускаюцца толькі амерыканскія пітбультэр’еры.
фота prolinefilm.ru

Хоць у Сярэдняй Азіі здаўна ладзяць баі паміж сярэднеазіяцкімі аўчаркамі, а ў Японіі — паміж тоса-іну, да ўдзелу ў сабачых баях па ўсіх правілах дапускаюцца толькі амерыканскія пітбультэр’еры. У нас сабачыя баі не такія папулярныя, таму шчанюк па кішэні кожнаму. Цэннік на амерыканскага пітбультэр’ера ў Мінску складае 500 рублёў. Плюс прыйдзецца ўкласціся ў выхаванне. Як выхаваць байцовы дух у сабакі, вырашыла даведацца ў сацсетках у аднаго з пітменаў. Прыйшлося доўга запэўніваць суразмоўцу, што яго асоба застанецца ананімнай. Нарэшце Аляксандр пагадзіўся: «У байцовых сабак ёсць свае трэнеры. Жывёл кормім па спецыяльнай дыеце. Звычайна раніцай даём яйкі і малако, днём і ўвечары — ялавічыну. Сабакі, якія ўдзельнічаюць у баях, павінны быць укормленымі, бо тлушчавая праслойка абароніць іх ад моцных раненняў. Для памяншэння крывастраты перад сутычкай не даём сабакам ваду...»

Цэннік на амерыканскага пітбультэр’ера ў Мінску складае 500 рублёў
фота aqz_earecom.press

Пад уздзеяннем грамадскай думкі сабачыя баі забаронены ў многіх краінах. У нас гэтыя баі не дазволены, але і забароны самой па сабе на іх няма. Арганізатараў баёў можна прыцягнуць да адказнасці па артыкуле Ад-міністрацыйнага кодэкса «Жорсткае абыходжанне з жывёламі, што выклiкала іх гібель або калецтва». За гэта прадугледжаны сур’ёзны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Аднак штраф для ўладальніка байцовай сабакі 245 рублёў ці нават 735 рублёў нішто ў параўнанні з ганарарамі, якія атрымліваюць гаспадары сабак-пераможцаў на падпольных баях.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter